29 ліпеня на Каркаўскіх Блонях Папа Францішак разам з некалькімі сотнямі тысяч маладых людзей прыняў удзел у Крыжовым шляху.
Для задавальнення маладых удзельнікаў, аўтары вырашылі стварыць сучасны Крыжовы шлях, які праз новы, беспрэцэдэнтны спосаб будзе звяртаць увагу не толькі на апошні шлях мучаніцкай дарогі Езуса, але таксама прадставіць Крыжовы шлях у якасці Шляху міласэрнасці.
Традыцыйная схема 14 стацый была звязана з 14 справамі міласэрнасцідля душы і для цела. Такім чынам, кожная стацыя ўзгадвае некаторыя з праблем, з якімі сустракаеецца сучасны малады чалавек: павага да жыцця, беднасць, голад, смерць, свабода ад граху, мужнасць веры, адзінота. Дзякуючы канкрэтнай супольнасці Касцёла было паказана, што Каталіцкі Касцёл нясе міласэрнасць і дапамогу ў гэтых трагічных сітуацыях.
Аўтарам разважанняў кожнай стацыі з’яўляецца біскуп Гжэгаж Рысь, дапаможны біскуп Кракаўскай архідыяцэзіі, вядомы касцёльны гісторык, прапаведнік і рэкалекцыяніст, адказны ў польскім епіскапаце за справы новай евангелізацыі.
Кожная стацыя з’яўляецца сустрэчай з іншай формай мастацтва, з указаннем назвы і зместу стацыі. Для гэтай мэты стваральнікі выкарыстоўвалі сучасныя, часам смелыя (авангард) і сімвалічныя формы мастацтва; пачынаючы ад сучаснага танца, жывапісу на пяску, паветранай акрабатыкі, камп’ютэрнай анімацыі і вулічнага мастацтва. Такія формы мастацтва эфектна і лёгка ўспрымаюцца маладымі людзьмі ва ўсім свеце.
Дадатковай асаблівасцю Крыжовай дарогі былі жывыя дрэвы – дубы, вышынёй некалькі метраў. Побач з імі ўстаноўленыя шыльды з назвай стацыі і адпаведны з ёй учынак міласэрнасці.
Гэтыя 14 дрэў з табліцамі пасля СДМ будуць перавезены і пасаджаны на тэрыторыіі Санктуарыя св. Яна Паўла II «Не бойцеся» ў Лагеўніках. Гэта будзе жывы і ўвесь час падрастаючы Крыжовы шлях, помнік Сусветных дзён моладзі 2016 года, якім кожны пілігрым будучыні будзе мець магчымасць прайсці і паразважаць над таямніцамі Мукі і Міласэрнасці Езуса.
“Крыжовы шлях – гэта адзіная дарога, якая перамагае грэх, зло і смерць, вядзе да прамянеючага святла ўваскрасення Хрыста, адкрываючы гарызонты новага і поўнага жыцця. Гэта дарога надзеі і будучыні. Хто яе выбірае cа шчырым сэрцам і верай, дае чалавецтву надзею і будучыню. (…) Таму я пытаюся сёння ў вас: якімі хочаце вярнуцца ў вашыя дамы, месцы пражывання тут у Кракаве? Як хочаце вярнуцца, каб спаткацца з самім сабой? Кожнаму з вас сёння неабходна адказаць на гэтае пытанне”, — звярнуўся да ўдзельнікаў СДМ Папа Францішак.
Пасля прамовы Святы Айцец удзяліў бласлаўленне і пакінуў Кракаўскія Блоні.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Глядзі таксама:
Папа Францішак узначаліў начное чуванне і св. Імшу на заканчэнне СДМ на Полі міласэрнасці ў Кракаве
Удзельнікі СДМ задаюць пытанні біскупам
Моладзь прывітала Святога Айца (+відэа)
“Дакрануцца да Божай міласэрнасці”: біскуп Алег Буткевіч правёў катэхезу для моладзі ў Кракаве
Катэхеза і танец ад біскупа Юзафа Станеўскага ў Кракаве (+відэа)
Дні ў дыяцэзіях скончыліся. Кракаў сустракае пілігрымаў
Беларусы прымаюць актыўны ўдзел у дыяцэзіяльных днях моладзі ў Польшчы
«Моладзь для Хрыста» прыбыла ў Міхалавіцы на дыяцэзіяльныя дні моладзі напярэдадні СДМ
