“Апошні тыдзень Езуса”: моладзевае велікапоснае чуванне прайшло ў Мінску

Фота з Instagram @moladz_katedra

Начныя чуванні моладзі ў архiкатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі сталі ўжо добрай шматгадовай традыцыяй. Звычайна, іх арганізоўваюць два разы на год: падчас Адвэнту і Вялікага посту.

Вось і ўвечары 16 сакавіка 2024 года маладыя хлопцы і дзяўчаты сабраліся на начное чуванне ў катэдры. Іх чакала насычаная малітоўная праграма, прысвечаная разважанням над падзеямі апошніх дзён зямнога жыцця Езуса Хрыста: ад Вербнай нядзелі да Змёртвыхпаўстання.

У гэтым годзе разам з ксяндзом Андрэем Бураком, адказным за душпастырства моладзі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, да арганізацыі далучыліся маладыя людзі з парафіі Святога Роха, што на Залатой горцы, а таксама моладзь катэдры.

Фота з Instagram @moladz_katedra

Сваімі ўражаннямі з намі падзяліліся ўдзельнікі чування:

Анастасія Харошка, парафія Нараджэння Маці Божай, Гомель, 23 гады.

У чуванні ўдзельнічаю пяты раз. Яны заўсёды вартыя таго, каб прысвяціць час. У гэтым годзе чакала, як і заўсёды, што змагу вырвацца з руціны для асабістай сустрэчы з Богам, з цудоўнымі людзьмі. Чакала, што мяне крануць прыгожыя спевы, асаблівая атмасфера і прамова ксяндза. Так і адбылося, ехала дадому стомленая, але з усмешкай на твары.

Даволі ярка мне запомніўся Крыжовы шлях і канферэнцыя. Спадабаўся сімвалізм, з якім паказалі шляхі Пятра і Юды. Два шляхі, якія спачатку былі цесна пераплецены, а потым разышліся і прывялі да абсалютна розных фіналаў.

Удзел у чуванні — вельмі добрая магчымасць прысвяціць час Богу, спыніцца, паразважаць над тым, што Ён хоча сказаць, шанец быць разам і выразна зразумець, што знаходзішся ў супольнасці Касцёла, якая жыве і квітнее.

Мікіта Бранавец, архікатэдра, Мінск, 19 год.

Чуванне моладзі — добрая нагода пабыць разам з сябрамі перад абліччам Госпада. Заўсёды нейкая новая тэма, на якую можна вельмі доўга не звяртаць увагі да моманту чування. Таму такія мерапрыемствы гэта добрая падзея ў годзе.

Калі збіраўся на чуванне, цікава было, што новага могуць расказаць пра Вялікі тыдзень.

Любімым момантам быў і будзе адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. На ёй заўсёды можна засяродзіцца на ўнутраных перажываннях.

Марыя Грыцкевіч, парафія Святой Тройцы, Глыбокае, 19 год.

Вырашыла прыйсці на чуванне, таму што падабаецца такі фармат, падабаецца, што можна сустрэць шмат сяброў з розных парафій. Хацела добра правесці час, пачуць нешта важнае для сябе.

Удзел у чуванні для мяне быў крыху незвычайным. Я спявала разам з моладдзю катэдры падчас Імшы і паміж пунктамі праграмы. Нас запрасілі паспяваць і мы пагадзіліся. Цікава было збірацца разам на рэпетыцыі, абмяркоўваць спевы, прыдумваць розныя распеўкі і другія галасы.

Вельмі спадабаўся Крыжовы шлях, дзе мы пачулі параўнанні крыжовага шляху Езуса з пакутамі Карла Акуціса. А яшчэ ўсе змаглі прыбіць нейкі свой грэх да крыжа.

Трэба арганізоўваць такія чуванні, каб даць магчымасць моладзі правесці час разам з Богам, а таксама са сваімі сябрамі, знайсці новыя знаёмствы. Яны дазваляюць больш адчуць і пазнаць глыбіню і важнасць момантаў да якіх мы рыхтуемся.

Вераніка Бекус, парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, 17 год.

Жыву ў іншай краіне, таму беларускія чуванні для мяне — частка чагосьці роднага і вельмі блізкага сэрцу. Чакала супакою і глыбокага паядання з Богам, сустрэчы з сябрамі — усё гэта атрымалася.

Вельмі крануў сэрца момант у Крыжовым шляху, калі мы прыбівалі свае грахі да Крыжа Пана Езуса. Прыйшла свядомасць, як глыбока і балюча мы ранім Езуса кожным сваім грахом.

Таксама запомнілася Адарацыя, але для мяне гэта класіка: Езус у Найсвяцейшым Сакраманце, пяшчотныя спевы заўсёды датыкаліся майго сэрца, гэта было супер.

Такія чуванні патрэбны для маёй душы, бо ў іх я заўсёды адчуваю, што выконваю словы Евангелля: «Дык чувайце ўвесь час і маліцеся». (Лк 21, 36).

Стафанiя Сталбунова, парафiя Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы, Мінск, 20 год.

Гэта маё першае чуванне. Я хацела ўзнавіць сувязь з Богам, пераадолець крызісы веры і здабыць паўнату быцця.

Арганізацыя чування і ўдзел у ім неверагодна важныя, паколькі дапамагаюць умацаваць і падтрымаць кожнага веруючага ў яго імкненні быць блізкім да Бога. А таксама здабыць сапраўдны шлях кожнаму, хто шукае яго, але пакуль не знайшоў.

Удзел у чуванні напаўняў мяне пачуццём яднання з Хрыстом з самага пачатку і кожнае імгненне, паступова нарастаючы з кожнай малітвай і кожным словам, звернутым да Бога. Гэтае пачуццё не пакінула мяне і да цяперашняга часу напаўняе маю душу.

Мацвей Страх, парафія Святога Казіміра, Маладзечна, 17 год.

Моладзевыя чуванні даюць магчымасць больш наблізіцца да Езуса, паглыбіць сваю веру, а таксама пазнаёміцца з новымі людзьмі, сустрэцца з сябрамі.

Мы прыехалі з Маладзечна разам з францішканскай моладдзю. Я хацеў сканцэнтравацца на сабе, і адысці ад руціны штодзённасці. Хачу сказаць, я атрымаў тое, чаго чакаў.

Падчас Адарацыі я адчуў большую еднасць з Хрыстом. Спевы, малітва кранаюць усё ўнутры. Прыгажосць адарыцыі дае адчуць усю сутнасць адзінства. Таму запрашаю прыняць удзел у начных чуваннях, каб больш пранікнуцца ўглыб гэтых слоў.

Таксама вельмі запомнілася канферэныя, якую для нас прамовіў айцец Вадзім Мізер МІС.

Анастасія Кардаш, парафія Яна Евангеліста і Максімільяна Кольбэ, Мінск, 18 год.

Мне вельмі падабаецца фармат чування менавіта ўначы. Тэма была “Вялікі тыдзень”. Гэта тое, пра што мне хацелася даведацца яшчэ больш падрабязна.

Мы разам з моладдзю са сваёй супольнасці ДМХ рыхтавалі Крыжовы шлях. І ён сапраўды змог дакрануцца ў самае сэрца, а таксама момант прыбівання цвікоў, як аддаванне Хрысту сваіх грахоў.

Супольная малітва — гэта знак таго, што мы шукаем Хрыста яшчэ мацней у нашай штодзённасці.

Караліна Лаўрык, парафія Святога Роха, Мінск, 19 год.

У гэтым годзе маладыя людзі з катэдры і Залатой горкі вырашылі арганізоўваць чуванне разам.

Паколькі належу да залатогорскай моладзі, вырашыла далучыцца да каманды арганізатараў. Мы адказвалі за тэму, ідэю і арганізацыю ўвогуле. Каманда невялікая, але было шмат маладых людзей, якія былі гатовыя дапамагаць. Магу сказаць, што нейкага прызначанага лідара не было, але з намі заўсёды быў ксёндз Андрэй Бурак, які мог падкарэктаваць і, вядома, узгадніць усе нашыя прапановы.

Тэму чування мы выбралі дзякуючы засяроджанасці над тэкстамі Евангелля, якія чытаюцца ў галоўныя дні Вялікага посту. Ідэя была — даць магчымасць удзельнікам больш свядома перажыць іх сёлета.

Думаю, што ўсё атрымалася, таму што ў гэтым годзе ўпершыню ўсіх удзельнікаў чування падзялялі на каманды. Кожная каманда адказвала за сваю частку, за “свой дзень”. Такім чынам, яны былі прамымі ўдзельнікамі, якія ахвотна і ахвярна выконвалі свае дзеянні.

Размаўляла Вікторыя Філіпенка

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі