“Але найбольшая з іх – любоў”. Сям’я Кісель: хвароба, вера і каханне

Для многіх з нас крыж атаясамліваецца з цярпеннем, болем, выпрабаваннямі, цяжкасцямі. Аднак крыж гэта не толькі пра цярпенне, але яшчэ і пра любоў, ахвярную і чыстую. Езус, паміраючы на крыжы, не толькі цярпеў невымерны боль, але яшчэ і адчуваў бясконцую любоў да чалавека. У жыцці кожнай асобы ёсць пэўны крыж: хваробы, непрыняцця, адкінутасці, беднасці, чакання. Гэты пералік можна працягваць бясконца. Хтосьці з пакорай і верай нясе свой крыж, кагосьці ён прыціскае да зямлі. Аднак, адорваючы чалавека крыжам, Бог не жадае зламаць або выпрабаваць сваё стварэнне. Нябесны Айцец хоча чамусьці навучыць, бо цярпенне – гэта таксама дар ад Бога, а ў пэўных момантах і выратаванне.

Дзяніс і Дзіяна Кісель – звычайная пара закаханых. Падаецца, яны не адрозніваюцца ад дзясяткаў іншых пар. Аднак у свой час маладой сям’і давялося перажыць складанае выпрабаванне, якое іх не зламала, а зрабіла больш моцнымі і згуртаванымі.

…Велікодная ноч. Рэанімабіль рухаецца ў напрамку Гродна. Дзіяна знаходзіцца ў непрытомнасці. Жыццё маладой жанчыны і яе ненароджанай дачкі пад пагрозай. Ззаду на сваім аўто едзе яе муж Дзяніс. Мужчына перажывае, а ў думках размаўляе са сваёй любай жонкай: “Дзіяначка, ты толькі трымайся! Усё будзе добра. Чуеш?” Аднак Дзіяна не чуе.

Ажаніўшыся, Дзяніс і Дзіяна вельмі чакалі патомства. Прыемная навіна не прымусіла доўга чакаць: у хуткім часе Дзіяна зацяжарыла. Праз некаторы час у жанчыны пачала падымацца тэмпература. Антыбіётыкі не дапамагалі, аднак даследаванні ніякіх адхіленняў не паказвалі. На дваццатым тыдні жанчыне выдалілі апендыкс, але стан яе здароўя ўсё роўна пагаршаўся. Як выявілася пазней, прычынай гэтага стала заціснутая плодам двайная нырка Дзіяны.

Прыехаўшы ў шпіталь, мужчына чакаў нейкай інфармацыі. Яго трэсла ад адной думкі, што яго любая зараз у рэанімацыі і ёсць рэальная пагроза яе жыццю. Да жонкі мужчыну не пусцілі, аднак ён увесь час дзяжурыў ля вокнаў палаты. Страх за жыццё каханай сціскаў яго сэрца. А ў глыбіні душы Дзяніс абвінавачваў сябе, што не дагледзеў жонку, чагосьці не заўважыў.

Мужчына вярнуўся ў родны Астравец, каб сабраць рэчы. Калі ён толькі пераступіў парог дома, застаўся сам-насам са сваімі перажываннямі, яго сэрца ахапілі невымерныя боль і туга. Ён сабраў усе абразы, якія былі ў доме, упаў на калені і голасна маліўся. А раніцай пайшоў у свой парафіяльны касцёл, дзе зусім нядаўна шчаслівыя і закаханыя Дзяніс і Дзіяна бралі шлюб.

Мужчына пракручваў у галаве шлюбную клятву: “Прысягаю табе любоў, вернасць і сужэнскую павагу, і тое, што не пакіну цябе аж да смерці”.

Гэтыя словы цяпер успрымаліся вельмі блізка і шчымліва. Пасля Імшы малады чалавек пайшоў да пробашча, расказаў сваю гісторыю і папрасіў аб малітве. Душпастыр выслухаў аповед, знайшоў патрэбныя словы, каб падтрымаць. А пасля пачалася няспынная малітва за Дзіяну і яе дзіця. Да малітвы далучыліся родныя, блізкія, сябры, знаёмыя і незнаёмыя людзі, якіх узрушыла гісторыя сям’і. Бацькі нястомна запісвалі Імшы за жанчыну, ахвяроўвалі шматлікія малітвы.

Дзяніс вярнуўся ў Гродна. Ён вырашыў, што не пакіне жонку адну. А ў Астравец сям’я вернецца толькі разам. Праз шкло мужчына назіраў за сваёй каханай. Маленькая і безабаронная, падключаная да шматлікіх прыбораў і апаратаў… У гэты час мужчына адчуў, як моцна ён любіць сваю жонку і як баіцца яе страціць. Дзяніс пакідаў каханую толькі вечарам, каб пайсці памаліцца ў фарны касцёл. Тут, ля алтара, вылівалася ўсё: боль, туга, роспач.

Прыйшоўшы чарговым вечарам у касцёл, Дзяніс вырашыў пагутарыць са святаром. Ксёндз аказаўся земляком сужэнцаў, яго вельмі ўзрушыла гісторыя маладой сям’і. Ён абяцаў нястомна маліцца за здароўе жанчыны і ненароджанага дзіцяці. У касцельнай краме мужчына купіў невялікі абразок, які пасля медыцынскія сёстры прыладзілі каля ложка хворай.

Нястомная малітва родных і блізкіх, іх вера і нязломная надзея зрабілі сапраўдны цуд: з’явіліся першыя прыкметы паляпшэння. Жыццё Дзіяны ўсё яшчэ залежала ад апаратаў, бо яна дыхала і харчавалася з дапамогай спецыяльных трубак. Але жанчына пачала маленькімі крокамі ісці да выздараўлення.

– З цягам часу да мяне пачалі пускаць родных, але я жыла ў сваёй рэальнасці. Мне падавалася, што муж і бацькі прыходзяць да мяне праз дзірку ў сцяне. Такі эфект аказвалі моцныя лекі. Яны ж пазбаўлялі мяне болю. Я з нецярпеннем чакала сустрэчы з мужам, стукала лыжкай па тумбе, што знаходзілася ля майго ложка, каб выклікаць медыцынскую сястру і даведацца, ці хутка прыйдзе Дзяніс. Калі я пайшла на папраўку, муж прымушаў есці, сядзець, рабіць некалькі крокаў па палаце. Дзяніс – гэта той мужчына, якога мне паслаў Бог. Ён не пакідаў мяне ні на хвіліну, не даваў упасці духам, зламацца, расчаравацца, –  адзначае Дзіяна Кісель.

Нарэшце Дзіяну перавялі ў звычайную палату. Падавалася, што хутка ўсё скончыцца, маладая сям’я вернецца дамоў. Аднак раптоўна ў жанчыны перасталі працаваць ныркі, патрэбная была чарговая аперацыя. Дзянісу цяжка было стрымаць свае перажыванні. Пры жонцы ён не дазваляў сабе ўпадаць у роспач, паказваць сваю прыгнечанасць. Але гэта навіна выбіла мужчыну з каляіны. Колькі яшчэ? Чаму яна? Гэтыя пытанні малады чалавек перакручваў у галаве, але не знаходзіў адказу. Па твары ліліся слёзы бездапаможнасці і бяссілля. Але мужчына не траціў надзеі, ён працягваў усміхацца і жартаваць з Дзіянай, падбадзёрваць і падтрымліваць яе.

Аднойчы Дзіяна спытала ў мужа: “Чаму Бог не дапамагае мне?” На гэтае пытанне мужчына даў вельмі мудры адказ: “Дзіяначка, Ён побач. Ён нясе цябе на руках.

Усе выпрабаванні нам дадзеныя для нечага. Разам мы ўсё пераадолеем”.

Аперацыя прайшла паспяхова. У хуткім часе Дзіяну перавялі ў звычайную палату. Дзяніс меў магчымасць знаходзіцца побач з жонкай 24 гадзіны ў суткі. Калі ўрачы дазволілі Дзіяне выходзіць на двор, Дзяніс забіраў яе, вазіў у кавярні і крамы. Разам яны выбіралі адзенне і цацкі для дачушкі, будавалі планы на шчаслівую будучыню. Дзяніс стаў для Дзіяны самым эфектыўным лекам. Гэта адзначылі нават урачы. Калі Дзіяна хварэла, Дзяніс паабяцаў сабе кінуць курыць, а замест цыгарэт купляць кветкі для сваёй любай. Свой абет мужчына стрымаў.

“Ты моцная. У 90% выпадкаў людзі з такімі захворваннямі паміраюць,” – адзначыў урач, калі выпісваў Дзіяну. Жанчына толькі ўсміхнулася доктару. Яна ведала, што за яе перамогай стаіць шмат людзей, іх шчырыя малітвы і просьбы. Менавіта блізкія вымалілі здароўе для Дзіяны, яны нястомна перажывалі, падтрымлівалі яе і не давалі зламацца і апусціць рукі.

За час хваробы Дзіяне давялося прайсці безліч працэдур, яна прымала моцныя лекі, таму жанчына вельмі перажывала за сваю дачушку, яе здароўе і развіццё. Сумныя думкі заганялі яе ў дэпрэсію. З такім станам не дапамагалі справіцца ні псіхолагі, ні таблеткі. Тады жанчына пайшла да пробашча парафіі Узвышэння Святога Крыжа ксяндза Андрэя. Са слязамі на вачах яна расказала яму пра свае перажыванні і страхі. Ксёндз супакоіў яе, а яго мудрыя словы суцешылі і падарылі надзею на лепшае і ўпэўненасць у тым, што Бог не пакіне. Ён будзе побач. Так яно і адбылося. Дачушка Евачка нарадзілася васьмімесячнай. Аднак, як і мама, вельмі моцнай. Дзяўчынка пачала дыхаць сама, а любоў і апека бацькоў спрыялі яе хуткаму развіццю.

З таго часу прайшло доўгіх дзевяць гадоў. Ева стала школьніцай – дарослай і самастойнай дзяўчынкай. Яна вельмі падобная да таты, дачушка падабрала ўсе яго рысачкі. Няўрымслівая і ўсмешлівая, яна цікавіцца ўсім на свеце. Кожную нядзелю разам з бацькамі Ева ходзіць у касцёл, моліцца і спявае. Бацькі цешацца, гледзячы на сваю дачушку, а час ад часу прыгадваюць той крыж, які ім давялося ўзяць на свае плечы дзевяць гадоў таму. Муж і жонка разумеюць, што тое выпрабаванне загартавала іх, зрабіла больш моцнымі, навучыла па-сапраўднаму любіць і давяраць Усемагутнаму Айцу, яшчэ мацней распаліла любоў у сэрцах маладых людзей. Разам яны часта звяртаюцца да гімна любові святога апостала Паўла і разумеюць, што любоў ніколі не мінае…

Марта Венславовіч, тэкст
Фота з архіва сям’і Кісель

для друку для друку