Айцы Касцёла. Юстын – філосаф, апалагет, мучанік

Апалагеты – хто гэта?

Цяжкасці па лініі “Дзяржава – Касцёл”, якія хрысціянства перажывала ў першых стагоддзях свайго існавання, Айцы Касцёла вырашалі шляхам мірнага дыялогу. З аднаго боку, хрысціяне былі гатовыя прыняць мучаніцкую смерць нават тады, калі Рымская імперыя іх адкідвала і асуджала на смерць. З іншага ж, пераслед, які яны спазнавалі, не выклікаў у іх закрытасці ці гнеўнай абражанасці на існуючую рэчаіснасць. Яны не спрабавалі весці барацьбу з імперыяй, якая тады змагалася супраць іх, але вялі дыялог з яе прадстаўнікамі. Гэта з’ява цікавая, для многіх з нас невытлумачальная, але гэта – факт. Таму першыя стагоддзі існавання Касцёла характарызуюцца прысутнасцю багатай апалагетычнай літаратуры, г.зн. такой, у якой вызнаўцы Хрыста спрабавалі абараніць сваю рэлігію ад замаху з супрацьлеглага варожага боку – язычнікаў. У гэтых творах аўтары стараліся даць вычарпальны адказ на боязі і асцярогі, якія ўзнікалі ў рымскім грамадстве ў выніку з’яўлення на тэрыторыі Рымскай імперыі новай рэлігіі – хрысціянства.

“Справядлівы” апалагет

Адным з найбольш вядомых апалагетаў, які не толькі пакінуў пасля сябе літаратурныя творы, але таксама вёў актыўную настаўніцкую дзейнасць, быў Юстын.

Імя “Юстын” лацінскага паходжання, выводзіцца ад іншага лацінскага імені “Юст” (Iustus), што азначае “справядлівы, праведны”. Так у раннім хрысціянстве называлі чалавека, які жыў паводле Божага Закону. У Новым Запавеце “справядлівым” выразна названы апякун Езуса св. Юзаф, каторыі не жадаў, каб цяжарная Марыя была зняслаўленая (пар. Мц 1, 19). Юстына можна назваць справядлівым не толькі праз яго імя, але і таму, што на шляху пошуку праўды ён быў паслядоўны, а дасягнуўшы яе, застаўся ёй верны аж да канца.

Пошукі праўды

Юстын нарадзіўся каля 100 г. у Палесціне, у рымскім паселішчы, якое было арганізавана на месцы старажытнага горада Сіхем, знішчанага пасля няўдалага антырымскага паўстання ў 60-70 гг. І ст. Ён паходзіў з адукаванай рымскай сям’і. Спачатку Юстын вучыўся ў сваім паселішчы, а потым адправіўся вывучаць філасофію ў Александрыю. Там увесь час існаваў і развіваўся цэлы шэраг розных філасофскіх школ: стоікі, кінікі, неаплатонскія, гнастычныя і іншыя філасофскія плыні вялі паміж сабой барацьбу за розумы людзей.

У сваім творы “Дыялог з габрэем Трыфанам” Юстын сведчыць, што ў пошуку праўды ён пераходзіў з адной філасофскай школы ў іншую, быў слухачом многіх вядомых у той час філосафаў. Аднак дасціпны юнак нідзе не знайшоў задавальнення сваёй прыроджанай цікаўнасці і жадання дасягнуць праўды. Бо прадстаўнік стаіцызму расчараваў яго маўчаннем аб прыродзе Бога. Перыпатэтык – настойлівым патрабаваннем неадкладнай аплаты за навучанне, паслядоўнік Піфагора – пастаўленай умовай вывучэння музыкі, астраноміі і геаметрыі, а прыхільнік Платона толькі часткова захапіў яго сваім навучаннем.

І ў рэшце рэшт Юстын распавядае, як сустрэў аднаго простага чалавека сталага ўзросту на беразе мора непадалёк ад Александрыі. Ён і пазнаёміў яго з “сапраўднай філасофіяй”. Яна, паводле гэтага невядомага старца, выйшла з Палесціны і паволі здабывае розумы і сэрцы людзей па ўсім свеце. Гэта, вядома, было хрысціянства. Менавіта тады Юстын пазнаёміўся з хрысціянскім вучэннем, якое сталася для яго жыццёвай мудрасцю, глыбокім разуменнем натуры чалавека і Бога. “У душы ж маёй у гэты момант, – прызнаецца Юстын, – разгарэўся агонь, і мяне ахапіла любоў да гэтых прарокаў і людзей, сяброў Хрыста”. Аднак гэтая “сапраўдная філасофія” патрабавала ад яго навяртання і перамены жыцця. Такім чынам, ён стаў хрысціянінам: прыняў хрост і моцна звязаў сваё жыццё са справай будавання Касцёла. Спачатку Юстын вёў сваю дзейнасць у старажытным Эфесе (паўвостраў Малая Азія), дзе адкрыў сваю ўласную філасофскую школу, у якой пераказваў слухачам здабытыя веды. Потым жа яго неспакойная душа зацягнула яго ў Рым, дзе ён далей працягваў сваю дзейнасць.

Праўда, выказаная ў творчасці

Праўдападобна, падчас свайго знаходжання ў Рыме Юстын напісаў два творы пад той самай назвай – “Апалогія”. Першая з іх адрасавана імператару, а другая – сенату ці сходу старэйшын. Юстын у гэтых творах спрабаваў растлумачыць простую праўду, да якой ніяк не маглі дайсці язычнікі: што хрысціяне – гэта не атэісты, але тыя, хто адкрыў сапраўднага Бога.

Аўтар спрабаваў пераканаць тых, хто трымаў уладу ў Рымскай імперыі, што нельга адкідваць і пераследаваць хрысціян толькі за тое, што яны вызнаюць і жывуць вучэннем Хрыста.

Ён спрабаваў паказаць тую вялікую карысць, якую можа здабыць імперыя, калі дазволіць існаваць і развівацца гэтай сапраўднай рэлігіі.

Адна з найважнейшых рэчаў, якая характарызуе спосаб мыслення і дзеяння Юстына, – гэта перакананне, што тое Божае Слова (па-грэцку – Логас), якое ён для сябе адкрыў у Езусе Хрысце, прысутнае ва ўсім свеце. Кожны чалавек, нават той, які не вызнае хрысціянскую веру, калі толькі захавае ў сабе прагненне праўды і пазнання Логасу, можа наблізіцца да хрысціянства. Адсюль выразная схільнасць Юстына да дыялогу і адкрытасці. Спроба ж зразумення апанентаў сталася асноўнай рысай дзейнасці аўтара “Апалогій”.

Фінал зямнога жыцця, але не вучэння

Юстын, знаходзячыся ў Рыме, моцна пасварыўся з філосафам-кінікам Крэсцэнтам, з якім праводзіў публічную палеміку, г.зн. слоўную барацьбу, “бітву” поглядаў. Філасофію Крэсцэнта наш аўтар смела і выразна называў “несапраўднай”, чым, вядома, моцна яго абразіў. Гэты канфлікт паміж двума філосафамі прывёў да таго, што Юстын быў абвінавачаны гэтым жа Крэсцэнтам перад дзяржаўнай уладай, што ён хрысціянін. Згодна з існуючымі тады законамі, быў праведзены судовы працэс супраць Юстына і іншых яго паплечнікаў, каторыя, як і ён, вызнавалі хрысціянскае вучэнне. Насуперак таму, пра што Юстын прасіў у сваіх “Апалогіях”, ён быў асуджаны на смерць, аднак не праз павешанне ці спальванне на вогнішчы… Будучы рымскім грамадзянінам, Юстын, як і раней Апостал Павел, быў абезгалоўлены. Сталася гэта ў 165 г.

Мы ўшаноўваем Юстына як філосафа, апалагета і хрысціянскага мучаніка. Як і ў выпадку іншых мучанікаў, яго сведчанне і вучэнне перажыло яго самога, не памерла, працягвае жыць. А памяць Касцёла пра яго асобу, жыццё і дзейнасць з’яўляецца сведчаннем пераканання, што свет, нават калі ён нам варожы, не з’яўляецца нашым ворагам. Яго проста трэба пераканаць у каштоўнасці хрысціянства і такім чынам наблізіць да Логасу.

Кс. Павел Эйсмант

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі