Айцы Касцёла. Ян Хрызастом

Пачатак станаўлення Яна як асобы

Ян Хрызастом прыйшоў на свет у Антыёхіі Сірыйскай, якая тады была другой па велічыні метраполіяй у свеце пасля Александрыі Егіпецкай. Гэты горад быў вельмі вядомым не толькі таму, што з’яўляўся адміністрацыйным цэнтрам Рымскай імперыі, але таксама сваімі навучальнымі ўстановамі і рытарычнымі школамі.

Ён нарадзіўся ў заможнай рымскай сям’і. Яго бацька, якога звалі Секунд (імя з лацінскай мовы перакладаецца як “Другі”. У тыя часы дзяцей часта называлі паводле парадку з’яўлення на свет), быў імператарскім афіцэрам, аднак, як часта здараецца ў ваенных людзей, хутка асіраціў сына, загінуўшы ў адным з баёў. Тады ўвесь цяжар выхавання лёг на маці, пабожную Антузу, каторая сваю задачу выканала на “выдатна”. Ян Хрызастом пакінуў у сваіх творах вельмі добрае сведчанне пра яе пабожнасць і клопат пра сына.

Юнацтва Яна прайшло ў родным горадзе. Яму не трэба было нікуды ехаць вучыцца, бо Антыёхія магла прапанаваць ўсё, што было патрэбна юнакам з багатых сем’яў для атрымання грунтоўнай адукацыі. Ян рыхтаваўся ў найлепшых прамоўцаў старажытнага свету. Чаго толькі ў тыя часы каштавала імя вельмі слаўнага прамоўцы Лібанія!? Варта адзначыць, што вялікі майстар рыторыкі бачыў адным са сваіх наступнікаў менавіта Яна. Вядома, што тады нельга было абысціся без філасофскай адукацыі. Маці паспрыяла таксама таму, каб сын вывучаў Святое Пісанне. І тут зноў сярод настаўнікаў Яна мы сустракаем вядомае і гучнае імя – Дыядора, будучага біскупа Тарса.

Што зрабіў з Янам суровы аскетызм?

Ва ўзросце дваццаці гадоў Ян Хрызастом вырашыў прыняць хрост (шырока распаўсюджаная практыка ў тыя часы) і весці хрысціянскае жыццё. І тады ён таксама вырашыў прысвяціць сябе хрысціянскаму аскетызму.

Спачатку ён жыў, як манах, дома, больш аддаючыся малітве і вывучэнню Святога Пісання. Але ўрэшце вырашыў далучыцца да манахаў, што жылі ў гарах каля Антыёхіі, каб пераняць іх спосаб імкнення да хрысціянскай дасканаласці. Сірыйскае манаства было тады вядомым і нават славіцца сёння сваёй строгасцю аскезы. Ян Хрызастом пачаў практыкаваць гэту вельмі суровую і радыкальную форму манаскага жыцця… і літаральна праз чатыры гады так моцна сябе зруйнаваў, што амаль цалкам страціў здароўе. Яму нічога не заставалася, як толькі вярнуцца ў родны горад і лячыцца, змяніўшы лад свайго жыцця.

Слаўны прамоўца

Менавіта тады Ян пачаў больш актыўна займацца душпастырствам. Ён служыў лектарам (чытаў фрагменты Святога Пісання падчас літургічных цэлебрацый) у сваёй дыяцэзіі. Затым ён атрымаў святарскае пасвячэнне і пачаў абвяшчаць свае гаміліі ў мясцовых касцёлах. Хутка яны здабылі шырокае прызнанне і вялікую папулярнасць, бо хіба што нездарма яшчэ рыторык Лібаній лічыў свайго вучня адным з найлепшых прамоўцаў. Аднак псеўданім “Хрызастом”, што азначае “Залатавусты”, Ян прыдбаў сабе пасля адной прамовы, якую ён, будучы святаром, прамовіў у сваім родным горадзе.

У 387 г. у Антыёхіі адбыліся бунты супраць імператара Тэадозія Вялікага. У той час народ знішчыў усе статуі імператара ў горадзе. Вядома, гэты ўчынак люду патрабаваў вызначэння адпаведнага суровага пакарання для жыхароў, што павінен быў зрабіць намеснік імператара. Але тут у гэту гісторыю ўвайшоў Ян Хрызастом. Адной толькі сваёй прамовай ён быў здольны абараніць народ ад праліцця крыві: з аднаго боку, Ян моцна папракнуў жыхароў Антыёхіі за мяцеж і выступленне супраць імператара, а з другога, яму ўдалося ўгаварыць імператара не прымяняць сілу ў адносінах да народа. І менавіта з таго моманту, ад той вядомай прамовы Яна назвалі Хрызастомам, гэта значыць, Златавустам, бо ён мог так прамовіць, што пераконваў нават імператара.

“Дрэнны” душпастыр

Праз дзесяць гадоў ад той вядомай прамовы новы імператар Аркадый прапанаваў Яну заняць пасаду біскупа ў Канстанцінопалі. Ён пагадзіўся і стаў патрыярхам. Аднак тое, як ён арганізаваў душпастырства ў тамтэйшым Касцёле, не атрымала асаблівага прызнання як з боку мясцовага духавенства, так і з боку імператарскага двара. Ян Хрызастом, каторы славіўся не толькі як вялікі прамоўца, але таксама як суровы аскет, рэзка абмежаваў пышнасць біскупскага двара. Ён вельмі крытыкаваў багатых людзей, асабліва імператарскі двор і асабіста імператрыцу Эўдаксію за стыль жыцця, нязгодны з Евангеллем. Патрыярх таксама моцна крытыкаваў духавенства за “раскошы” (у яго разуменні – адсутнасць аскетычнага жыцця), у якіх яно жыве. Вядомы аскетык здолеў нават увайсці ў напружаныя адносіны з манахамі, каторыя жылі у горадзе, таму што, памятаючы вопыт сірыйскага суровага “горнага” манаства, ён не разумеў, як яны могуць жыць з такім камфортам у горадзе.

Гэта ўсё, на жаль, у выніку прывяло да таго, што Ян Хрызастом займеў шмат праціўнікаў пры імператарскім двары, а таксама сярод духавенства і манаства. Калі толькі з’явілася магчымасць, неадкладна быў сабраны сінод супраць Яна. Адбылося гэта ў 403 г. у мястэчку Дуб каля Халкідона, таму гэта падзея вядомая для нас як “Сінод пад Дубам”. Ян быў пазбаўлены пасады і прысуджаны імператарам Аркадыем да выгнання ў правінцыю Бітынію.

Раптоўная смерць і літургічны культ Яна Хрызастома

У Яна Хрызастома было таксама шмат сяброў. Яны звярталіся і да Папы Рымскага, і да імператара, каб выпрасіць вяртанне Яна з выгнання. Аднак імператар застаўся непахісны. І тут Яну дапамагла падзея, якая сталася своеасаблівым “чорным лебедзем” для яго праціўнікаў. Масавыя беспарадкі, што распачаліся ў сталіцы імперыі, а таксама няшчасны выпадак у імператарскім палацы паспрыялі хуткаму вяртанню Яна на ранейшую пасаду.

Здавалася б, цяпер Ян Хрызастом павінен быў паводзіць сябе больш аглядна і дыпламатычна, нікога не крытыкаваць, з усім згаджацца… Нічога падобнага! Калі б ён так зрабіў, ён не быў бы Янам Хрызастомам! Ян не спыніўся ў крытыцы “раскошнага” жыцця ў Касцёле, а да гэтага ў сваіх казаннях пачаў выступаць супраць ідалапаклонскага – ушанавання статуі імператрыцы. За гэта імператар Аркадый другі раз адправіў Яна на выгнанне ажно на Каўказ, а жаўнерам, якія суправаджалі яго, загадаў паступаць з ім строга, не звяртаючы ўвагу на тое, што ён стомлены або хворы. І вось біскуп, каторы быў ужо ў сталым узросце, памёр ад знясілення, не дайшоўшы да месца выгнання, якое, дарэчы, за гэты час паспела змяніцца. Аднак Ян Хрызастом скончыў жыццё не нараканнем ці праклёнамі, але словамі: “За ўсё дзякую Богу!”

Пасля смерці пачаў развівацца культ Яна. Яго сябры вельмі стараліся, каб наступныя сіноды адмянілі рашэнне аб пазбаўленні Яна пасады як несправядлівае. Так і адбылося. У 438 г. ён быў рэабілітаваны, а яго цела ва ўрачыстай працэсіі даставілі ў Канстанцінопаль і пахавалі ў святыні Святых Апосталаў. Імператар Тэадозій II, сын Аркадыя і Эўдаксіі, паклаў галаву на труну Яна і ў малітве прасіў яго аб дараванні бацькам.

Мы бачым, што, хоць пры жыцці Яна Хрызастома яму не ўдалося атрымаць вялікага прызнання ў Касцёле, сёння Касцёл Усходу і Захаду шануе яго як вялікага святога, каторы практыкаваў адрачэнне ад дабротаў гэтага свету і любоў да ворагаў. Ён вядомы таксама як слаўны прамоўца, якога гаміліі, прамовы, трактаты і лісты, выдадзеныя ажно ў васямнаццаці тамах, з’яўляюцца непераўзыдзеным узорам рытарычнай прыгажосці і тэалагічнай глыбіні.

Кс. Павел Эйсмант

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі