Касцёл у Смірне, пра які мы ўжо ведаем дзякуючы Палікарпу, велікамучаніку, каторы аддаў сваё жыццё за Хрыста на пачатку ІІ ст., даў нам яшчэ аднаго вялікага Айца старажытнасці – Ірэнэя Ліёнскага. Ірэнэя называюць Ліёнскім, бо ён быў біскупам Ліёна. А паходзіў сам са Смірны і быў вучнем Палікарпа, вучня Апостала Яна. Такім чынам, мы бачым тут працяг традыцыі Апостальскіх Айцоў.
Нам да канца невядома, чаму гістарычныя звесткі пра гэты самы ранні перыяд гісторыі Касцёла настолькі скупыя. З усходніх гістарычных крыніц мы даведваемся, што Ірэнэй пакінуў Смірну і адправіўся ў Галію (цяперашняя Францыя). Далей мы сустракаем яго ў Ліёне ўжо ў 177 г. як прэзбітара (святара) Касцёла, каторы, паводле заходніх крыніц, нарадзіўся менавіта ў Галіі, у горадзе Ліён, хоць гэта, як вядома, няпраўда.
Ірэнэй знаходзіўся ў спісе прэзбітараў, якія ездзілі ў Рым да Папы Элеўтэрыя, каб перадаць яму Пасланне ад хрысціянскай супольнасці ў Ліёне. І тады Ірэнэю вельмі пашанцавала: гэтая паездка выратавала яго ад пераследу, што пачаўся тады ў Ліёне. У той час аддалі сваё жыццё мясцовы ліёнскі біскуп Патын і многія прэзбітары. Ірэнэй жа, паколькі знаходзіўся па-за горадам, захаваў сабе жыццё. Калі ён вярнуўся ў Ліён, мясцовае духавенства і вернікі абралі яго біскупам свайго горада. Такім чынам, т.зв. “азіяцкая традыцыя”, якая паходзіла ад Апостала Яна, перанеслася на Захад і прысутнічала ў галійскім Касцёле.
Ірэнэй кіраваў Касцёлам у Галіі да 202 ці 203 гг., калі зноў пачаўся пераслед веры. У той час ён прыняў мучаніцкую смерць як пастыр пераследаванай касцельнай супольнасці.
Міратворац
Імя “Ірэнэй” на старажытнагрэцкай мове азначае “мірны, спакойны”. Яно мела сімвалічнае значэнне ў жыцці і дзейнасці гэтага Айца Касцёла. Уся справа ў тым, што Ірэнэй, як раней яго настаўнік Палікарп, быў уцягнуты ў міжкасцельныя спрэчкі пра дату святкавання Вялікадня. Папа Віктар (189-198 гг.) пагражаў адлучэннем ад Касцёла ўсім, хто не прыме рымскага парадку святкавання Вялікадня, г.зн. у першую нядзелю пасля 14 нісана па габрэйскім календары ці таксама ў першую нядзелю пасля першай веснавой поўні месяца, што было адным і тым жа днём, паколькі габрэйскі каляндар абапіраўся на фазы месяца.
Напружанне расло. Сітуацыя абвастралася. Ніхто нават не думаў саступіць Папу і зламаць старадаўні звычай. І тады Ірэнэй сам звярнуўся да Рымскага Пантыфіка з пасланнем міру і супакою, словы якога нам перадае Эўзэбій Цэзарэйскі ў творы “Касцельная гісторыя”. Ліёнскі біскуп прасіў Папу не адлучаць ад адзінства з Рымскім Касцёлам святароў і вернікаў усходніх Касцёлаў, якія святкавалі Пасху 14 нісана, матывуючы гэта тым, што іх продкі праз памылку менавіта так пачалі святкаваць Уваскрасенне Пана, а потым гэта ўвайшло ў традыцыю і было перададзена наступным пакаленням. Аўтар паслання зазначыў, што розніца ў датах святкавання з’яўляецца прыкметай не розніцы, але адзінства ўсіх Касцёлаў. Чаму? Бо, нягледзячы на сам факт адрознення, усе паміж сабою жывуць мірна. Сам жа біскуп лічыць, што трэба святкаваць Вялікдзень у нядзелю. Просьбу Ірэнэя выслухалі, і так, як у часы Палікарпа Смірнскага, было захавана касцельнае адзінства. Вось гэта дыпламат, вось гэта міратворац!
Змагар з гнозісам
Ірэнэй Ліёнскі пакінуў пасля сябе два вельмі важныя творы: пяць кніг “Супраць ерасяў” (лац. Adversus haereses) і твор “Выклад апостальскага навучання”. Яго галоўным пастырскім заданнем, акрамя клопату пра павелічэнне святасці чальцоў супольнасці, была палеміка (моцная і рашучая спрэчка) з гнастычным рухам, які ў той час моцна распаўсюдзіўся. Палеміка з гнозісам у гэты час вялася практычна ва ўсіх хрысціянскіх супольнасцях: у Малой Азіі, Егіпце, Сірыі ці той жа Галіі. Сапраўды, тады, у канцы ІІ ст., гэта была самая вялікая праблема. Хрысціянства вяло самую вялікую дыскусію з людзьмі, якія так ці інакш былі зацікаўленыя ў евангельскім пасланні, але адначасова спрабавалі тлумачыць яго па-іншаму, г.зн., гнастычна. Гнозіс (ад грэч. “пазнанне”) з’яўляецца своеасаблівай рэлігійна-філасофскай з’явай, насуперак усім меркаванням, блізкай да хрысціянства. Блізкай, таму што розныя гнастычныя плыні прапаноўвалі ўваходжанне ў таямніцу пазнання Бога і чалавека. Аднак у канчатковым выніку многія толькі знешнія падабенствы да хрысціянства не ішлі ў пары з яго прававерным вучэннем. Наадварот, гэта было цалкам супярэчлівае навучанне.
Гнозіс абвяшчаў фундаментальны дуалізм у свеце, г.зн. існаванне практычна роўных сілаў Дабра і Зла. Бог ёсць Дабром, а матэрыя і тое, што з ёй сутыкаецца, – гэта Зло. Факт стварэння свету ў гнозісе трактаваўся як няшчасны выпадак, як нейкая памылка, якая ўзнікла па лініі дух – матэрыя. Таму Стваральнік гэтага свету разглядаўся гностыкамі як злы Дэміюрг (“Боскі ганчар”), які дзейнічае альбо з гонару, альбо з іншых злых матываў. Хрысціянства ж прытрымліваецца пазіцыі, што свет, хоць і грэшны, быў створаны як добры. Ірэнэй інтэнсіўна спрачаецца са шматлікімі гнастычнымі ерасямі, адстойваючы праўдзівасць хрысціянскай дактрыны.
“Следчы” у справах апостальскага вучэння
Вялікай праблемай таго часу было тое, што гнастычныя рухі часта спасылаліся на вучэнне Апосталаў. Тады існавалі Евангеллі, падпісаныя імёнамі Апосталаў: Евангелле Тамаша, Евангелле Юды, нейкае тайнае Евангелле Якуба і іншыя. Ірэнэй жа грунтаваў сваю палеміку ў першую чаргу на тым, што мы сёння называем “традыцыяй”, г.зн. на вывучэнні таго, адкуль паходзіць тая ці іншая навука. Фактычна ён з’яўляецца першым тэолагам, які распрацаваў навуковую тэорыю пра тое, што сапраўднае хрысціянскае вучэнне, каторае перадаецца праз біскупаў, калі мы будзем шукаць яго першакрыніцу, у канчатковым выніку прывядзе нас да аднаго з Апосталаў.
Ірэнэй патрабуе ад хрысціян даследаваць, ці з’яўляецца вучэнне, якое яны слухаюць, нейкім чалавечым вынаходніцтвам, г.зн., ці яго прыдумаў нейкі мудрэц або філосаф, ці гэта пераказ таго, што атрымалі Апосталы. Паводле яго, сапраўдная традыцыя, г.зн. прававернае евангельскае вучэнне, з’яўляецца перадусім публічнай. Няма ніякага таемнага вучэння толькі для пасвячоных, няма таксама нейкіх простых банальных ведаў для невуцкага зброду і больш глыбокага спазнання рэчаіснасці для адукаваных, разумных і мудрых людзей. Усё хрысціянскае вучэнне прапаведуецца публічна і для ўсіх. Акрамя таго, сапраўдная традыцыя ў канчатковым выніку ёсць справай Духа Святога. Сам Дух Святы абараняе яе, каб евангельскае пасланне, якое вандруе з месца ў месца разам з тымі, у чыім розуме і сэрцы яно захоўваецца, было нязменным і праўдзівым. Ірэнэй падае спіс біскупаў Рымскага Касцёла, каб пазначыць, каго вернікі маюць слухаць, хто з’яўляецца тым сапраўдным захавальнікам гэтай традыцыі, перададзенай Апосталамі і даручанай Касцёлу.
Вучэнне Ірэнэя Ліёнскага застаецца па-ранейшаму актуальным, заўсёды жывым. Бо і сёння існуюць спробы тлумачэння Святога Пісання, якія хоць і нараджаюцца пад уплывам хрысціянскага навучання, аднак не вырастаюць з апостальскага вучэння. Таму на працягу стагоддзяў аж да сённяшняга дня актуальная парада Ірэнэя: трэба вывучаць традыцыі, г.зн. даследаваць, адкуль бярэцца тое ці іншае вучэнне…
Ну і не забыцца паверыць толькі вучэнню Хрыста, перададзенаму нам Апосталамі і захаванаму іх вернымі паслядоўнікамі.
Ксёндз Павел Эйсмант
