Айцы Касцёла. Грыгорый Назіянскі

Святы сярод святых родных і сваякоў

Грыгорый Назіянскі – суайчыннік Базыля Вялікага. Гэтак жа, як ён, паходзіў з Кападокіі, гэта значыць, з сённяшняй Цэнтральнай Турцыі, з заможнай і вельмі пабожнай хрысціянскай сям’і. Так як і ў выпадку Базыля, з сям’і Грыгорыя паходзілі святыя. Яго маці, Нону, пры жыцці ўсе прызнавалі святой. Яна рашуча паўплывала і на выхаванне сына і навяртанне мужа, каторы потым нават стаў біскупам. Грыгорый быў першынцам, доўгачаканым, ахвяраваным Богу дзіцём яшчэ перад нараджэннем. Яго родныя – сястра Гаргонія, брат Цэзарый, а таксама стрыечны брат біскуп Амфілок – ушаноўваюцца ў Касцёле як святыя.

Навучанне будучага тэолага

Раннія гады Грыгорый правёў у родным горадзе, дзе з самага пачатку старанна вучыўся ў школе. Затым паступіў на вучобу ў Цэзарэю Палесцінскую, дзе пазнаёміўся з Базылём, будучым біскупам Цэзарэі Кападоцкай. Урэшце, ён адправіўся ў Александрыю, а адтуль паехаў вывучаць рыторыку ў Афіны. Менавіта ў Афінах, дзе Грыгорый ізноў вучыўся разам з Базылём, ён звязаў сябе з ім моцнымі сяброўскімі повязямі. Аказалася, што Базыль і Грыгорый падзяляюць аднолькавыя вялікія жаданні жыцця ў малітве і сузіранні, прысвячэння сябе толькі Богу, займаючыся духоўнымі справамі. Вось што праз многія гады Грыгорый сказаў у адной са сваіх прамоваў: “Афіны аб’ядналі нас, як нейкая рачная плынь, калі, плывучы з адной роднай крыніцы, разнесеныя ў розныя бакі прагай навучання, мы зноў сабраліся, быццам бы дамовіліся, бо Бог гэта зладзіў. (…) Здавалася б, што ў нас абодвух адна душа, якая падтрымлівае два целы. І калі не трэба верыць тым, хто кажа, што ўсё знаходзіцца ўва ўсім, то тым больш верыць нам, што адзін быў у другім і побач з другім. У нас абодвух была адна мэта: развіваць цноту, жыць дзеля будучых надзей і адарвацца ад гэтага свету, перш чым мы пакінем яго. Углядаючыся ў гэту мэту, мы кіравалі паводле яе сваім жыццём і ўсімі ўчынкамі, натхняючыся Божай запаведдзю, удасканальваючы адно аднаго ў цноце, і, калі гэта не занадта вялікія словы, мы былі ўзорам і нормай адно для аднаго, па якіх можна адрозніць добрае і дрэннае. Таму у той час, як іншыя маюць розныя імёны – альбо па бацьку, альбо сваё ўласнае, у залежнасці ад сваёй працы альбо дзеянняў, – мы лічылі вялікім гонарам і вялікім імем быць і называць сябе хрысціянамі”.

Сутыкненне жаданняў з рэальнасцю

Пасля вяртання з вучобы ў Афінах Грыгорый быў ахрышчаны. Маладому чалавеку, як і яго сябру Базылю, вельмі адпавядала жыццё ў адасабленні. Пэўны час яны разам жылі ў пустэльні, якая знаходзілася на беразе ракі Ірыс у Понце, і, ведучы манаскае жыццё, адначасова займаліся духоўнымі даследаваннямі. Плёнам іх сталіся, між іншым, “Правілы” манаскага жыцця Базыля Вялікага.

Аднак хутка аказалася, што яму давядзецца адкласці свае жаданні на потым. Грыгорый быў вымушаны вярнуцца ў Назіянз. Яго бацьку, што служыў у горадзе біскупам, вельмі патрэбны быў хтосьці, хто дапамог бы ў пастырскіх абавязках. Грыгорый Назіянскі зусім не меў аніякага пастырскага запалу. Яго асабліва не цікавіла святарскае служэнне і кіраванне Касцёлам. Ён выяўляў вялікую схільнасць да сузірання, навучання і малітвы. Аднак Грыгорый, насуперак гэтаму, прыняў святарскае пасвячэнне і стаў служыць пры сваім бацьку. Гэтае цяжкае для яго заданне ён пакінуў пры першай магчымасці. Грыгорый адправіўся ў свой радавы маёнтак і вёў там манаскае жыццё ў адасабленні.

Калі яго сябар Базыль Вялікі стаў мітрапалітам Цэзарэі Кападоцкай, ён быў вельмі зацікаўлены ў тым, каб згуртаваць пры сабе біскупаў-аднадумцаў. Уся справа ў тым, што яму часта даводзілася весці спрэчкі з іншымі біскупамі, перадусім вызнаўцамі арыянскай ерасі. Такім чынам, Базыль пераканаў Грыгорыя прыняць біскупскае пасвячэнне. Каб запоўніць біскупскія сталіцы сваімі людзьмі, Базыль нават стварыў новую дыяцэзію ў невялікім мястэчку пад цікавай для нас назвай Сасіма і хацеў паслаць туды Грыгорыя. Той хоць і прыняў біскупскую сакру, але не з’явіўся ў прызначанай дыяцэзіі, а зноў сышоў у пустэльню.

Грыгорый Назіянскі доўгі час вагаўся паміж тым, каб займацца пастырскімі справамі, да чаго яго заахвочвалі родныя і сябры, і тым, каб задаволіць жаданне свайго сэрца весці малітоўнае жыццё, прысвечанае выключна даследаванню Божых таямніц. Апошняй спробай Грыгорыя выйсці насустрач тагачасным вялікім душпастырскім выклікам была яго згода на прызначэнне сябе на біскупскую пасаду ў Канстанцінопалі. Яго запрасілі туды ўзначаліць наваствораны патрыярхат. І колькі ён там пратрымаўся? Усяго некалькі месяцаў. Калі ў Канстанцінопалі быў скліканы сінод, падчас якога аказалася, што Грыгорый Назіянскі не можа сабраць вакол сябе біскупаў і належным чынам кіраваць імі, ён пакінуў сваю пасаду і ўжо назаўсёды адышоў у сваю пустэльню, дзе скончыў зямное жыццё. Аднак паколькі біскуп Грыгорый памёр у славе святасці, яго цела было перанесенае, назад у Канстанцінопаль, дзе развіваўся яго культ як святога Касцёла.

Тэалагічная спадчына Грыгорыя Назіянскага

Нягледзячы на тое, што Грыгорый Назіянскі не быў вялікім біскупам і не вельмі паспяхова кіраваў касцельнай супольнасцю, ён пакінуў пасля сябе найперш вялікую тэалагічную спадчыну. Вядомыя яго 45 прамоў, якія лічацца шэдэўрамі рытарычнага мастацтва. У іх ён тлумачыць вучэнне пра Святую Тройцу і абараняе боскасць Сына Божага і Духа Святога. Менавіта дзякуючы гэтым прамовам яго называюць, асабліва часта ва Усходніх Касцёлах, Грыгорыем Тэолагам.

Адна з самых вядомых яго прамоў – гэта “Апалогія ўцёкаў”. Як вынікае з назвы, аўтар у ёй апраўдваўся перад бацькам і сваёй паствай, чаму ён пакінуў іх, адасобіўшыся ў пустэльні. Аднак сам твор не пра уцёкі Грыгорыя, але гэта першы ў гісторыі трактат пра святарства. Вучэнне пра святарства, уключанае ў гэты твор, паслужыла ўзорам і крыніцай для Яна Хрызастома ў напісанні “Дыялогу аб святарстве” і натхніла Грыгорыя Вялікага на рэдагаванне яго “Кнігі душпастырскіх правілаў”.

Нельга абмінуць той факт, што Грыгорый Назіянскі быў адным з нешматлікіх старажытных пісьменнікаў, які пісаў паэмы і вершы. Усяго з-пад яго пяра выйшла каля 400 вершаваных твораў, самы вялікі з якіх – “Аўтабіяграфічная паэма”. Аўтар адзначаў, што яго паэзія павінна была выконваць дзве функцыі. Па-першае, яго вершы мелі выхоўваць моладзь, заахвочваючы да выканання карысных спраў. Па-другое, сваёй паэзіяй ён хацеў даказаць, што хрысціянская культура не саступае язычніцкай паводле літаратурнай формы, а наадварот, пераўзыходзіць яе прыгажосцю духоўнага зместу. Акрамя таго, Грыгорый меў намер змагацца з ерасямі, якія распаўсюджвалі сваё вучэнне праз вершы, іх уласнай зброяй, гэта значыць, паэзіяй.

Значэнне творчасці славутага кападакійца

Грыгорый Назіянскі аказаў вялікі ўплыў як на ўсходняе, так і на заходняе хрысціянства. Ужо ў пачатку V ст. яго творы былі вядомыя на Захадзе дзякуючы перакладам Руфіна Аквілейскага, каторы казаў, што не ведае аніводнага айца Касцёла, апроч Грыгорыя Тэолага, які б ніколі не памыліўся ў сваіх тэалагічных высновах. Геранім Стрыдонскі лічыў яго сваім кіраўніком. Аўгусцін Гіпонскі больш за дзесяць разоў цытаваў творы Грыгорыя. Грэцкая Царква бачыла ў Грыгорыі свайго галоўнага прадстаўніка, а некаторыя яго вершы і казанні ўключыла ў сваю літургію. Урэшце, Грыгорый лічыцца найвялікшым прадстаўніком хрысціянскай паэзіі да Рамана Салодкапеўца. І ўвогуле ўвесь уклад аўтара ў хрысціянскую культуру вучоныя лічаць сувымерным з тым, які ўнёс найбольш вядомы і значны айцец Касцёла – Аўгусцін.

Кс. Павел Эйсмант

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі