Айцы Касцёла. Арыген

Цяжка ўказаць на асобу, якая б мела такі вялікі ўплыў на хрысціянскую думку, філасофію і тэалогію, як Арыген. Адначасова цяжка знайсці на пачатку ІІІ ст. больш супярэчлівую постаць, чым Арыген.

Яму ад пачатку было нялёгка

Арыген паходзіў з Александрыі. Нарадзіўся ў канцы II ст. у грэцкай сям’і. Быў ахрышчаны ў дзяцінстве, што тады з’яўлялася, хутчэй, выключэннем, чым правілам, і ад пачатку выхоўваўся ў хрысціянскай веры.

У 202 г. падчас пераследу за веру, які пачаўся ў Александрыі, бацька Арыгена Леанід загінуў мучаніцкай смерцю, а сямейную маёмасць канфіскавалі. Так, будучаму вялікаму тэолагу амаль што ад нараджэння жыццё прыносіла горкія плады нягодаў і цярпенняў.

Гісторыя Касцёла даносіць нам звесткі, што сам Арыген па прыкладзе свайго бацькі хацеў здацца пераследнікам і прыняць мучаніцкую смерць. Аднак маці схавала ад Арыгена яго ўласную вопратку і такім чынам затрымала яго дома, пакуль імперскія чыноўнікі шукалі новых ахвяр. Ён выжыў падчас пераследу – і дзякуй Богу за гэта! Потым яго ўдзел у жыцці Касцёла быў значны.

Спрэчны ўчынак

Арыген быў чалавекам вялікага аскетызму, глыбокай малітвы і багатага духоўнага жыцця. Ёсць шмат доказаў таго, што менавіта захапленне тэматыкай адрачэння ад свету дзеля здабыцця жыцця вечнага прывяло яго да ўчынку, які ў той час яшчэ не быў пад забаронай, хоць і лічыўся вельмі падазроным. Гаворка ідзе пра самакастрацыю, якая сёння цалкам забаронена Касцёлам.

Ад старажытных часоў вядомы стан еўнухаў (мужчын, пазбаўленых плоднасці), якія суправаджалі кіраўнікоў дзяржаў у іх справах. Фактычна кожны магутны кіраўнік, кароль ці імператар быў аточаны групай еўнухаў, якім давяраліся важныя функцыі і заданні ў дзяржаве. Кіраўнікі не бачылі ў іх пагрозу, бо яны, нават у выпадку захопу дзяржаўнай улады, ніколі не змаглі б перадаць яе сваім нашчадкам. Менавіта еўнухаў меў на ўвазе Езус Хрыстус, калі казаў, што “ёсць скапцы, якія самі зрабілі сябе скапцамі дзеля Валадарства Нябеснага” (Мц 19,12). Многія хрысціяне тлумачылі гэты ўрывак Святога Пісання літаральна ў кантэксце прысутнасці еўнухаў пры імператарскіх дварах. Антычны свет ведае такую з’яву, як хрысціянскія кастраты. Але яна мела месца не толькі ў хрысціянстве. У іншых рэлігіях таксама падобнае практыкавалася.

Ёсць шмат прыкмет таго, што Арыген сапраўды здзейсніў фізічную самакастрацыю.

Вядома, гэта спрэчная тэма для хрысціянскага вучэння. Каталіцкі Касцёл рознымі канонамі забараніў пазбаўленне сябе плоднасці, а таксама забараніў удзяляць пасвячэння, асабліва святарскага і біскупскага, мужчынам, якія паддаліся кастрацыі.

Гэты неадназначны факт, вядома, не прамовіў на карысць Арыгена ў будучыні. Але калі разглядаць учынак Арыгена ў моманце, калі той прыняў такое рашэнне, то ён яшчэ не лічыўся асуджальным. Хоць у тэкстах Арыгена мы знаходзім знак таго, што з часам ён зразумеў сваю памылку. Урывак Евангелля, прыведзены вышэй, трэба было разумець перш за ўсё не літаральна, а алегарычна, і ўстрымлівацца ад фізічнай самакастрацыі.

Настаўнік і кіраўнік Александрыйскай школы

Арыген з самага пачатку прысвяціў сябе вывучэнню Святога Пісання і набыў вялікі філасофскі і тэалагічны досвед. Ён вывучаў філасофію ў выбітнага александрыйскага настаўніка Амонія Сакаса. Таксама магчыма, што ён вучыўся ў Плоціна, пазнейшага заснавальніка неаплатанізму. Мы бачым, што з самага пачатку Арыген вёў вельмі жывы дыялог з язычніцкім светам, цікавячыся грэцкай філасофіяй. Разам з тым, ён спрабаваў данесці хрысціянскую філасофскую думку да навуковага свету тагачаснай Александрыі.

Навуковы талент Арыгена даволі хутка быў заўважаны ў Касцёле. Малады чалавек становіцца настаўнікам для многіх хрысціян, але таксама хутка ўступае ў канфлікт з касцельнай іерархіяй. Біскуп Дзімітрый, які спачатку прызначыў яго настаўнікам і кіраўніком Александрыйскай тэалагічнай школы, з часам усё менш прыхільна глядзеў на маладога, таленавітага, пабожнага чалавека, які, доўгі час застаючыся асобай свецкай, меў вялікі аўтарытэт. Трэба заўважыць, што Арыген кіраваў вядомай на той час навучальнай установай, каторай перад ім кіравалі такія вядомыя тэолагі, як Пантэн і Клімэнт.

Рэлакацыя ў Палесціну і адкрыццё новай школы

У 30-х гг. III ст. Арыген пераехаў з Александрыі ў Палесціну. Нам не зусім зразумела, чаму ён гэта зрабіў. Магчыма, праз пераслед, які ўспыхнуў у той час, а магчыма, па прычыне праблем ва ўзаемаадносінах з касцельнай іерархіяй, што тады мелі месца. У Цэзарэі Палесцінскай ён быў прыняты вельмі годна. У гэтым горадзе для Арыгена стварылі цэлую майстэрню, каб вядомы настаўнік мог дыктаваць свае кнігі, якія з’яўляюцца каментарамі да Святога Пісання. Там жа яго схілілі да прыняцця прэзбітарскага пасвячэння, на што ён, вядома, згадзіўся.

Калі Арыген вярнуўся ў Александрыю ў якасці святара, канфлікт з мясцовым біскупам Дзімітрыем яшчэ больш абвастрыўся.

Урэшце, скліканы біскупам Дзімітрыем сінод асудзіў паводзіны Арыгена, які быў пасвечаны насуперак закону не сваім, а іншым біскупам. Гэта прымусіла Арыгена тэрмінова пакінуць родны горад і пасяліцца ў Палесціне.

У Цэзарэі ён заснаваў уласную тэалагічную школу, дзе выкладаў амаль да канца свайго жыцця. Таксама Арыген вёў ажыўленую літаратурную дзейнасць. Ён так шмат напісаў, што, як сцвярджаў іншы вядомы айцец Касцёла Геранім, ніхто з нас не змог бы ўсяго гэтага прачытаць. Ён каментаваў кнігі Святога Пісання, вёў палеміку з ворагамі хрысціянства, пісаў філасофскія творы.

Напрыканцы жыцця

Арыген памёр, маючы прыблізна 70 гадоў жыцця, як вызнаўца (мучанік, што прайшоў праз катаванні, але не памёр непасрэдна праз іх). У выніку пераследу пры імператару Дэцыю ён быў заключаны ў турму і падвергнуты вельмі жорсткім катаванням, а затым адпушчаны на волю. Пасля гэтага ён ужо ніколі не змог акрыяць. Катаванні і зняволенне знясілілі яго настолькі, што Арыген неўзабаве памёр.

Літаратурная спадчына Арыгена не дайшла да нашых часоў цалкам. Многія арыгінальныя грэцкія тэксты, на жаль, былі страчаныя. Мы ведаем многія з тэкстаў Арыгена толькі з лацінскіх перакладаў, галоўным чынам Руфіна з Аквілеі, але вялікая колькасць гэтых твораў захавалася ў арыгінале або ў свядомасці тых, хто чытаў яго тэксты.

Арыгенісцкія спрэчкі і “рэнесанс” Арыгена

Арыген спакусіўся на некаторыя тэалагічныя гіпотэзы (напрыклад, тэорыі апакатастазісу, або “пустога пекла”), якія сталіся асновай для пазнейшага (VII ст.) асуджэння Арыгена і яго вучэння падчас т.зв. “арыгенісцкіх спрэчак”. Як аказалася, “падставілі” настаўніка яго ж вучні. Яны прывялі тэалагічную думку Арыгена да такой крайнасці, што ў Касцёле яна ўжо лічылася ерассю. Арыгена абвінавацілі ў памылках, дапушчаных яго вучнямі. Гэта прымусіла навукоўцаў цэлымі стагоддзямі разглядаць Арыгена як падазронага настаўніка, як таго, хто дапусціў шмат памылак у сваіх тэкстах. Тады не лічылася добрым тонам цытаваць Арыгена. Тэолагам дзеля захавання добрага імені трэба было трымацца на адлегласці ад гэтага чалавека.

Аднак нядаўняе паглыбленае даследаванне твораў Арыгена дазволіла нам вызначыць наступную розніцу паміж яго тэкстамі:

1) тое, што ён лічыў праўдай, у якую верыць Касцёл;
2) тое, што ён называў уласнай гіпотэзай.

Гэта дазваляе не ўспрымаць думкі, якія ён падаваў толькі як навуковыя гіпотэзы, як прапановы занадта сур’ёзна. Мы дапускаем, што ён зрабіў некаторыя тэалагічныя памылкі. Аднак мы самі будзем памыляцца, калі ацэнім яго з перспектывы XXI ст. (памылка анахранізму). З іншага боку, тое, што Арыген сапраўды даў Касцёлу вучэнне аб духоўным жыцці, каментарыі да Святога Пісання і інш., з’яўляецца каштоўным скарбам тэалогіі і няспынна цытуецца папамі і тэолагамі. І гэта дазваляе Арыгену перажываць своеасаблівы рэнесанс у наш час.

Кс. Павел Эйсмант

для друку для друку