Айцы Касцёла. Антоній Пустэльнік

Манаства – гэта своеасаблівая форма аскетычнага жыцця, якая характэрным чынам развілася ў Касцёле. Ёсць дзве яе формы: жыццё ў адасобленасці (аскетычнае жыццё) і ў супольнасці. Мы пазнаёмімся з першай формай манаскага жыцця, з аскетызмам, што па часе ўзнікла раней, чым жыццё ў супольнасці.

Калыска манаства

Аскетычнае, ці манаскае жыццё, гэта значыць, жыццё ў адзіноце (слова “манах” паходзіць ад грэч. “monos” – адзін, адзінокі, адасоблены) з’яўляецца не толькі хрысціянскай з’явай. Манахі прысутнічалі ў розных рэлігійных супольнасцях ва ўсім свеце. Аднак у сярэдзіне III – пачатку IV ст. у хрысціянскай супольнасці манаства набыло свае выразныя абрысы.

Месцам, якое лічыцца калыскаю хрысціянскага манаства, быў Егіпет. Яшчэ да прыходу хрысціянства ў габрэйскай дыяспары, каторая пражывала ў Александрыі, з’явілася форма жыцця, якую мы маглі б назваць манаскай. Размова ідзе пра тэрапеўтаў, апісаных Філонам Александрыйскім у творы “Аб кантэмпляцыйным жыцці”. Гэта была такая супольнасць мужчын і жанчын, якія вырашылі жыць бясшлюбна. Часцей за ўсё, аднак, гэта былі людзі, якія ўжо мелі вопыт сужэнскага жыцця, выгадавалі дзяцей і ў нейкі момант вырашылі пакінуць сямейную і грамадскую прастору, закрыцца ад іншых на ўскраіне горада, каля возера Марэоціс, каб маліцца, пасціцца і вывучаць святыя тэксты. Такім чынам, александрыйскія хрысціяне ўжо мелі прыклад аскетычнага жыцця тых, хто быў да іх.

Кім быў Антоній Пустэльнік?

У хрысціянскай традыцыі заснавальнікам манаства лічыцца св. Антоній. Верагодна, па нацыянальнасці Антоній быў коптам, а не грэкам. Ён паходзіў з даволі заможнай сям’і, аднак у дзяцінстве стаўся круглым сіратой. На плечы маладога Антонія лёг цяжар клопатаў пра сямейны дастатак, а таксама пра выхаванне малодшай сястры. Але не забываймася пра тое, што ён быў хрысціянінам. Таму аднойчы ім авалодала моцнае жаданне такога жыцця, пра якое мы ведаем з Дзеяў Апосталаў і Евангелля, калі вучні Езуса Хрыста пакідалі усё, прадавалі сваю маёмасць, раздаючы грошы бедным, каб пайсці за Езусам.

Біяграфія св. Антонія, напісаная св. Атаназіем, распавядае, што, будучы 20-гадовым юнаком, Антоній аднойчы зайшоў у касцёл і пачуў у сваім сэрцы словы: “Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай маёмасць сваю і раздай убогім, і будзеш мець скарб у нябёсах; пасля прыходзь і ідзі за Мною” (Мц 19, 21). Пасля гэтага без ваганняў ён вырашыў весці аскетычнае жыццё. Антоній прадаў сваю маёмасць, раздаў грошы бедным, частку з якіх усё ж пакінуўшы сабе праз патрэбы ўтрымання і выхавання сястры, а сам пачаў жыць у невялікай хатцы, прысвяціўшы сябе аскетычнаму жыццю.

Мудрая пчала

Жыццяпіс святога кажа пра тое, што на пачатковым этапе свайго манаскага жыцця Антоній наведваў іншых манахаў, якія, так, як і ён, жылі ў хатах на ўскраінах вёсак, не жаніліся і займаліся духоўнымі практыкаваннямі. Атаназій піша, што са сваёй хаты, каторая знаходзілася побач з роднай вёскай Кома, Антоній, як мудрая пчала, лётаў у іншыя вёскі, нейкі час знаходзячыся побач з духоўнымі настаўнікамі, збіраючы, як пчала, іх мудрасць, як пылок з кветак, каб пазней засвоіць яе ў сваёй уласнай келлі. Ад кожнага з манахаў ён вучыўся розным цнотам: ад аднаго Антоній навучыўся стойкасці ў начных малітвах, ад другога – сну на цвёрдай зямлі, ад іншага – любові да чытання святых кніг, ад яшчэ ад аднаго – працяглых пастоў. Так ён засвоіў усе аскетычныя практыкі і пачаў іх рэалізаваць у сабе.

Наватарскі крок Антонія

Мы бачым, што сама з’ява аскетызму ў хрысціянстве была старэйшая за Антонія, бо ён сам карыстаўся вопытам мудрацоў і настаўнікаў духоўнага жыцця. Дык чаму ж тады яго называюць заснавальнікам манаства?

Уся справа ў тым, што ў нейкі момант Антоній зрабіў зусім наватарскі крок: пакінуў свой дом і пасяліўся ў закінутай крэпасці Піспір, размешчанай у глыбокай пустыні. Толькі адзін чалавек ведаў пра яго месцазнаходжанне. У іх была дамоўленасць, што час ад часу ён павінен быў прыносіць пустэльніку хлеб, бо вада была яму зусім не патрэбная… Як гэта? Ці Антоній мог пражыць без вады? Не, проста ў крэпасці, дзе ён жыў у адзіноце, была крыніца. Такім чынам, у поўнай зачыненасці ён правёў некалькі гадоў, цалкам засяродзіўшыся на духоўным жыцці. Гэты перыяд быў вельмі патрэбны не толькі самому Антонію, але і ўсім тым, хто ў будучым павінен быў стаць яго паслядоўнікамі.

Духоўны барацьбіт і кіраўнік манаскага жыцця

Час, які наш пустэльнік правёў у поўнай адзіноце і адасобленасці, стаў перыядам вялікіх духоўных змаганняў. Антоній, калі быў адарваны ад свету, не ўпаў у нейкую меланхолію ці бяздзейнасць, але распачаў глыбокую духоўную барацьбу з усімі тымі дэманамі, з якімі чалавек павінен сутыкнуцца і пераадолець, каб дасягнуць Бога. Гэты досвед Антонія паказвае сэнс усяго манаскага жыцця. Той, хто хоча быць дасканалым, павінен зразумець, што сапраўднае жыццё знаходзіцца не звонку, а ўнутры чалавека. Нават калі чалавек адрываецца ад знешняга свету, гэта не значыць, што ён памірае, але што ён проста ўваходзіць у тое, што з’яўляецца яго рэальным жыццём. Бо мэта жыцця чалавека – належаць не свету, але Богу. Такім чынам, Антоній, адасобіўшыся ад свету, зусім не памірае, але вядзе інтэнсіўны лад жыцця.

Чалавек, каторы прыносіў Антонію хлеб, аднойчы заўважыў, што пустэльнік доўга не выходзіў з крэпасці. Ён чуў моцныя грукі, неразборлівы шум, нейкія крыкі. Вядома, гэта не магло доўга заставацца тайным для жыхароў навакольных вёсак. Людзям сталася цікава, што ж адбываецца з Антоніем? Нарэшце, яны вырашылі выламаць вароты, каб дабрацца да таго, хто спрабаваў адасобіцца ад іх. І тады, як распавядае Атаназій, Антоній выйшаў са сваёй крэпасці.

Гэта быў зусім іншы чалавек. Чалавек, пасвечаны ў Божыя таямніцы, з’яднаны са Словам, гэта значыць, Божым Сынам Езусам Хрыстом, які жыў у поўнай згодзе з прыродай. Ён быў абсалютна эмацыянальна ўраўнаважаным чалавекам: не плакаў і не радаваўся, калі ўсе яго абдымалі. Душа яго была чыстая. Яго настрой быў цалкам натхнёны Словам Божым. І вось тады Антоній стаўся сапраўдным кіраўніком для ўсіх, хто хацеў пайсці яго шляхам.

Пустэльнік звярнуўся да прысутных з прамовай пра тое, як перамагчы дэмана і знайсці ўнутраны супакой. Гэта яго досвед, апісаны Атаназіем у біяграфіі св. Антонія, таксама выражаны ў лістах нашага пустэльніка да сваіх вучняў, і сёння вядзе і накіроўвае ўсіх тых, хто шукае тут, у гэтым свеце, адзінства з Богам, якое прывядзе да непахіснага супакою.

Св. Антоній з’яўляецца гістарычнай асобай, але мы можам пазнаёміцца з ім толькі праз напаўлегендарную гісторыю, напісаную св. Атаназіем. Нягледзячы на гэта, ён, стаўшыся першым у гісторыі кіраўніком манаскага жыцця, лічыцца яго заснавальнікам і дагэтуль вызначае яму кірунак.

Кс. Павел Эйсмант

для друку для друку