Айцы Касцёла. Аўгусцін – экзэгет і прапаведнік

Хто хоча стаць… палітыкам?

Калі Аўгусцін быў маладым чалавекам, ён адчуваў вялікі запал да служэння людзям. Спачатку ён бачыў сваё месца ў грамадстве як палітык. У старажытныя часы палітыкам лічылі найперш таго, хто прыгожа прамаўляе, узрушаючы сэрцы людзей. Аўгусцін звязаў свой розум і сэрца са словам, бо, як усе старажытныя людзі, добра ведаў, што слова мае моц. Да таго ж, будучы вялікі тэолаг любіў вывучаць розныя навуковыя дысцыпліны. Асаблівае захапленне ў яго выклікала рыторыка. У маладосці ён прачытаў усяго Цыцэрона, захапляючыся яго рытарычным майстэрствам. Але, апроч рыторыкі, у гэты час юнак зрабіў акцэнт на вывучэнні філасофіі. Малады аратар усёй сваёй істотай імкнуўся да таго, каб не толькі прыгожа прамаўляць, але таксама каб добра ведаць, што казаць слухачам.

Доўгі шлях да хрысціянства

Праз свае прамовы і ўвогуле навучанне Аўгусцін хацеў уплываць на людзей, робячы іх лепшымі. Вось чаму на пачатку жыцця ён трымаўся здалёк ад хрысціянства. Прычына была простая: юнак не бачыў у ім велічы і моцы слова. Асабліва шмат засцярог у яго выклікала Святое Пісанне. Аўгусцін бегла ведаў лацінскую мову, бо гэта была яго родная мова. Аднак, як нам вядома, Святое Пісанне Новага Запавету напісана на старажытнагрэцкай мове (койнэ).

Да ІІІ ст. койнэ была мовай міжнародных зносін у Рымскай імперыі, аднак пасля яе выцеснела лацінскай мовай. Аўгусцін, які жыў ў IV-V стст., не ведаючы старажытнагрэцкай мовы і не могучы прачытаць новазапаветны тэкст у арыгінале, карыстаўся перакладамі (т.зв. “Vetus Latina”), літаратурны ўзровень якіх пакідаў жадаць лепшага і якія яго не краналі. Да гэтага, кнігі Новага Запавету пісалі простыя людзі простай мовай. У іх нельга знайсці мовы вялікіх рыторыкаў, такіх, як Дэмасфен ці Цыцэрон. Тут крыецца адказ на пытанне, чаму навяртанне на хрысціянства будучага вялікага айца Касцёла было звязана з адкрыццём ім моцы Божага слова, якая хавалася ў простых, не аздобленых рытарычна словах і сказах.

Як карова, “пераварваць” Божае слова

Калі Аўгусцін прыняў хрост і ўключыўся ў хрысціянскае жыццё, ён усёй сваёй душой “прыкіпеў” да Святога Пісання. Гэта была яго ежа, якую ён штодзённа “пераварваў” у сабе і якая напаўняла яго духоўным жыццём. Калі ж ён стаў спачатку прэзбітарам, а потым біскупам Касцёла, гэтае яго “пераварванне” Святога Пісання выдала прыгожы плён у справе распаўсюджвання і пераказвання рэлігійных ідэй.

Наш аўтар у адным з твораў (“Прамова 46 – Пра пастыраў”) дае нам прыгожы вобраз душпастыра, які, нібы карова, есць траву на пашы. Вядома, што жывёле цяжка пераварыць траву адразу. Патрэбна шмат часу, каб гэтая ежа была засвоеная арганізмам. Карова яе спачатку павінна змалоць зубамі, затым трава праходзіць праз першы і другі аддзелы страўніка (а іх усяго ў каровы чатыры!), і толькі потым поўнасцю пераварваецца. Так жа выглядае справа і са Святым Пісаннем. Яно засвойваецца нашмат цяжэй за іншыя прадукты. Тэкст Бібліі быццам бы акружаны шкарлупой, якую трэба разбіць. Так вось заданнем пастыраў з’яўляецца “пераварваць” Божае слова, як карова. Навошта? Толькі дзеля таго, каб потым вырабіць малако, якое будуць піць цяляты. Пад апошнімі Аўгусцін разумее людзей, якія па прычыне сваёй занятасці не могуць прысвяціць шмат часу на вывучэнне Святога Пісання. Іх нельга пазбаўляць павучання і мудрасці, што з яго вынікаюць. Гэтыя людзі няздольныя “пераварваць траву”, але могуць “піць малако”, каторае ім дадуць пастыры.

Аўгусцін заахвочвае вернікаў, каб яны паводзілі сябе як цяляты (вядома, у добрым сэнсе слова). Калі маці-карова лянуецца і не хоча даць ім малака, яны падыходзяць і пачынаюць таўчы яе ў бок, просячы ежы. Таксама калі пастыр не хоча навучаць, толькі “пасе сам сябе, а не авечак”, вернікі павінны патрабаваць даць ім добрую і здаровую духоўную страву. Гэтае патрабаванне з боку вернікаў аўтар лічыць слушным, бо пастыр не можа пакінуць галоднымі цялят толькі таму, што яны яшчэ не могуць есці траву.

“Цікавыя” творы Аўгусціна

Аўгусцін пакінуў пасля сябе шмат біблійных каментарыяў. Захаваліся гаміліі, спісаныя з яго слоў, якія пасля рэдагаваліся і выдаваліся, дзякуючы чаму сёння яны нам даступныя для прачытання і, што цікава, пасля столькіх стагоддзяў не страцілі актуальнасці. Варта толькі паставіцца з пункту гледжання сённяшняга дня да тамтэйшых спраў, як тэкст гэтых гамілій адразу становіцца для нас вельмі зразумелым.

Адкуль бярэцца такая цікавая якасць казанняў Аўгусціна? Уся справа ў тым, што паслуга абвяшчэння Божага слова біскупам Аўгусцінам была звязаная з прапаведаваннем мудрасці, якую гэтае слова заключае ў сабе. Ён выразна адрозніваў дзве формы слова, якое тады абвяшчалася публічна. Першая – гэта тая, якая гучала з вуснаў палітыка, гэта значыць, чалавека, каторы перажывае за цяперашнюю сітуацыю, шукае мудрага вырашэння бягучых спраў. Задачай гэтага чалавека было знайсці спосаб рэагавання на сітуацыю, калі, напрыклад, качавы народ варвараў разбурае горад Гіпон, дзе Аўгусцін быў біскупам, калі надыходзіць засуха альбо палаводдзе, калі палітыкі вакол яго перасварыліся паміж сабой і замест таго, каб ствараць штосьці добрае, разбураюць існуючы парадак. Другая форма – тая, якую можна ўбачыць у Святым Пісанні, – гэта імкненне да вечных ісцін, да слова, каторае не з’яўляецца хвіліннай, але вечнай мудрасцю. Гэта ўсё ён “выцягваў” са Святога Пісання і выражаў у сваіх гаміліях. Таму, калі мы сёння слухаем яго гаміліі, мы адчуваем сябе слухачамі, да якіх ён прамаўляе непасрэдна тут і цяпер. Вось такая моц Божага слова! Біскуп Гіпонскі выразна паказвае нам, што вучэнне Цыцэрона можа з часам стаць неактуальным, але Святога Пісання – ніколі.

На гэтым мы завяршаем серыю артыкулаў, прысвечаных айцам Касцёла і раннехрысціянскім пісьменнікам.

Кс. Павел Эйсмант

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі