У арсенале духоўнай зброі, якую пакінуў Касцёлу св. Ігнацый Лаёла, ёсць адзін вельмі дзейсны сродак. Калі вучань Хрыста навучыцца ім добра карыстацца, то дасягне вялікіх поспехаў на духоўным шляху. Гаворка пра прынцып, які на лацінскай мове гучыць agerecontra, што даслоўна перакладаецца як “супрацьдзейнічаць, рабіць насуперак”. Сцісла кажучы, сэнс у тым, каб у момант спакусы не проста ёй не паддавацца, але рабіць супрацьлеглае таму, да чаго нас хоча схіліць “вораг чалавека”, як называе св. Ігнацый злога духа – спакусніка. Напрыклад, калі падчас малітвы прыходзіць жаданне скараціць час, адведзены на яе (бо “цяжка ідзе”, здаецца, што нічога не адбываецца і што “я проста трачу час”…), тады трэба не толькі прысвяціць камунікацыі з Богам запланаваны перыяд, але і дадаць яшчэ некалькі хвілін (гл. Духоўныя Практыкаванні, 12). Гэты прынцып можна прымяняць у самых розных сферах жыцця, адпаведна яго дастасоўваючы. Паглядзім разам, як метад супрацьдзеяння можа стаць для нас карысным.
Вельмі часта на споведзі святар чуе ад пенітэнта: “Спавядаюся ў адным і тым жа ўвесь час, нічога не змяняецца на лепшае”.
Найхутчэй праблема ў тым, што нашыя пастановы або выглядаюць вельмі агульна (“буду старацца быць лепшым”), або мы вырашаем чагосьці не рабіць, не ўяўляючы, што хочам, каб у нашым жыцці з’явілася замест таго ці іншага граху. Тут якраз нам прыдасца прынцып agere contra: нашмат больш дзейснай будзе пастанова, калі мы будзем мець перад вачыма супрацьлеглы спосаб дзеяння, які заменіць той, ад каторага хочам пазбавіцца. Напрыклад, калі я часта асуджаю іншых, кожны раз заўважаючы такую думку супраць кагосьці, буду памятаць, каб прамовіць кароткую малітву за гэту асобу: “Пане, блаславі яе, дай ёй тую ласку, у якой яна мае патрэбу, пакажы ёй шлях да Цябе”. Таму, хто мае схільнасць да “злога языка”, варта практыкавацца ў тым, каб казаць, наадварот, добрыя рэчы пра іншых. Калі ж надта лёгка паддаюся імпульсу гневу і “зрываюся” на іншых, тады варта ўяўляць узор цярплівасці і стрыманасці і перш чым сказаць штосьці, пра што буду шкадаваць, палічыць у думках да дзесяці (або і большай лічбы). Пастанаўляючы такім чынам працаваць над сабой, кожны дзень можам адзначаць, у якіх сітуацыях атрымалася прымяніць новы спосаб дзеяння, а ў якіх – не. Такую практыку прапануе св. Ігнацый, называючы яе “частковым рахункам сумлення”.
Спакусы ў нашым жыцці непазбежныя (нават Езус быў спакушаны!) і найчасцей датычаць сфер, якія хрысціянская традыцыя называе “сямю галоўнымі грахамі”: пыха, хцівасць, зайздрасць, гнеў, распуста, неўмеркаванасць у ежы і піцці, лянота. Большасць з нас добра памятае гэты спіс, які дапамагае нам у падрыхтоўцы да споведзі. Але цікава, ці таксама лёгка кожны з нас мог бы пералічыць супрацьлеглыя гэтым заганам цноты: пакора, шчодрасць, удзячнасць, лагоднасць, чысціня, стрыманасць, працавітасць… Варта памятаць і гэтыя якасці, да якіх кожны хрысціянін павінен імкнуцца, разлічваючы на ласку Духа Святога і стараючыся супрацоўнічаць з ёй. Калі памятаць, што ў момант спакушэння я не адзін, а са мной Бог, тады спакуса становіцца месцам росту, а не балючага падзення і сораму. Такім чынам мы напружваем нашыя “духоўныя мышцы”, практыкуемся, як гэта робяць спартсмены, узаемадзейнічаючы сваім целам з нагрузкамі. Нават калі не атрымліваецца дасканала, не застаёмся ляжаць і паддавацца адчаю ці маркоце, а ўстаём і спрабуем зноў.
Метад малых крокаў
Часта ў нас не атрымліваецца штосьці змяняць на лепшае ў сабе таму, што мы ставім для сябе надта высокія патрабаванні і чакаем хуткіх вынікаў. Замест гэтага варта навучыцца мастацтву “малых крокаў”: не вырашаць “больш ніколі не буду грашыць”, бо гэта цалкам нерэалістычна, а глядзець дакладна, якія простыя дзеянні я магу зрабіць у канкрэтнай сферы свайго жыцця, каб паволі ўцелаўляць новы спосаб паводзінаў. Напрыклад, калі заўважаю, што зашмат часу праводжу ў тэлефоне, як альтэрнатыва падрыхтую кнігу, каторую буду чытаць на працягу пэўнага часу, перш чым адкрываць браўзер ці стужку сацсеткі. Простае ўсведамленне таго, што ў мяне ёсць альтэрнатыва, магчымасць зрабіць інакш, ужо з’яўляецца першым крокам, каб не быць закладнікамі нашага звычайнага шкоднага спосабу дзеяння. Варта памятаць, што найбольш цяжкім з’яўляецца пачатак, а пасля становіцца лягчэй. Таму часам важна проста механічна зрабіць пэўныя дзеянні: узяць у рукі кнігу, адкласці тэлефон, уключыўшы ціхі рэжым… Аднак калі паўгадзіны з кнігай пакуль для мяне зашмат, то часова магу панізіць планку да пятнаццаці хвілін, але паволі павялічваць час, адведзены на чытанне. І найлепей, калі гэтай кнігай будзе Святое Пісанне!
Найчасцей у нашым жыцці ёсць пэўная сфера, у якой існуе найбольшая патрэба, каб штосьці змяняць. Менавіта там і варта брацца за духоўную працу. Св. Ігнацый кажа, што д’ябал – хітры вораг, які добра ведае нашыя слабыя месцы і “б’е” дакладна па іх. Таму нам у першую чаргу трэба ўзмацняць сваю абарону і не дазваляць, каб надта лёгка мы былі пераможаныя.
Ва ўсім гэтым будзем памятаць, што гаворка не проста пра нашыя ўласныя намаганні: Бог заўсёды гатовы нам дапамагчы ў нашым змаганні, калі толькі мы са свайго боку робім тое, што адпавядае нашым магчымасцям. Пан нашмат больш цярплівы да нас, чым мы ўмеем быць з самімі сабой, і ніколі не адмаўляецца падтрымліваць сваіх умілаваных дзяцей, каторыя імкнуцца да святасці. Цалкам магчыма, што менавіта адносна вобразу Бога і нашых стасункаў з Ім нам трэба прымяняць інструмент agere contra: адмаўляцца ад ўяўлення пра Яго як далёкага, абыякавага, строгага, які асуджае, а прасіць Духа Святога, каб адкрыў нам твар Айца пяшчотнага, Які нас любіць. Каб наша сувязь з Ім не ўспрымалася праз прызму абавязкаў, а толькі як захапляльнае падарожжа, што доўжыцца ўсё жыццё.
Айцец Віктар Жук, езуіт
