Калісьці бабуля навучала мяне, прыгадваючы вядомую беларускую прыказку: “Веды за плячыма не насіць”. Сапраўды, інфармацыя, атрыманая падчас вучобы, фарміруе трывалы падмурак для развіцця асобы. Чым больш ведае чалавек, тым шырэйшы яго кругагляд. Па гэтай прычыне многія не спыняюцца на адным дыпломе, а атрымліваюць яшчэ некалькі спецыяльнасцей, асвойваючы іншыя кірункі.
Надзвычай важным з’яўляецца паглыбленне ведаў і ў галіне веры. Дастаткова часта каталіцкая адукацыя завяршаецца разам з Першай Камуніяй або ў найлепшым выпадку з прыняццем сакраманту канфірмацыі. Чалавек сталее, а яго духоўнасць застаецца на ранейшым узроўні. На шчасце, многія асобы, што практыкуюць веру, імкнуцца развівацца: чытаюць рэлігійную літаратуру, удзельнічаюць у семінарах і занятках, а некаторыя нават паступаюць у тэалагічныя навучальныя ўстановы.
20 чэрвеня ў Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля завяршыўся чарговы навучальны год. Выпускнікі, пераадолеўшы трохгадовы шлях навучання, ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі дыпломы і пасведчанні аб заканчэнні каледжа. А тры выпускніцы атрымалі дыплом з адзнакай. Нашы карэспандэнты пагутарылі з кожнай, даведаўшыся пра іх шлях да духоўных ведаў.
Насуперак цяжкасцям
На працягу доўгага часу жыхарка Віцебска Марыя Ткачэнка бачыла адзін сон: асобы, што знаходзіліся побач, атрымлівалі дыпломы, а яе рукі заставаліся пустымі. Сон паўтараўся з перыядычнасцю раз на некалькі гадоў. Першапачаткова жанчына не надала ўвагі гэтаму сненню: за яе плячыма былі ўжо дзве навучальныя ўстановы і два дыпломы. Дарослыя дзеці, размераны побыт, шэраг побытавых і грамадскіх абавязкаў… Далейшая адукацыя падавалася немагчымай.
Аднак мы ведаем, што ў Бога няма нічога немагчымага. Нарадзілася і вырасла Марыя ў невялічкім мястэчку Ліпнішкі, што на Гродзеншчыне. З дзяцінства была далучаная да веры дзякуючы маме. Ужо ў той час яна праяўляла цікавасць да каталіцтва. У нейкі момант яна прыгадала гэтую акалічнасць, а ў сваім сэрцы распазнала жаданне атрымліваць веды, на якіх пазней магла б будаваць уласную духоўнасць і дапамагаць у гэтым іншым. У адзін момант жанчына вырашыла ўсе арганізацыйныя пытанні, сабрала неабходныя дакументы, атрымала дазвол ад мужа на навучанне і стала студэнткай, маючы 51 год.
Два разы на месяц Марыя пакідала ўсе справы і абавязкі і на начным цягніку ехала ў Мінск. Агульны шлях складаў больш за 500 км. Час у цягніку ператвараўся ў своеасаблівыя рэкалекцыі. Жанчына малілася, разважала над Святым Пісаннем або шчыравала над канспектамі. Яна ведала, што ў сценах навучальнай установы яе чакалі аднакурснікі, якія за час навучання сталі вельмі блізкімі.
– Вялікую падтрымку аказалі мае дзеці і асабліва муж. Спачатку ён з лёгкасцю адпусціў мяне вучыцца. Але калі ўбачыў, што ездзіць у сталіцу мне даводзіцца два разы на месяц, ён змяніў сваё меркаванне. І гэта зразумела: я мусіла адкласці бытавыя абавязкі і пакінуць сям’ю, – прыгадвае жанчына. – Аднак пасля ён убачыў, што я стаўлюся да справы сур’ёзна. Тады яго адносіны да навучання сталі пакрысе змяняцца. Пра гэта гаварылі канкрэтныя ўчынкі. Перад адным з экзаменаў я вельмі хвалявалася. Сваімі перажываннямі падзялілася з мужам. Іспыт удалося здаць паспяхова, а муж прыехаў мяне сустракаць з цягніка з букетам ружаў. Гэты жэст вельмі ўзрушыў і ўсхваляваў.
З вялікай стараннасцю навучэнка падыходзіла да вядзення канспектаў. Аднагрупнікі не аднойчы прасілі ў яе канспекты для ўласнага карыстання і адзначалі іх высокі ўзровень. Як ніхто іншы Марыя ўмела сістэматызаваць інфармацыю, падаць яе ў выглядзе табліцаў і схем. Такая форма спрашчала засваенне матэрыялу.
Сёння хваляванне адышло на другі план, экзамены здадзеныя, а ў сэрцы засталася невымерная ўдзячнасць людзям, якія гэтыя тры гады былі побач: адміністрацыі каледжа, выкладчыкам і аднагрупнікам. Бо гэтыя асобы не толькі дапамагалі спасцігнуць новае, але і навучылі дабрыні, сяброўству, спагадзе і асэнсаванню сапраўднага хрысціянства.
Стараста, мама, сяброўка
Алена Маціеўская ў свой час была ахрышчаная ў праваслаўі. Пасля замужжа яна стала практыкаваць каталіцкую веру, сістэматычна наведваць касцёл, хадзіць у пілігрымкі. Вызначальнай стала пілігрымка да Маці Божай Будслаўскай, якая адбылася тры гады таму. Пасля заканчэння пілігрымкі дзяўчына праглядала фотаздымкі і відэаролікі ў сацыяльных сетках з падарожжа да Матулі. Нечакана ёй трапілася аб’ява, што Мінскі тэалагічны каледж імя святога Яна Хрысціцеля набірае навучэнцаў. На той момант Алена не ведала пра існаванне такой навучальнай установы. Пазней аб’ява яшчэ раз трапілася на вочы. Тады дзяўчына вырашыла: калі аб’ява патрапіцца яшчэ раз, то яна абавязкова будзе паступаць. Праз некаторы час убачыла знаёмы тэкст ізноў. Тады Алена стала актуалізаваць веды і рыхтавацца да ўступнага экзамену.
Адказнасць, дысцыпліна і стараннасць сталі пастаяннымі спадарожнікамі навучэнкі. Яна рупліва рыхтавалася да іспытаў, удзяляючы пры гэтым час грамадскай дзейнасці.
– Дыплом з адзнакай – гэта не толькі мая заслуга. Мне пашанцавала, што каля мяне былі родныя і блізкія, якія атулялі клопатам і падтрымкай. Апошняе паўгоддзе было самым складаным: я рыхтавалася да абароны дыпломнай працы, выпускнога экзамену “EX UNIVERSA”, з групай рыхтаваліся да выпускнога. Без падтрымкі родных нічога не атрымалася б. Мама дапамагала маім дзецям з выкананнем дамашніх заданняў, кантралявала іх. А муж узяў на сябе клопат пра хатнія абавязкі. Перад кожным экзаменам муж бласлаўляў і цалаваў, такім чынам аказваючы падтрымку. Мне заставалася толькі рупліва вучыцца. Вялікую падтрымку аказвалі і святары. Ксёндз Аляксанр Ашмянчук CSMA заўсёды падбадзёрваў і дапамагаў, – расказвае выпускніца.
Дыплом з адзнакай, безумоўна, з’яўляецца прадметам гонару, аднак за гады навучання адбыліся таксама іншыя важныя рэчы. Мама Алены падчас навучання дачкі прыступіла да святых сакрамантаў і стала практыкаваць каталіцтва.
Прадзюсар з душой катэхета
Аляксандра Жураўлёва атрымала сакрамант хросту ва ўзросце 21 года. Гэта быў асэнсаваны крок, да якога дзяўчына падышла з усёй адказнасцю. Але Бог прысутнічаў у яе жыцці з самага дзяцінства. Маленькую Сашу захапляла гісторыя Езуса Хрыста, хоць ведала пра Яго дзяўчынка зусім няшмат. А перад сном заўсёды чытала малітву да Анёла-Ахоўніка. Падлеткавы ўзрост дзяўчына называе атэістычным часам. У той перыяд яна адышла ад Бога, але ўсё ж праз пэўны перыяд прыйшла да разумення, што без Бога жыццё не мае сэнсу. Тады і з’явілася цвёрдае жаданне ахрысціцца, якое Аляксандра рэалізавала ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску.
Першую адукацыю яна атрымала ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў. Там па заканчэнні была прысвоеная кваліфікацыя “Музычны прадзюсар. Выкладчык”. На этапе падачы дакументаў у тэалагічны каледж абітурыентка не была настроена на радыкальную змену жыцця, а проста ішла за голасам Бога, які выразна чула ў сваім сэрцы.
– На этапе ўступнага экзамену са мной здарылася павучальная сітуацыя, якая прыгадваецца і сёння. Ідучы на экзамен, я, вядома ж, праштудзіравала Катэхізіс, аднак усе, як мне здавалася, “простыя паняцці” прайшла па вярхах, рыхтуючыся да размоў тыпу “анталагічных аргументаў існавання Бога св. Ансельма Кентэрберыйскага”. І вось дырэктар каледжа ксёндз-канонік Ян Крэміс запытаў у мяне, што такое адпуст. У той момант я зразумела, што не магу выразна сфармуляваць адказ. І ніякія анталагічныя аргументы і нават сам святы Ансэльм мне зараз не дапамогуць. Гэта гісторыя запомнілася надоўга і навучыла канкрэтна выконваць патрабаванні, – прыгадвае выпускніца.
Аляксандра на дадзены момант працуе катэхеткай у парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла і святога Яўгена дэ Мазэно ў Мінску. А тым, хто хоча атрымаць веды ў тэалагічнай навучальнай установе, але сумняваецца, катэхетка можа сказаць дакладна:
– Не сумнявайцеся. Можна баяцца новага асяроддзя, экзаменаў, але сумнявацца дакладна не варта. “Калі пойдзеш праз ваду, з табой буду, і рэкі не затопяць цябе: калі будзеш ісці праз агонь, не згарыш, і полымя не спаліць цябе” Іс 43,2.
Марыя Ткачэнка атрымала кваліфікацыю катэхета, Алена Маціеўская і Аляксандра Жураўлёва – катэхета і супрацоўніка каталіцкіх СМІ. Атрымаць тэалагічную адукацыю можа кожны, хто мае адпаведнае жаданне. З 25 чэрвеня па 20 жніўня праходзіць рэгістрацыя кандыдатаў. А 22 жніўня а 10.00 (па адрасе: г. Мінск, праезд Галадзеда, 15В) адбудзецца ўступны экзамен. Больш інфармацыі можна атрымаць, прайшоўшы па спасылцы >>.
Марта Багдановіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!


