Фільм «Неверагодны лёс Амелі Пулен»

“Гэты фільм пра мяне!”, “А я думаў, я адзін такі!”, “Няўжо нехта бачыць свет гэтак жа, як і я?” – такія каментары разнесліся па Парыжы 25 красавіка 2001 года і працягваюць гучаць з усіх канцоў свету па сённяшні дзень. Сёлета сваё дваццаціпяцігоддзе спраўляе славутая французская камедыя, гімн рамантыцы, дзівацтву і летуценніцтву – “Неверагодны лёс Амелі Пулен”, больш вядомы пад назвай “Амелі з Манмартра” альбо проста “Амелі”.

Маладая дзяўчына Амелі жыве ў сваім уласным выдуманым свеце. У дзяцінстве ёй даставалася мала ўвагі, а пасля трагічнай смерці маці бацька зусім замкнуўся ў сабе. Дзяўчынцы давялося вучыцца жыць у самоце, і яна абзавялася ўяўнымі сябрамі, а таксама ўменнем заўважаць нешта чароўнае ў самых звычайных рэчах. Цяпер дзяўчыне дваццаць тры, але сацыяльныя навыкі ў яе так і не развіліся, і таму ні каханага, ні блізкіх сяброў у яе няма.

Амелі жыве даволі сумным жыццём парыжскай афіцыянткі, пакуль аднойчы – у дзень смерці прынцэсы Дыяны – не знаходзіць у сваёй кватэры схованку з дзіцячымі скарбамі, якія пакінуў тут нехта з ранейшых жыхароў дома. Дзяўчына вырашае адшукаць уладальніка і вярнуць яму маёмасць. Гэтая маленькая прыгода абуджае ў Амелі нешта новае – яна спрабуе ўмешвацца ў жыцці іншых людзей.

Страты, непаразуменні, адзінота… Калі меркаваць па гэтых прыкметах, вобраз Амелі можа здацца, хутчэй, трагічным, чым жыццесцвярджальным. Аднак нездарма кажуць: прыгажосць – у вачах таго, хто глядзіць. І можна дадаць: а шчасце – у душы таго, хто жыве. Старонні, вонкавы погляд на жыццё Амелі сапраўды можа выклікаць смутак і спачуванне, але фільм не бярэцца назіраць за ёй збоку, як знешні назіральнік, а з першых кадраў пагружае нас у яе бачанне свету, прапануе зірнуць на яе жыццё яе ж вачыма. А жыццё Амелі поўнае цікавасці і фантазіі, своеасаблівага гумару і паўсюдных загадак, і, канешне, маленькіх сціплых радасцяў: “запусціць далонь у мех з фасоллю, зламаць цукровую скарыначку чайнай лыжкай і пускаць „блінчыкі“ па вадзе канала Сэн-Мартэн”.

Свет вачыма Амелі складана з нечым зблытаць, і сам фільм пазнаецца з некалькіх кадраў ці пары-тройкі нотаў. Усё ў ім – ад каляровага і гукавога рашэння да музычных тэмаў і візуальных эфектаў – падпарадкавана адной мэце: паказаць унутраны свет гераіні, яго яркасць, яго гучанне, яго вірлівае, хоць і непрыкметнае для іншых жыццё. Дзякуючы мудрагелістай працы аператара Бруно Дэльбанэля Парыж Амелі напаўняецца цёплымі, утульнымі колерамі – жоўтым, зялёным, чырвоным.

Як і жывы розум гераіні, камера пастаянна ў руху. Ледзь заўважныя, плаўныя яе перамяшчэнні акцэнтуюць эмоцыі персанажаў у спакойных сцэнах, у асабліва эмацыйныя для гераіні моманты камера робіць рэзкі наезд або пачынае выпісваць хітрыя піруэты, а ў дынамічных сцэнах – зрываецца ў непрадказальны палёт. Вялікі акцэнт робіцца на гучанні. Горад поўніцца гаманой і шумам, адасобленымі гукамі цягнікоў і аўто, цурчаннем ручаін і хлопаннем крылаў, а ў важныя для гераіні моманты становіцца наўмысна гіпертрафаваным: на імгненне ўсю гукавую прастору запаўняе ціканне гадзінніка ці сэрцабіццё, а лыжка, акуратна пакладзеная на сподак, нараджае рэха. І, канешне, свет Амелі немагчыма ўявіць без музыкі Яна Цьерсена, яго меланхалічных фартэпіянных мелодый, дынамічных пераліваў акардэона і далікатнага, настальгічнага ксілафона.
Немагчыма гэты свет уявіць і без каларытных, нават гратэскных персанажаў, любоўна выведзеных рэжысёрам і сцэнарыстам Жан-П’ерам Жэнэ. Гэта агідны прадавец Каліньён і яго зацюканы падручны Люсьен, раўнівец з дыктафонам Жазэф і “вечна хворая” Жаржэт, пісьменнік-няўдачнік Іпаліта і расчараваная ў жыцці мадам Фантан, “шкляны чалавек”, які з-за хваробы касцей не можа пакідаць кватэру, і бацька Амелі, які можа паглядзець цэлы свет, але не бачыць у гэтым сэнсу. Усе яны становяцца “ахвярамі” Амелі, якая вырашыла непрыкметна ўмешвацца ў жыцці іншых людзей. Аднак і сама Амелі – прызнае яна гэта ці не – патрабуе дапамогі, патрабуе ўмяшання ў сваё замкнутае, адгароджанае ад навакольных жыццё. І такім умяшаннем становіцца яе выпадковая сустрэча з яшчэ адным самотнікам і дзіваком. Сустрэча, якая неўзабаве стане ратавальным для абаіх каханнем.
Са з’яўленнем у сюжэце Ніно фільм пачынае набываць звыклыя контуры рамантычнай камедыі. Аднак сцэнарысты Жан-П’ер Жэнэ і Гіём Ларан пераварочваюць класічную схему гэтага жанру. Рамантыка адносін тут увасабляецца не ў размовах і спатканнях, але ў фантазіях пра каханага, цікаванні за ім і прыдумванні вынаходлівых выпрабаванняў. У адрозненне ад класічных раманаў, дзе знаёмста становіцца завязкай, Амелі і Ніно пазнаёмяцца толькі ў канцы. Да самага фіналу ўсе іх стасункі будуць мець ананімны характар, будуць адбывацца ва ўнутраным свеце кожнага з герояў. І гэта наводзіць на думку, што “Амелі” – не толькі і не столькі рамантычная камедыя, колькі нешта іншае.

“Летуценнікам зараз несалодка”, – скажа Амелі сяброўка Ніно, і тым самым абазначыць галоўную тэму фільма: пошук сябе і сваёй ідэнтычнасці рамантыкамі, дзівакамі, летуценнікамі. Сярод гледачоў нярэдка бытуе думка, што “Амелі” засцерагае ад жыцця ў фантазіях. Рэжысёр любуецца дзівацтвамі сваіх персанажаў, але і прыводзіць іх да высновы, што нельга вечна хавацца ад рэальнага жыцця. Аднак гэтую думку можна лёгка аспрэчыць. Сустрэча герояў у фінале фільма не спыняе іх дзівацтваў. Ужо з першага ж незвычайнага пацалунку становіцца ясна, што яны знойдуць адно ў адным падтрымку сваім памкненням і свайму бачанню свету. Такім чынам фільм не выступае супраць эскапізму, не схіляе змірыцца з шэрай рэальнасцю, але быццам заклікае і падбадзёрвае незвычайных і самабытных людзей адкрыцца свету і ўнесці ў яго часцінку рамантыкі, дзівацтва і летуценняў.

Стах Лысы

для друку для друку