Медыкі пацвердзілі лячэбны патэнцыял малітвы на Ружанцы

Ілюстрацыйнае фота

Нядаўняе навуковае даследаванне пацвердзіла, што малітва на Ружанцы мае моцную сувязь з даверам і ўнутраным спакоем. Група пад кіраўніцтвам дацэнта Міхаэля Тойта, лекара берлінскай бальніцы Charité, даследавала ўплыў малітвы да Дзевы Марыі на фізічнае самаадчуванне тых, хто моліцца.

Паводле атрыманых вынікаў, рэгулярная малітва на Ружанцы мае выключную карысць. «Традыцыйная малітва да Дзевы Марыі не толькі стабілізуе здароўе, але і дазваляе тым, хто моліцца, дасягнуць унутранага стану даверу і спакою, што часта мае вырашальнае значэнне для пазітыўнага пераадолення хваробы», — сказаў доктар Міхаэль Тойт. Доктар апублікаваў два даследаванні на гэтую тэму ў часопісе Journal of Religion & Health.

Спачатку доктар Тойт і яго каманда апыталі людзей, якія рэгулярна моляцца, а затым пашырылі аўдыторыю да анлайн-апытання. «Многія людзі апісваюць глыбокае пачуццё ўнутранага спакою і радасці падчас малітвы на Ружанцы; іншыя даследаванні паказваюць, што практыкаванні на ўважлівасць больш сканцэнтраваны на самакантролі і прысутнасці», — растлумачыў кіраўнік групы. Гэта мае эфект эмацыйнай стабілізацыі, які ўзмацняецца рытмічнай малітвай, адчуваннем пацерак у руцэ і паўторам знаёмых фраз.

Ружанец асабліва падыходзіць для тых, хто знаёмы з рэлігійнай сімволікай, кажа нямецкі лекар, таму што ён можа быць для іх «эфектыўнай духоўнай крыніцай», асабліва ў кантэксце здароўя. Таму доктар Тойт бачыць неабходнасць далейшых даследаванняў і адкрытасці да малітоўных практык і ў медыцыне: «Ружанец можа быць каштоўным дадаткам у пастырскай дапамозе, сястрынскай справе або хоспіснай дапамозе — пры ўмове, што ён практыкуецца са шчырай верай».

Паводле слоў лекара-даследчыка, заклік Папы Льва XIV да штодзённага Ружанца за мір у кастрычніку гэтага года з’яўляецца вельмі добрай аб’яднаўчай ініцыятывай. Гэтая малітва «па сутнасці з’яўляецца пасланнем міру, бо яна адносіцца да этапаў жыцця Ісуса, і таму пасланнем міласэрнасці, любові і прымірэння». Паўтарэнне малітваў і ўключэнне кароткіх разважанняў пра моманты з жыцця Збаўцы надаюць усяму медытатыўны характар.

credo.pro
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку