Пятніца – са смакам

Кожная пятніца для католіка – дзень асаблівы. Гэта час успаміну Хрыстовай ахвяры. Касцёл заклікае нас у гэты дзень да пакаяння і ўстрымання ад мяса. Але гэта зусім не значыць, што стол павінен быць бедным, а стравы на ім – нясмачнымі. Мы падрыхтавалі для вас тры рэцэпты, якія дапамогуць зрабіць пятнічную вячэру цёплай, смачнай і незвычайнай.

Запечаная рыба з гароднінай – святочны варыянт

Калі хочацца зрабіць стол больш урачыстым і прыгожым, то варта звярнуцца да рэцэпту запечанай рыбы. Гэтая страва выглядае святочна, а гатуецца проста.

Складнікі:

  • Філе белай рыбы (падыдзе мінтай, судак) – 500 г;
  • Папрыка, цукіні, часнок, цыбуля;
  • Аліўкавы алей, лімон, соль, перац, сухія травы (размарын, чабор);

Прыгатаванне:

  1. Нарэжце гародніну кольцамі або буйнымі кавалкамі;
  2. У форму для запякання выкладзіце гародніну, зверху – рыбу, пасля паліце алеем і сокам лімона;
  3. Запякайце ў духоўцы пры тэмпературы 180 С каля 20-25 хвілін. Падавайце з рысам або адварной бульбай.

Вегетарыянскі суп-пюрэ з грыбоў

Гарачая першая страва цудоўна сагравае і стварае настрой. Грыбны суп з крэмавай тэкстурай – гэта багацце густу без грама мяса.

Складнікі:

  • 300 г свежых шампіньёнаў або лясных грыбоў;
  • 1 цыбуліна і 1 морква;
  • 200 мл вяршкоў (20%);
  • Соль, перац, мускатны арэх, раслінны алей.

Прыгатаванне:

  1. Абсмажце дробна нарэзаную цыбулю і моркву. Дадайце нарэзаныя грыбы і тушыце да гатоўнасці.
  2. Перакладзіце ўсё ў рондаль, даліце вады, давядзіце да кіпення. Варыце 10 хвілін.
  3. Узбіце суп блэндарам да аднароднасці. Уліце вяршкі, дадайце спецыі і зноў падагрэйце, не даводзячы да кіпення.

Бульба, тушаная з грыбамі і смятанай

Гэта страва – сапраўдная класіка беларускай поснай кухні. Яна не патрабуе экзатычных прадуктаў, а атрымліваецца вельмі смачнай.

Складнікі:

  • 6-8 бульбін;
  • 300 г свежых шампіньёнаў;
  • 1 цыбуліна;
  • 200 мл смятаны;
  • Соль , чорны перац, лаўровы ліст;
  • 2-3 сталовыя лыжкі расліннага алею.

Прыгатаванне:

  1. Бульбу ачысціце і нарэжце буйнымі кавалкамі (як на суп);
  2. Дробна пакрышыце цыбулю, грыбы нарэжце пласцінкамі;
  3. У глыбокай патэльні або каструлі разагрэйце алей. Спачатку абсмажце цыбулю, потым дадайце грыбы і смажце, пакуль не выпарыцца вадкасць.
  4. Да грыбоў дадайце бульбу, заліце вадой так, каб яна ледзь прыкрывала бульбу. Дадайце соль, перац і лаўровы ліст.
  5. Уліце смятану, перамяшайце і тушыце яшчэ 5 хвілін. Не даводзьце да кіпення.
  6. Падавайце гарачым, пасыпаўшы свежай зелянінай (пятрушкай ці кропам).

Дарагія чытачы! Заўсёды трымайцеся галоўнага прынцыпу пятніцы: ешце ўсё, што дазволена, але не ешце адно аднаго. Тады ўстрыманне прынясе карысць і сапраўдны духоўны плён.

Падрыхтавала Марта Венславовіч

для друку для друку