29 ліпеня 2023 года ў Навагрудскі касцёл св. Арханёла Міхала былі ўрачыста ўнесены рэліквіі бласлаўлёных сясцёр назарэтанак, навагрудскіх мучаніц, а таксама іх абразы, намалёваныя вядомымі мастакамі-партрэтыстамі нашай краіны. Унясенне рэліквій здзейсніла с. Філатэя Ціхановіч, правінцыяльная сясцёр назарэтанак у Беларусі, разам з с. Лаўрай Шукеловіч, якая ў сваю чаргу распавяла гісторыю Навагрудскіх пакутніц.
Літургію, якая распачалася апоўдні, узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч У гаміліі ён падкрэсліў, што сваім подзвігам мучаніцы паўтарылі словы Хрыста, што няма большай любові, калі хтосьці аддае сваё жыццё за бліжніх. Сёстры загінулі, але жыццё засталося і прадаўжаецца.
Хрыстус кажа, што калі зерне ўпадзе ў зямлю і памрэ, то прынясе плён. Навагрудскія сёстры-мучаніцы прынеслі багаты плён духоўнага жыцця. Як важным было іх сведчанне ў часы ганенняў на веру! Іх прыклад бескарыснай любові аж да смерці духоўна ўмацоўваў многіх і дапамог мужна перанесці пераслед веры і дачакацца яе рэнэсансу.
“Мучаніцкая смерць сясцёр прамаўляе і ў наш час, і заклікае да таго, каб не было Каінаў, якія будуць падымаць руку супраць брата Абеля, каб мір і ўзаемная пашана панавалі на нашай зямлі і ў свеце.
Якую лекцыю заставілі нам навагрудскія мучаніцы? Яны пакінулі нам пасланне веры, якое выразілася ў надзвычайным даверу Божаму Провіду ў момант дабравольнай ахвяры свайго жыцця за іншых. Гэты моцны дух веры даў ім унутраны супакой, каб аддаць сябе ў рукі Бога, нягледзячы на відавочную небяспеку смерці.
Адкуль мелі сілы? З вернасці дэвізу свайго служэння: “Fiat voluntas tua” – “Няхай будзе твая воля”. У той час, калі чалавек забіваў чалавека, Божай воляй было паказаць сілу любові замест гвалту. Гераічная смерць сясцёр выплывае з укаранёнай у евангельскім пасланні любові іх духоўнасці, якая праяўляецца ва ўважлівым услухоўванні ў голас Бога, які прамаўляе праз асобы, здарэнні і сведчанні штодзённага жыцця. Яны — мучаніцы крыві, пралітай за вызнанне веры і любові Бога і бліжняга, якая перамяняе нашу гісторыю, заплямленую злом, у гісторыю збаўлення, закваску надзеі і дабра. Калі вакол панавала зло вайны, якая не шкадуе нікога, забівае і разбурае, нясе маральнае і фізічнае зло, яны паказалі прыклад крэатыўнай любові”, — падсумаваў арцыбіскуп Тадэвуш.
Прынясенне рэліквій благаслаўлёных сясцёр мучаніц у касцёл св. Арханёла Міхала будзе служыць распаўсюджванню іх культу і прыпамінаць пра абавязак любіць Бога і бліжняга, змагацца за мір, калі трэцяя сусветная вайна грукае ў нашы дзверы, і спяшацца чыніць дабро, бо час уцякае, а вечнасць чакае.
“Не бойцеся тых, што забівае цела, а душы забіць не можа”, — кажа Езус. Мы павінны быць мужнымі, каб публічна вызнаваць яго перад людзьмі, бо хто ад яго адрачэцца, ад таго адрачэцца і Бог. Сведчанне прамаўляе мацней чым слова.
Арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў гамілію малітвай: “Навагрудскія мучаніцы, выпрасіце нам у Бога ласку, практыкаваць у штодзённым жыцці любоў Бога і бліжняга, быць актыўнымі сведкамі нашай веры, яе мужна бараніць і распаўсюджваць, каб як мага больш людзей прытрымлівалася прынцыпаў Евангелля з мэтай будаваць цывілізацыю жыцця, міру і любові”.
Пасля св. Імшы сем’і з Навагрудка, на знак удзячнасці мучаніцам за іх ахвяру з жыцця дзеля ўратавання мясцовых сем’яў, урачыста ўнеслі абразы мучаніц у касцёл, пасля чаго арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч правёў абрад іх асвячэння. Апрача сястры Стэллы і яе паплечніц у касцёл былі ўнесеныя выявы асобаў, якія былі звязаныя з гэтай манаскай кангрэгацыяй і яе пачаткамі, а менавіта с. Малгажата, якая цудам уратавалася ад расстрэлу, слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі, тагачасны першы ардынарый новаабвешчанай Пінскай дыяцэзіі, кс. Аляксандр Зянкевіч, спаведнік сясцёр мучаніц і падлетак, парэшткі якога знайшлі пры эксгумацыі ў магіле разам з благаслаўлёнымі мучаніцамі, які меркавана быў нявольным сведкам або тым каго гестапа паставіла капаць для расстраляных магілу.
Напрыканцы вернікі мелі магчымасць ушанавання самых рэліквій праз уцалаванне. Духоўнае свята сваім спевам аздобіў хор Verum Cantum з Мінска. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел мастакі-жывапісцы, якія ўдзельнічалі ў пленэры прысвечаным манахіням-пакутніцам з Навагрудка.
Памаліцца праз заступніцтва благаслаўлёных мучаніц і ўбачыць іх вобразы можна будзе бліжэйшыя некалькі тыдняў у касцёле св. Арханёла Міхала ў Навагрудку.
Дамінік Запаснік, тэкст
К. Гардзеева, фота
