100 гадоў таму, у 1923 годзе, бласлаўлёны Юры Матулевіч, будучы арцыбіскупам Віленскай дыяцэзіі, заснаваў Кангрэгацыю Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі, прызначаную пераважна для патрэб дыяцэзіі, з мэтай распаўсюджвання рэлігійнай адукацыі і развіцця сакрамантальнага жыцця мясцовага насельніцтва. Таксама сёстры павінны былі весці місіянерскую працу сярод шматлікіх праваслаўных хрысціян раёна.
Суполка пачала стварацца ў мястэчку Друя на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. Спачатку сёстры працавалі ў гімназіі, трымалі жаночую кравецкую школу, школу-інтэрнат, ткацкую і трыкатажную майстэрню, дзіцячы дом, катэхізавалі і служылі ў парафіі; крыху пазней яны трымалі таксама дзіцячы дом і дзіцячы сад. У камуністычны перыяд, калі статутная апостальская дзейнасць была моцна абмежавана свецкімі ўладамі, кангрэгацыя пераняла мадэль схаванага служэння душпастырскай працы святароў у парафіях.
“Усё для Хрыста і праз Хрыста”
29 красавіка 2023 года па запрашэнні сясцёр эўхарыстак Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч разам са старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам, мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім, дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім, біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам, Апостальскім адміністратарам для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам і шматлікімі святарамі прынялі ўдзел ва ўрачыстым святкаванні 100-гадовага юбілею заснавання манаскай супольнасці.
Урачыстасць праходзіла ў дыяцэзіяльным Санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе.
Сёстры сабраліся з усіх куточкаў нашай Бацькаўшчыны, дзе нясуць паслугу, — гэта Барысаў, Астравец, Слабодка, Полацк і Браслаў. Разам з імі на супольнае святкаванне прыехалі і святары з парафіянамі, з якімі працуюць разам.
Як гаспадар дыяцэзіі, біскуп Алег разам з сёстрамі перад святыняй прывіталі Апостальскага нунцыя. “Для нас гэта вялікі гонар і радасць гасціць на Браслаўскай зямлі прадстаўніка Апостальскай Сталіцы. Ваша прысутнасць сёння – гэта прызнанне і шанаванне ахвярнай паслугі сясцёр эўхарыстак, якую здзяйснялі яны за 100 год свайго існавання на гэтай зямлі. Гэта быў няпросты час, час пераследу, ваюючага атэізму, які нарабіў шмат прыкладаў адданай і гераічнай працы і служэння сясцёр Хрыстоваму Касцёлу”.
Падчас гаміліі арцыбіскуп Антэ Ёзіч прыгадаў гісторыю манаскай супольнасці і вернасці “Дачок Езуса ў Эўхарыстыі”. “Дэвіз кангрэгацыі “Усё для Хрыста і праз Хрыста” натхняе ўсё вашае жыццё і вашу манаскую дзейнасць. Любоў да Хрыста, прысутнага ў Эўхарыстыі, і добры прыклад вашых сясцёр, малітва, праца і ахвярнасць паказваюць парафіянам вялікую пашану да Каталіцкага Касцёла і вабяць стаць сапраўднымі вернікамі”. Апостальскі нунцый шчыра падзякаваў Пану за вельмі каштоўны дар існавання гэтай кангрэгацыі.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў словах віншавання прыгадаў словы Папы Францішка, які параўноваў сясцёр законных да веснавога саду, дзе квітнеюць яблыні, дзе надзея і радасць для садоўніка, але таксама дзе ад спякотнага летняга сонца некаторыя кветкі гінуць і асыпаюцца. Але прыходзіць восень і тады прыходзіць радасць, бо можна наталіць свой голад добрым плодам. “Сёння вы з’яўляецеся гэтым веснавым садам, гэтым квіценнем Касцёла ў Беларусі, былі і ёсць, бо гэты працэс адбываецца кожны раз, калі Бог кліча вас па імені, каб пайшла за Ім, каб несла радасць, дзялілася верай і дарыла надзею”
У адрас сясцёр былі зачытаны словы віншаванняў з нагоды юбілею ад Апостальскай Сталіцы, мітрапаліта на пенсіі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Маці генеральнай с. Малгажаты Ваврык SJE.
Няма падарунка, якім можна выказаць удзячнасць Касцёла за працу сясцёр, за іх гісторыю. Гэта вялікі прыклад для кожнага. “Сённяшні юбілей паказвае, што гісторыя вашай кангрэгацыі не маўчала”, — адзначыў прадстаўнік Святога Пасаду і ўручыў с. Антаніне Багдановіч, настаяцельніцы дэлегатуры Беларусі і Літвы, адмысловы падарунак — памятны медаль ад Папы Рымскага.
Пасля св. Імшы с. Наталля Арлянковіч SJE запрасіла прысутных да прагляду прэзентацыі пра гісторыю і дзейнасць сясцёр эўхарыстак ва ўсім свеце.
Адпуст з нагоды юбілею
Для паглыблення пабожнасці верных і збаўлення душаў, моцаю дазволаў выдадзеных Святым Айцом Папам Францішкам з нагоды стагоддзя Кангрэгацыі, можна атрымаць адпуст пры выкананні звычайных умоваў.
Хто можа атрымаць адпуст?
- сёстры Служабніцы Езуса ў Эўхарыстыі,
- асобы, звязаныя з Кангрэгацыяй,
- усе вернікі, якія выконваюць пакуту і маюць любоў у сэрцы.
Калі? Ад 19 сакавіка 2023 года да 19 сакавіка 2024г.
За каго ахвяраваць? За душы, пакутуючыя ў чыстцы.
Умовы:
- наведаць капліцу альбо касцёл, пры якіх паслугоўваюць Сёстры Служабніцы Езуса ў Эўхарыстыі (Астравец, Барысаў, Браслаў, Полацк, Слабодка);
- прыняць пабожны удзел у юбілейных урачыстасцях альбо прысвяціць час на пабожныя разважанні,
- сакрамэнтальная споведзь, Эўхарыстычная Камунія;
- памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца “Ойча наш”, Сімвал веры (“Веру ў Бога”), а таксама малітвамі да Маці Божай.
Асобы старэйшыя, хворыя і ўсе, хто па сур’ёзных прычынах не могуць выходзіць з дому, таксама могуць атрымаць поўны адпуст, адкінуўшы ўсялякі грэх, з намерам выканаць звычайныя ўмовы, духоўна далучацца да юбілейных урачыстасцяў, ахвяруючы міласэрнаму Богу свае малітвы і цярпенні, а таксама жыццёвыя клопаты і нязручнасці, якія яны перажываюць.
Друя: гісторыя і жывапіс
У другой палове святочнага дня, Апостальскі нунцый разам з біскупам Віцебскім і дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі накіраваліся ў Друю, дзе быў пачатак дзейнасці сясцёр эўхарыстак. Там арцыбіскуп Антэ не толькі ўбачыў прыгажосць і гісторыю, але пазнаёміўся з захапленнем мясцовага пробашча кс. Сяргея Сурыновіча – жывапісам, і наведаў яго экспазіцыю мастацкіх прац, якая знаходзіцца на першым паверсе кляштара. Шаноўныя госці пазнаёміліся з гісторыяй парафіі і сясцёр эўхарыстак, для якіх Друя з’яўляецца роднай калыскай іх кангрэгацыі. І як адзначыў сам кс. Сяргей: “Для нашай парафіі гэта гістарычная падзея.”
Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, Марына Сінкевіч, кс. Сяргей Сурыновіч, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!




























































