У Лепелі прайшла чарговая сустрэча духавенства Віцебскай дыяцэзіі

7 сакавіка ў касцёле св. Казіміра ў Лепелі адбылося спатканне біскупа Алега Буткевіча са святарамі, законнымі братамі і сёстрамі Віцебскай дыяцэзіі.

Як склалася добрай традыцыяй, сустрэча распачалася з канферэнцый для ксяндзоў і манахінь. Кс. доктар біблійнай тэалогіі Валерый Марціноўскі засяродзіўся разам са святарамі над урыўкам з кнігі мудрасці Сіраха, дзе аўтар слоў пералічвае розныя прафесіі тагачаснага свету і паказвае кантраст паміж рамеснікам і мудрацом. Часта здараецца, што ксёндз на парафіі можа выконваць усе справы (будаваць, рамантаваць), але часу і ахвоты на служэнне людзям не застаецца. Дакладчык прыгадаў тры прыярытэты – “слупы” – святарства: Эўхарыстыя і сакраманты (старанна падрыхтаваныя і цэлебраваныя), абвяшчэнне Слова (ва ўсіх яго вымярэннях) і Caritas – Любоў Хрыста (прабываць з Божым народам, які церпіць).

Для манаскіх сясцёр а. Яраслаў Банасяк OFMConv казаў пра пакуту. Абранае жыццё з Хрыстом — гэта ўдзел у пакаянні за збаўленне. Манаскае пакліканне — трываць разам з Ім. Пакаянне вядзе да навяртання, да перамены, у глыбіню сэрца, да еднасці з Хрыстом. Прыклады св. Францішка і св. Клары заахвоцілі манахінь да роздуму і практыкавання гэтага духоўнага скарба.

Затым быў час на прабыванне ў цішыні ў прысутнасці Езуса Эўхарыстычнага і сакрамант пакаяння.

Сустрэчу прадоўжыла святая Імша, галоўным цэлебрантам якой быў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Гамілію іерарх прысвяціў тэме святарства, бо гэта не прафесія, а пакліканне і зусім няпростае заданне, дзе падыход павінен быць вельмі адказным. Фрагмент Евангелля паводле Мацвея (23, 1-12), які чытаўся ў гэты дзень ва ўсім Касцёле, — “пэўны рахунак сумлення для святароў і біскупаў”, адзначыў біскуп Алег.

Наступная сустрэча пройдзе ў Вялікую сераду 5 красавіка ў Віцебску.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку