У сераду, 25 мая, у касцёле Адшукання Святога Крыжа, які знаходзіцца пры Гродзенскай духоўнай семінарыі, адбылася другая канферэнцыя кангрэсу.
На мерапрыемстве прысутнічалі святары як з Беларусі, так і з Польшчы, Літвы, Украіны. З дакладам на ёй выступіў біскуп з польскага горада Элк Ежы Мацур. Яго даклад быў прысвечаны Эўхарыстыі і місіям.
Біскуп адзначыў, што місія Касцёла – гэта працяг місіі Хрыста, а Эўхарыстыя з’яўляецца крыніцай гэтай місіі. Мы ўсе пасля прыняцця сакраманту хросту з’яўляемся адначасова вучнямі Хрыста і яго місіянерамі.
А каб абвяшчаць праўду пра Хрыста, не трэба ехаць кудысьці далёка, трэба працаваць з тымі, хто побач нас.
Біскуп Ежы працаваў доўгі час у Беларусі і Расіі. Ён спрычыніўся да аднаўлення дзейнасці Касцёла ў далёкім Іркуцку, дзе сучасная дыяцэзія размешчана ў пяці часавых паясах.
— Часам трэба было па 4-5 гадзін ляцець на самалёце, дзе цябе чакалі 10-15 вернікаў. Але яны моцна хацелі паяднацца праз Эўхарыстыю з Езусам, таму нельга было ім адмовіць, — успамінае святар.
Святар узгадаў, што і зараз вельмі шмат місіянераў церпіць за веру, бывае, што місіянеры гінуць за Хрыста. Але гэтыя ахвяры недарэмныя, мы павінны пра іх памятаць і браць прыклад з мужнасці гэтых людзей.
Па заканчэнні канферэнцыі адбылася святая Імша, якую ўзначаліў папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі з Польшчы.
Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!









