400 гадоў першаму касцёлу ў Параф’янаве

Параф’янава. Фрагмент гравюры з кнігі а. Элеўтэра Зеляевіча “Звярынец нябесны на зямлі”, 1650 год.

Сёлета ў Параф’янаве адзначаюць 120-годдзе з даты асвячэння касцёла. Пакуль не збудавалі сучасны храм, на яго месцы стаялі два драўляныя. Першы з іх быў заснаваны роўна 400 гадоў таму. Наогул першыя звесткі пра Параф’янава звязаныя з заснаваннем у 1435 годзе пасады віленскага архідыякана.

Архідыяканам быў святар з катэдральнай капітулы, які выконваў абазвязкі дэлегата біскупа ў справах адміністрацыі і дысцыпліны на тэрыторыі дыяцэзіі. 9 чэрвеня 1435 года Вялікі князь Літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч падпісаў у Новых Троках дакумент, у каторым надаў для архідыякана “фальварак і людзей, якія даюць даніну мёдам у Куранецкай воласці”.

Дакумент не прыводзіць назву фальварка, аднак з пазнейшых крыніц вынікае, што гэта было Параф’янава. Першы раз гэтая назва з’яўляецца 16 лістапада 1460 года, калі дэлегаты Войцеха Манівідавіча, уладальніка Докшыцаў і Гняздзілава, разам са слугамі архідыякана ксяндза Мацея вызначылі межы з уладаннямі апошняга, якія ў гэтым дакуменце называныя “Парфенкавічы”. Назва паселішча паходзіць ад імя Парфен, у гутарковай мове найчасцей ужывалася ў форме “Пархвенава” або “Парфенава”, але ўрэшце прыняўся варыянт “Параф’янава”. Доўгі час гэта былі ўладанні, з якіх архідыяканы чэрпалі даходы, але не вялі там душпастырскай працы. Касцёл у Параф’янаве пабудаваў толькі ксёндз Мельхіёр Гельяшэвіч, што быў архідыяканам у 1622-1633 гадах. У 1623 годзе ён упершыню быў названы параф’янаўскім пробашчам.

Кс. Мельхіёр Гельяшэвіч, віленскі архідыякан. Партрэт XVII стагоддзя.

Даўнія гістарычныя крыніцы падаюць дзве даты заснавання касцёла ў Параф’янаве – 1624 і 1630 гг. Больш праўдападобная першая дата, бо існуе яшчэ дакумент з 7 лютага 1628 года, каторы згадвае існаванне параф’янаўскага касцёла як факт, а яго будаўніком называе ксяндза Гельяшэвіча. У тым  дакуменце віленская капітула прызначыла пробашчу дзясятую частку даходаў з параф’янаўскага маёнтка і зямлю пад агарод. Ксёндз Мельхіёр Гельяшэвіч меў спрэчку з будслаўскімі айцамі-бернардынамі: спрабаваў давесці ў судзе, што Будслаўская пушча належыць да Параф’янава. У 1633 годзе ліпы з Параф’янава сплаўлялі ў Вільню, каб выкарыстаць іх для вырабу алтароў у катэдральным касцёле святога Станіслава. У 1649 годзе маёнтак Параф’янава складаўся з 12 вёсак, 29 засценкаў, у якіх разам было 238 сялянскіх гаспадарак, і пяці пушчаў. У тым жа годзе ў мястэчку пачалі праводзіць таргі і кірмашы.

У 1650 годзе выява Параф’янава з каталіцкай святыняй была змешчаная на гравюры ў кнізе настаяцеля будслаўскага кляштара айца Элеўтэра Зеляевіча “Звярынец нябесны на зямлі”, якая выйшла ў Вільні ў друкарні езуітаў. У кнізе айцец Зеляевіч апісаў гісторыю Будслава, цудадзейнага абраза і цуды, каторыя Бог здзяйсняў праз заступніцтва Панны Марыі. Параф’янава (“Parfinow”) было прадстаўленае як адна з мясцовасцяў у наваколлі Будслава.

У 1654 годзе Расія напала на Рэч Паспалітую. Чужое войска прынесла вялікія разбурэнні, і варожыя да Касцёла вайскоўцы знішчылі шмат каталіцкіх святыняў. Быў спалены і касцёл у Параф’янаве.

Касцёл пасля вайны адбудаваў біскуп Мікалай Слупскі. Гэты святар запомніўся сучаснікам сваёй пабожнасцю, стараннасцю і дабрачыннасцю. Яго называлі “бацькам бедных”. У 1649 годзе гэты святар увайшоў у склад віленскай капітулы. Каля 1655 года стаў архідыяканам. Некалькі разоў ён браў на сябе кіраванне дыяцэзіяй у час адсутнасці біскупа, а таксама быў паслом на Сойм Рэчы Паспалітай. 8 верасня 1669 года прыняў біскупскае пасвячэнне, быў дапаможным біскупам віленскім і суфраганам беларускім (беларуская суфраганія мела цэнтр у Абольцах каля Талачына і ахоплівала ўсходнюю частку сучаснай Беларусі). У 1671 годзе ён мог атрымаць пасад віленскага біскупа, але гэтаму запярэчыў Кароль Польскі і Вялікі князь Літоўскі Міхал Карыбут-Вішнявецкі.

Біскуп Мікалай Слупскі. Партрэт XVII стагоддзя.

Біскуп Мікалай Слупскі пашыраў культ Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. На партрэце XVII стагоддзя ён намаляваны побач з абразом Маці Божай. У 1670-1671 гадах біскуп Слупскі выпрасіў у Апостальскай Сталіцы прывілей на заснаванне пры віленскай катэдры брацтва Імя Марыі і святкаванне там урачыстасці Імя Марыі. У 1674-1675 гадах біскуп Мікалай Слупскі праводзіў візітацыю дыяцэзіі, удзяляў сакрамант бежмавання, раздаваў указанні для паляпшэння матэрыяльнага і маральнага стану парафій, апісваў ваенныя знішчэнні. 8 верасня 1675 года ён наведаў Параф’янава, пабежмаваў 81 чалавека і асвяціў святыню, якая перад тым была адбудаваная на яго загад. Кіруючыся сваёй марыйнай пабожнасцю, біскуп надаў касцёлу тытул Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Неўзабаве свята Імя Найсвяцейшай Панны Марыі стала адзначацца ва ўсім Касцёле. 12 верасня 1683 года адбылася бітва з туркамі пад Венай, якая ўратавала Еўропу ад улады мусульманаў, каторыя маглі б зашкодзіць свабодзе Касцёла. На чале войска стаў кароль Польскі і Вялікі князь Літоўскі Ян ІІІ Сабескі, каторы раніцай перад бітвай прыслужваў на Імшы як міністрант, а ідучы ў бой, загадаў напісаць на вайсковых штандарах імя “Марыя”. Даведаўшыся пра перамогу, Папа Інакенцій ХІ устанавіў літургічны ўспамін Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Спачатку свята прыпадала на нядзелю пасля ўрачыстасці Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (8 верасня), а ў 1911 годзе Папа Пій ІХ перанёс яго на 12 верасня. У Параф’янаве гэты дзень з’яўляецца парафіяльным адпустам.

Касцёл, збудаваны біскупам Мікалаем Слупскім, быў з сасновага брусу, без сутарэнняў. Будынак меў памеры 21 на 10,5 метраў (у чатыры разы меншы за сучасны касцёл), вышыню – 10 метраў. У 1750 годзе ксёндз Антоні Баравіцкі адрамантаваў святыню: падважыўшы сцены, зрабіў новы каменны падмурак, аббіў касцёл дошкамі і аднавіў дах. Наступны рамонт зрабіў ксёндз Антоні Ясінскі, які быў пробашчам у 1795-1826 гадах. Апісанні пачатку ХІХ стагоддзя згадваюць, што святыню аздабляла аббітая бляхай вежа-“пірамідка” над уваходам. Побач стаяла драўляная двухярусная званіца, на якой былі два званы.

У касцёле былі тры алтары. У пачатку XVIIІ стагоддзя ў галоўным алтары быў абраз Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, над ім – блаславёнага Міхала Гедройця. Табернакулюм быў “кшталтаў элеганцкіх, звонку маляваны фарбай, унутры ўвесь пасярэбраны”. Крыніцы канца XVIII стагоддзя апісваюць алтар як “вялікі стары сныцэрскай работы (…) з дзвюма калонамі, у якіх абраз на палатне Імя Марыі, (…) пры тым абразе Каронка срэбная малая, вотаў срэбных дзевяць, (…) на другім узроўні абраз П[ана] Езуса на палатне”.

Акрамя галоўнага алтара былі яшчэ два бочныя. Праўдападобна, што яны захаваліся да сённяшняга дня – гэта тыя невялікія драўляныя алтары, што знаходзяцца ў параф’янаўскім касцёле па два бакі ад прэзбітэрыя, каля ўваходаў у закрыстыю. На хорах былі “арганы на дзесяць галасоў”. Пры касцёле заснавалі першую ў Параф’янаве школу, якая давала дзецям пачатковыя веды з чытання і пісання. У 1777 годзе, калі школа згадваецца ўпершыню, у ёй было шэсць вучняў са шляхецкіх і сялянскіх сем’яў. Навучаннем займаўся сам пробашч.

Да “сацыяльнай” функцыі парафіі належаў і збудаваны ў 1814 годзе “шпіталь”, які служыў прытулкам для старых і нямоглых. У 1840 годзе там жылі чатыры чалавекі – двое мужчын і дзве жанчыны. Яны жылі з міласціны, а таксама мелі права карыстацца агародам плябаніі.

У 1793 годзе ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай Параф’янава трапіла ў склад Расійскай імперыі. Царскія ўлады адразу забралі маёнтак архідыякана, і ён стаў прыватным уладаннем. Касцёл працягваў дзейнічаць, але драўляная святыня неўзабаве стала цеснай для парафіі, якая расла ў сваёй колькасці. Толькі ў 1897 годзе з’явілася магчымасць для будаўніцтва новага касцёла.

Пры напісанні гэтага артыкула вельмі карыснымі былі звесткі з манаграфіі а. Яна Фібэка “Wskrzeszenia na pograniczu dwóch światów” (Nowe Miasto nad Pilicą, 2011), якому належыць вялікая павага за даследаванне гісторыі Касцёла ў нашым рэгіёне.

Кастусь Шыталь

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі