Дваццаць гадоў назад у Віцебску прайшла першая Эўхарыстычная працэсія па вуліцах горада

17 мая 2006 года ў Віцебску адбылася першая працэсія Божага Цела па вуліцах горада, якая стала знамянальнай падзеяй не толькі ў жыцці католікаў абласнога цэнтра але і ўсёй Віцебскай дыяцэзіі. У працэсіі прымалі ўдзел святары і вернікі з розных парафій вобласці, у тым ліку і мёрскія парафіяне.

Ініцыятарам Эўхарыстычнай працэсіі па вуліцах абласнога цэнтра быў тагачасны ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Уладзіслаў Блін. Так як чацвер, калі адзначаецца ўрачыстасць Божага Цела, — гэта працоўны дзень, а ў нядзелю ў большасці парафій ладзяцца свае працэсіі, было прынята рашэнне правесці Эўхарыстычную працэсію ў суботу, каб як мага больш вернікаў з усёй дыяцэзіі змаглі прыняць у ёй удзел.

З розных куточкаў вобласці спяшаліся ў той дзень пілігрымы ў Віцебск, дабіраючыся чыгункай або аўтатранспартам. Мёрскія вернікі, сярод якіх былі дарослыя, моладзь і міністранты, вырушылі ў дарогу на аўтобусе. За малітвай і спевам рэлігійных песень дарога праляцела незаўважна.

Апоўдні распачалася святая Імша на месцы будаўніцтва касцёла Езуса Міласэрнага — цяпер гэта Віцебская катэдра, што размяшчаецца на вуліцы Воінаў-Інтэрнацыяналістаў. Эўхарыстыю святары цэлебравалі пад адкрытым небам. Узначаліў Літургію біскуп Уладзіслаў Блін.

Пасля Эўхарыстыі распачалася працэсія, якая традыцыйна мела чатыры прыпынкі з чытаннем Святога Пісання і бласлаўленнем Найсвяцейшым Сакрамантам. Прадстаўнікі розных парафій неслі свае харугвы.

На вуліцы стаяла вельмі спякотнае надвор’е, але яно не паўплывала на радасны і ўзнёслы настрой вернікаў.

Завяршылася працэсія супольнай малітвай на апошняй стацыі ля імправізаванага алтара. Біскуп Уладзіслаў Блін, удзяліўшы пастырскае бласлаўленне, выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто далучыўся да працэсіі і заахвоціў у наступныя гады прымаць у ёй удзел.

Жанна Закрэўская, kascelmery.by

для друку для друку