22 студзеня — успамін бласлаўлёнай Лаўры Вікуна

Гэта была незразумелая для ўрачоў хвароба: імклівае яе развіццё, дзіўныя сімптомы, немагчымасць паставіць дыягназ – дзяўчынка памірала на вачах. Лекары былі бездапаможныя не таму, што ім не хапала адукацыі, досведу або ўменняў. Проста хвароба мела духоўную, а не фізічную праяву. І ў духоўным свеце гэта было не паразай, а вялікім трыумфам 13-гадовай чылійскай дзяўчынкі.

Так здараецца часта: упарадкаванае, шчаслівае жыццё распадаецца, як картачны домік. У выніку палітычных змен у грамадстве тата 3-гадовай Лаўры, дваранін і вайсковец, змушаны ўцякаць разам з сям’ёй. Ён памірае ад хваробы, калі Лаўра яшчэ зусім маленькая, а яе сястрычка толькі мае прыйсці на свет.

Таксама здараецца часта, што сітуацыя змушае прыняць не іншыя, а менавіта такія рашэнні. Мама Лаўры, каб забяспечыць сваіх дачушак, згаджаецца на жыццё без шлюбу з багатым чалавекам. І, як аказалася пазней, абсалютным самадурам, аматарам выпіць, тыранам, сексуальным вычварэнцам. Ён не толькі выкарыстоўваў сітуацыю беднай жанчыны і ператварыў яе жыццё ў пекла, але пазней у п’янстве і пажадлівасці дамагаўся ад падрослай дзяўчынкі ўзаемнасці.

Лаўра ў дзесяцігадовым узросце зразумела, што мама вельмі церпіць, што яна нешчаслівая, бо жыве ў граху з чалавекам, якога не кахае, і яшчэ больш пакутуе таму, што не можа спавядацца і прымаць Святую Камунію. Дзяўчынка таксама адчувае на сабе гэту сітуацыю: сёстры-салезіянкі не прымаюць яе ў кляштар, бо ведаюць пра грэшны выбар маці.

Таксама здараецца, што дзеці часта больш духоўна развітыя і маюць большую духоўную адвагу, чым дарослыя. Лаўра адчувае вялікае прагненне дапамагчы маме і робіць гэта так, як разумее. Пачуўшы з Евангелля пра тое, што калі любім, то аддаём жыццё за іншага, яна ахвяроўвае сваё жыццё за навяртанне мамы. У гэты час айчым у п’яным ачмурэнні ўсё часцей дамагаецца дзяўчынкі. Злуючыся праз яе ўпартасць, ён  адмаўляе аплачваць навучанне ў сясцёр. А аднойчы нават пагнаўся за дзяўчынкай па вуліцы, дагнаў і публічна яе збіў. Лаўра абяцала Богу вернасць і мужна бараніла сваё дзявоцтва.

За некалькі гадзін перад смерцю Лаўра адкрывае маме сваю вялікую таямніцу: яе жыццё – гэта ахвяра за самага дарагога чалавека, за яе, за маці. Гэта робіць такое ўражанне на дарослую жанчыну, што яна спавядаецца над труной сваё дачкі і пастанаўляе выправіць сітуацыю.

Нездарма 13-гадовая бласлаўлёная Лаўра стала апякункай праблемных сем’яў. Яна дае нам надзею на пераадоленне сітуацый, здавалася б, невырашальных. Таксама яна вучыць нас евангелічнаму радыкалізму ў змаганні за вечныя каштоўнасці – дзявоцтва, любоў, прабачэнне.

Падрыхтаваў а. Андрэй Сідаровіч МІС

для друку для друку