У першы дзень пастырскай візітацыі ў Друі біскуп Алег Буткевіч сустрэўся з дзецьмі і моладдзю і наведаў шпіталь

28 студзеня біскуп Віцебскі Алег Буткевіч распачаў пастырскую візітацыю ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі.

Першая сустрэча ардынарыя адбылася з дзецьмі і моладдзю парафіі. Біскуп Алег правёў кароткую катэхізацыю для маладых друянаў, засяродзіўся на значэнні Бога Айца і Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў жыцці дзіцяці і дарослых людзей. Не засталіся дзеці і без пытанняў па веданню катэхізіса і праўдаў хрысціянскай веры ад біскупа.

Наступнай часткаю сустрэчы стаўся канцэрт інструментальнага ансамбля скрыпачоў пад кіраўніцтвам арганісткі парафіі Валянціны Казакевіч. Маленькія скрыпачы са сваім музычным кіраўніком выканалі творы Моцарта і Бетховена. Разам з іерархам у суправаджэнні скрыпак і гітары заспявалі калядку “Ціхая ноч”. Біскуп Алег пачаставаў дзяцей і моладзь цукеркамі і тортам “Вожык”, што на сваіх іголках быў «перагружаны» вінаградам. Дзеці з радасцю падтрымалі прапанову Эксцэленцыі “дапамагчы вожыку” і яго “разгрузіць” – торт знік імгненна. Сустрэча закончылася агульнай малітвай і бласлаўленнем ардынарыя.

Наступнай часткай першага дня візітацыі было наведванне хворых і састарэлых католікаў у бальніцы сястрынскага догляду ў Друі. Біскуп Алег падышоў да кожнага асобна, доўга размаўляў са старымі, разам маліўся. Многія людзі трапілі сюды з розных месцаў вобласці. Праз усё сваё жыццё наведвалі касцёл, былі добрымі вернікамі – візіт біскупа стаўся для кожнага з іх незвычайнай падзеяй, узмацненнем у духу і веры. Кожны атрымаў пастырскае бласлаўленне і абраз Маці Божай Браслаўскай з рук Яго Эксцэленцыі.

Нядзеля, 29 студзеня, стане кульмінацыяй біскупскай візітацыі. Пастыр Віцебскай дыяцэзіі адслужыць святыя Імшы ў Друі і Друйску, наведае капліцу Маці Божай Вострабрамскай у Дзеткаўцах, касцёл святой Агаты ў Мальках і капліцу святога Міхала Арханёла ў Друі.

для друку для друку