У Глыбокім прайшоў калядны канцэрт

У ім прыняла ўдзел моладзь глыбоцкай парафіі.

Мерапрыемства прайшло 25 снежня ў глыбоцкім гарадскім Доме культуры. Нягледзячы на першы дзень калядных святаў, калі шмат хто прымае гасцей або сам накіроўваецца адведаць блізкіх, у глядзельнай зале сабралася шмат людзей. Моладзь спявала калядныя песні, паказала сцэнкі і флэшмобы, прысвечаныя тэме Божага Нараджэння. Па апладысментах гледачоў можна было меркаваць, што канцэртная праграма ім спадабалася.

Арганізатарам канцэрта з’яўлялася сястра Таццяна Данч, ёй дапамагалі старэйшая працуючая моладзь і кс. Іван Кароткін. Глыбоцкія святары і сёстры сваёй прысутнасцю падтрымалі парафіяльных артыстаў. Пробашч парафіі Святой Тройцы ксёндз Мікалай Ціхановіч напрыканцы мерапрыемства выказаў словы падзякі выканаўцам і гледачам за ўдзел у гэтым мерапрыемстве.

Хочацца выказаць удзячнасць глыбоцкай моладзі за падараваны гледачам святочны настрой.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку