Польшча: парафія ўвяла незвычайны «прайс-ліст» на карыстанне паркоўкай перад касцёлам

Ілюстрацыйнае фота

Парафія, якой апякуюцца айцы паўліны ў Скуржэве, недалёка ад Познані, увяла незвычайны «прайс-ліст» на карыстанне паркоўкай.

«Паважаныя парафіяне, як вы ведаеце, у мінулым годзе мы адрамантавалі паркоўку перад касцёлам. На жаль, з-за высокай цікавасці да самай прыгожай паркоўкі ў Скуржэве, мы вымушаныя ўвесці плату за паркоўку па цане, паказанай на шыльдах, якія вісяць на ўездзе. Гэта не жарт! Паркуйцеся і маліцеся», — чытаем на старонцы парафіі святых Марціна і Вінцэнта і благаслаўлёнага Стэфана Вышынскага ў Facebook.

Плата за паркоўку:

  • прыпынак «на імгненне» — кароткі акт малітвы.
  • да 1 гадзіны — 1 раз «Ойча наш».
  • да 2 гадзін — 1 раз «Ойча наш», 1 раз «Вітай, Марыя».
  • да 3 гадзін — дзесятка ружанца за ўсіх кіроўцаў.
  • да 4 гадзін — Літанія да Маці Божай у інтэнцыі парафіі.
  • увесь дзень  — Таямніца ружанца за ўсіх кіроўцаў і пешаходаў.

Святыя Імшы, набажэнствы і парафіяльныя сустрэчы — бясплатна — ласка не мае лічыльніка паркоўкі.

Мы не выпісваем штрафы. Сумленне працуе кругласутачна.

Неахоўваемая тэрыторыя. Кіроўца (і яго Анёл-Ахоўнік) нясуць адказнасць за пакінуты прыпаркаваным транспартны сродак.

Паводле misyjne.pl
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку