Міс Сусвет-2025 Фаціма Бош падчас наведвання каталіцкага храма ў Гватэмале прынесла сваю карону да алтара. Мексіканка, якая адкрыта гаворыць пра сваю веру, такім жэстам выказала падзяку Богу. Фаціма Бош наведала касцёл Маці Божай Міласэрнасці — Ла Мерсед у горадзе Гватэмала 11 жніўня. Афіцыйны акаўнт «Miss Universe» апублікаваў відэа яе візіту.
На відэа Бош прыносіць карону да алтара — сімвал тытула, які яна атрымала, «Міс Сусвет». Падчас наведвання касцёла «Міс Сусвет» таксама далучылася да дзяўчат, якія спявалі марыйную песню María, mírame («Марыя, паглядзі на мяне»).
Візіт у касцёл быў часткай васьмідзённай паездкі Фацімы Бош у Гватэмалу. У рамках свайго візіту яна таксама сустрэлася з віцэ-прэзідэнтам Гватэмалы Карын Эрэрай 11 жніўня і наведала Нацыянальны палац культуры.
Фаціма Бош у мінулым адкрыта казала пра сваю каталіцкую веру. У інтэрв’ю яна растлумачыла, што для яе гэта азначае «заўсёды цвёрда стаяць на зямлі», быць асцярожнай і не ісці шляхам, які не прынясе ёй дабра, і «не ісці на кампраміс у адносінах да сваіх каштоўнасцей і прынцыпаў, таму што маё сэрца створана Богам». «Ніколі ў жыцці я не імкнулася ўражваць свет; адзіны чалавек, каго я хачу ўразіць і кім я хачу ганарыцца, — гэта Бог», — сказала Бош.
Паводле яе слоў, усведамленне гэтага дапамагае не паддавацца ціску навакольнага свету: «калі ты выразна разумееш гэта, у рэшце рэшт шум ужо не такі гучны. Ты засяроджваешся на тым, што ты павінен рабіць, каб стаць той асобай, якой Бог задумаў цябе, калі Ён цябе ствараў».
Пасля перамогі ў конкурсе «Міс Сусвет-2025» Бош напісала: «Сёння я зноў пераканалася, што тое, што Бог прызначыў табе, не можа быць спынена зайздрасцю, зроблена немагчымым лёсам або зменена «выпадковасцю» ці «ўдачай». Няхай жыве Хрыстос Цар!» — Viva Cristo Rey!».
Яшчэ да фіналу конкурсу яна сказала, што ў яе шмат мараў і мэтаў, але самая важная для яе — «стаць тым чалавекам, якім мне наканавана быць Богам. Я заўсёды памятаю пра гэта». Перад фіналам Бош таксама апублікавала фатаграфіі рэчаў, якія ўзяла з сабой. Сярод іх былі ружанец і выява Дзевы Марыі Гвадэлупскай. 25-гадовая Фаціма Бош Фернандэс стала чацвёртай прадстаўніцай Мексікі, якая заваявала тытул «Міс Сусвет».
credo.pro
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!

