Парафія ў Шаркаўшчыне адзначыла дваццацігадовы юбілей кансэкрацыі касцёла (+гамілія і відэарэпартаж)

szarkauszczyna_20_35Гэта адбылося ў аўторак 13 верасня падчас тытульнага фэсту Узвышэння Святога Крыжа.

Нягледзячы на працоўны дзень, святыня была перапоўненая вернікамі. Як пасля зазначыў біскуп — гэта вынік Місій, якія адбыліся ў парафіі. На пачатку святой Імшы старажылы парафіі, якія стаялі ля вытокаў яе адраджэння, хлебам-соллю прывіталі нашага пастыра — біскупа Алега Буткевіча. Іерарх ва ўступным слове ўзгадаў і пра апошняга пробашча былога касцёла — святой памяці Казіміра Радзішэўскага і спачылага ксяндза Юзафа Бульку, які стаў першым пробашчам адроджанай парафіі пасля бязбожных часоў. Кажучы пра 20-ці гадовы юбілей святыні, біскуп зазначыў, што гэта вельмі малады ўзрост, які мае насычаную гісторыю.

Біскуп назваў Божым дарам пакліканні з нашай парафіі. Ганаровымі гасцямі на свяце былі ксёндз прэлат Францішак Кісель з Полацка — генеральны вікарый дыяцэзіі; кс. Чэслаў Куцмеж з Паставаў, былы пробашч Шаркаўшчыны; кс. Андрэй Сіповіч — пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках у Мінску і кс. Аляксандр Фядотаў з парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне — выхадцы з шаркаўшчынскай парафіі. Сярод прысутных святароў былі: кс. Ян Пугачоў, кс. Марат Казлоўскі, кс. Аляксей Асон, а. Вальдэмар Куява, кс. Ежы Ноцунь, кс. Мікалай Ціхановіч, кс. Зянон Рамейка, кс. Станіслаў Мжыглуд і кс. Уладзімір Шыдлоўскі. У юбілейнай урачыстасці прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады.

Падчас святочнай гаміліі біскуп Алег узгадаў трагічны лёс былой святыні, на месцы якой быў узведзены банк. Іерарх падкрэсліў, што матэрыяльныя каштоўнасці ніколі не заменяць духоўных. Таму і адбылося адраджэнне шаркаўшчынскай парафіі і касцёла. Віцебскі ардынарый зазначыў, што крыж — знак паяднання чалавека з Богам і бліжнім.

Напрыканцы святой Імшы адбылося асвячэнне рэліквіі шаркаўшчынскай парафіі — стацыі Крыжовага шляху з былой святыні. Пасля разбурэння касцёла ў 1963 годзе яна, цудам ацалелая, была вывезена вернікамі ў вёску Паянычы. У пачатку 90-х гадоў стацыя была перададзеная касцёлу ў Германавічах. А незадоўга да юбілею святыні ізноў вярнулася ў Шаркаўшчыну і была адрэстаўравана мастаком Віктарам Круком.

szarkauszczyna_20_23

Іерарх назваў стацыю мастом, які злучае сучаснасць і мінулае, і нагадвае пра памяць продкаў. Спецыяльна да ўрачыстасці была выдадзеная кніга пра гісторыю парафіі, якая была перададзена ў дар кожнаму ганароваму госцю. Радкі з верша Петруся Броўкі «Усё пакінуць след павінна» сталі лейтматывам цудоўна падрыхтаванай падзякі прысутным ганаровым гасцям.

Эўхарыстычная працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам па вуліцах пасёлка завяршыла святочную Літургію.

szarkauszczyna_20_26

Падарункам да свята стаў невялічкі канцэрт, падрыхтаваны арганісткай Святланай Гірстун. Мясцовая моладзь парадавала прысутных выкананнем спеваў пад акампанемент гітары, прагучала некалькі кампазіцый на скрыпцы. Вельмі ўзрушыла юная паэтка Святлана Клімза, якая прачытала ўласны верш, у якім адлюстравана ўся трагічная гісторыя былой святыні.

Свята атрымалася такім жа цёплым, як і вераснёўскі дзень, у які ўсе дарогі вялі ў касцёл. Таму напрыканцы хочацца ўзгадаць словы біскупа Алега: «Калі дарогі ідуць да Бога і праз Бога, то ўсё павінна быць па Божаму!».

Алена Клімза-Колтан, тэкст
Зміцер Лупач, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку