Айцы-аблаты правялі Святыя Місіі ў Шаркаўшчыне (+гамілія і відэарэпартаж)

szarkauszczyna_misji_01

У шаркаўшчынскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа з 4 па 11 верасня адбыліся Святыя Місіі. Падзея вельмі доўгачаканая для мясцовых вернікаў, стала добрай падрыхтоўкай да святкавання юбілею касцёла. Сёлета святыня адзначае 20-ці годдзе кансэкрацыі.

Варта нагадаць, што былы шаркаўшчынскі касцёл быў зачынены ў 1948 годдзе і ператвораны ў зернясховішча, а ў 1963 годзе сцёрты з твару зямлі. Двухвежавая драўляная святыня знаходзілася на левым узбярэжжы Дзісёнкі, прыкладна на месцы, дзе зараз месціцца Аграпрамбанк.

Па запрашэнню ксяндза Кшыштафа Сілкоўскага, які з’яўляецца пробашчам шаркаўшчынскай парафіі, прыбылі айцы-місіянеры з супольнасці Аблаты Беззаганнай Панны Марыі. Айцец Анджэй Юхневіч з шумілінскай парафіі Маці Божай Фацімскай і святога Язафата Кунцэвіча і айцец Дзмітрый Занямонскі з мінскай парафіі святых Апосталаў Пятра і Паўла і святога Яўгена дэ Мазэно — з’яўляюцца прадстаўнікамі манаскага ордэну, галоўнай харызмай якога з’яўляецца паказаць Хрыста і Яго Валадарства найбольш пакінутым.

Святыя Місіі праводзіліся згодна з планам. Увесь тыдзень вернікі накіроўваліся ў святыню, нягледзячы на шматлікія восеньскія справы, каб паўдзельнічаць у гістарычнай для парафіі падзеі і пачуць штосьці важнае для кожнага з іх. Такім чынам, кожны дзень тыдня быў прысвечаны разнастайным тэмам. У панядзелак парафіяне падчас святой Імшы аднавілі веру. Кранаючым момантам была магчымасць дакранання да Найсвяцейшага Сакраманту, адчуванне блізкасці Бога. Аўторак быў прысвечаны памерлым. Пасля вячэрняй Эўхарыстыі вернікі сабраліся на каталіцкіх могілках, каб супольна з місіянерамі памаліцца аб супакоі душ памерлых. Серада стала адмысловым днём. Падчас ранішняй святой Імшой у інтэнцыі хворых, адбылося ўдзяленне сакраманту намашчэння хворых. Вечарам казанне было прысвечана тэме сям’і і адбылося аднаўленне сужанскай прысягі. Здаецца, у гэты дзень прышлі ў святыню тыя, хто гадамі забыў дарогу да касцёла. Плённасць Місій была вельмі адчувальна ў гэты дзень. Галоўным місійным днём стаў чацвер — ён быў прысвечаны Эўхарыстыі. У пятніцу вернікі мелі магчымасць паяднацца з Богам і бліжнім, просячы прабачэнне за ўчыненыя крыўды. У суботу — Марыйны дзень, бласлаўленне атрымалі самыя маленькія вернікі, парафіяне прынялі ўдзел у набажэнстве Ахвяравання парафіі Маці Божай.

szarkauszczyna_misji_24

Нядзеля стала апошнім днём Святых Місій. Падчас святочнай гаміліі святар падвёў вынік усіх місійных дзён. Айцец Дзмітрый звярнуў увагу на тое, што «крыж Езуса — самае важнае, гэты просты знак мае ў сабе ўсё». Напрыканцы святой Імшы шаркаўшчынскія вернікі аддзячылі цёплымі словамі і кветкамі айцоў-місіянераў за тое, што кожны з парафіян, дзякуючы ім, крыху наблізіўся да Бога.

Пасля святой Імшы адбылося асвячэнне місійнага крыжа побач з касцёлам. З гэтага часу вернікі могуць атрымаць адпуст, адаруючы крыж цалаваннем, ідучы ў святыню. Таксама крыж будзе нагадваць аб цудоўных восеньскіх днях, калі шматлікія вернікі імкнуліся да святыні паслухаць цудоўныя казанні, паўдзельнічаць у прыгожых набажэнствах. Кожны з вернікаў мае магчымасць працягнуць Святыя Місіі, чытаючы кнігу айца Казіміра Любавіцкага «Рэкалекцыі са святым Яўгенам дэ Мазэно», якая была выдадзена да 200-годдзя супольнасці Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Панны Марыі і была прывезена айцамі ў Шаркаўшчыну.

szarkauszczyna_misji_34

Вельмі радуе, што існуе цудоўная місійная традыцыя — праз год праводзіць аднаўленне Святых Місій. Будзем спадзявацца і верыць, што з айцамі-аблатамі давядзецца сустрэцца ў наступным годзе.

Алена Клімза-Колтан, тэкст
Зміцер Лупач, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку