Калі будзе выдадзены беларускі спеўнік?

У  рэдакцыю «Каталіцкага Весніка» звярнулася чытачка Таццяна Віршыч з г. Іўе з такім пытаннем: «У інтэрв’ю «Кс. Тадэвуш Вышынскі адзначае 60 гадоў святарства. Эксклюзіўнае інтэрв’ю для “Каталіцкага Весніка” ад 4 чэрвеня 2016 года кс. Тадэвуш прамовіў наступныя словы: «Я хацеў бы таксама крыху распавесці пра беларускі спеўнік, які распрацаваны цягам гэтых гадоў у семінарыі. Ён ужо амаль гатовы да выдання! Засталося ўнесці мінімальныя праўкі ў тэкст – і ўсё! Ведаеце, гэта мая мара, гэта маё самае гарачае жаданне: патрымаць у руках выдадзены і зацверджаны Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі беларускі спеўнік для ўсяго Касцёла ў Беларусі. У сувязі с трагічнай гібеллю святара 23 снежня, ці ўдалося кс.Тадэвушу здзейсніць сваю мару? Ці быў выдадзены беларускі спеўнік?»

Як даведалася рэдакцыя  “Каталіцкага Весніка”, на жаль, ксяндзу Тадэвушу так і не ўдалося здзейсніць сваю мару: патрымаць у руках выдадзены і зацверджаны Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў беларускі спеўнік для ўсяго Касцёла ў нашай краіне. Як паведаміў Уладзімір Неўдах, старшыня секцыі касцёльнай музыкі, гэты спеўнік паступова рыхтуецца да выдання, праца над ім блізкая да завяршэння. “Фінансавых складанасцей мы не маем, хутка гэты спеўнік пабачыць свет. Шкада, што ксёндз Тадэвуш не дажыў да гэтага,” – сказаў спадар Уладзімір. Што ж, будзем спадзявацца, што ўжо хутка беларускія католікі атрымаюць гэты спеўнік.

Праўда, адна знаёмая арганістка, якая вельмі прасіла не называць яе імя (беларуская звычка – заўв. аўт), сказала, што для Бога хутка – гэта вечнасць: “Яны дзесяць гадоў яго рыхтуюць, і яшчэ дзесяць будуць рыхтаваць”. Таму зараз, па яе словах, кожная парафія карыстаецца тым, што сама напрацавала.

У мінулым годзе споўнілася дваццаць пяць гадоў з моманту адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. У міжваенны час палякі за меншы тэрмін змаглі з нуля адрадзіць дзяржаву, стварыць усе неабходныя інстытуцыі. Іх праца лягла ў падмурак стварэння сучаснай польскай дзяржавы. А ў нас за чвэрць стагоддзя не паспелі стварыць адзінага беларускага спеўніка для Касцёла.

На Эўхарыстычным Кангрэсе, які праходзіў у мінулым годзе ў Гродне і быў прымеркаваны да 25-годдзя ўтварэння Гродзенскай дыяцэзіі і адраджэння касцельных структур у Беларусі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі зазначыў “Каталіцкаму Весніку”: “Касцёл у Беларусі прайшоў юнацкі ўзрост і ўступіў у эпоху сталасці”. Хацелася б, каб гэта сапраўды быў перыяд сталасці, а не застою.

Зміцер Лупач

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі