Кс. Тадэвуш Вышынскі адзначае 60 гадоў святарства. Эксклюзіўнае інтэрв’ю для “Каталіцкага Весніка”

int wyszynsk3 (1)Пра сям’ю і дзяцінства

– Я нарадзіўся на Беласточчыне ў 1930 годзе. Гісторыю нашай сям’і перакрэсліла Другая сусветная вайна. Тата быў арыштаваны і не вярнуўся з турмы. Хутчэй за ўсё яго расстралялі. А мяне з мамай, братам і сястрой вывезлі ў Сібір. Мне тады было 8 гадоў.

Нас вывезлі ў Омскую вобласць – на мяжы з Паўночным Казахстанам. Умовы жыцця былі вельмі складанымі, але дзякуючы працавітасці мамы нам удалося пазней нават прыдбаць свой дом. Да нас вельмі добра адносіліся ўкраінскія перасяленцы. Асабліва дапамагла сям’я Кісель з Украіны. Праз нейкі час старэйшага брата мабілізавалі ў войска – у дывізію імя Касцюшкі. У Прыбалтыцы ён быў паранены, але прымаў удзел у штурме Берліна. Сястра, дзякуй Богу, жыве дагэтуль. У Сібіры мне давялося папрацаваць на будаўніцтве, вырабляючы цэглу для зямлянак, і пастухом. Вяртанне на Радзіму, у Польшчу, адбылося нават пад матчыным прымусам, таму што я ўжо прывык да Сібіры і яна стала маім домам. Вельмі цёпла ўспамінаю той перыяд, калі я займеў сяброў і навучыўся рускай мове.

Пакліканне і манаства

– Калі я вярнуўся ў Польшчу, паўстала пытанне пра маю далейшую адукацыю. Паколькі грошай мы шмат не мелі, то вырашылі накіраваць мяне ў ніжэйшую семінарыю айцоў-місіянераў у Кракаве, у якой навучанне было бясплатным. Я яе паспяхова скончыў, хоць і меў напачатку складанасці з вывучэннем польскай мовы. Пакліканне ж да святарства адчуў у старэйшых класах. А выбар манаства быў абумоўлены кантактам з айцамі-місіянерамі, у чыю супольнасць я і ўступіў. Будучы святаром ужо, давялося папрацаваць у Францыі, Італіі, у Гданьску і Варшаве.

Мой вопыт жыцця ў атэістычным асяроддзі аказаўся запатрабаваны ў Ватыкане. Паўтара года я займаўся аналітыкай савецкага, нямецкага і польскага атэістычнага друку. Апостальскую Сталіцу цікавіла, што думаюць атэісты і чым жывуць атэістычныя грамадствы. Аднак такая мая праца перастала быць запатрабаванай з надыходам “перабудовы” ў СССР па той простай прычыне, што атэістычныя часопісы спынілі свой выхад.

int wyszynsk

Пра рэлігійнасць беларускага грамадства ў 90-я і сёння

– Я добра памятаю свой прыезд у Гродна ў 1992 годзе. Мяне вельмі цікавіла магчымасць стаць ля вытокаў першай беларускай семінарыі ў постсавецкі перыяд. Гэта было нешта зусім новае для мяне. Акрамя таго, мае веды па тэалогіі і рускай мове былі вельмі запатрабаванымі. Прыехаўшы ў Беларусь, я захапіўся непадробнай рэлігійнасцю людзей. Так, яна была часта вельмі простай, абапіралася ў многім толькі на традыцыю, што цалкам зразумела, улічваючы той агромністы пераслед, які перажыў Касцёл у Беларусі.

Але разам з тым такая рэлігійнасць была вельмі шчырай і кранальна наіўнай у добрым сэнсе гэтага слова. Часам нават дзіцячай. Сёння, калі прайшло ўжо 25 гадоў ад адраджэння Касцёла ў Беларусі, безумоўна, я назіраю перамены. Рэлігійнасць людзей стала больш асэнсаванай, акрэсленай і тэалагічна правільнай. Гэтаму, несумненна, спрыяюць і навучальныя ўстановы, вялікая праца па катэхізацыі, прапаведніцкая дзейнасць святароў, а таксама перыядычны каталіцкі друк. Гэта ўсё цудоўна, але мяне яшчэ радуе, што беларускія вернікі не страцілі жывасці сваёй веры. Яна не схавалася за шматтомнікі трактатаў і абавязковасць нормаў. Гэта па-ранейшаму прага душы і жывы пошук Праўды.

Пра музыку і малітоўнікі

– Канешне, музыка – гэта не проста праца. Гэта нешта большае для мяне. Я з задавальненнем праводжу і сёння заняткі па спевах з семінарыстамі. Столькі радасці, калі гэтыя маладыя хлопцы нотка па нотцы карпатліва разбіраюць грыгарыянскі спеў. Яны часам самі нават мне прыпамінаюць: “Ойча, а каторай гадзіне сустракаемся?” Я лічу, што не бывае чалавека, якога нельга навучыць спяваць. Калі ў нас абодвух дастаткова цярплівасці і часу, то мы зможам навучыцца многаму. Я хацеў бы таксама крыху распавесці пра беларускі спеўнік, які распрацаваны цягам гэтых гадоў у семінарыі. Ён ужо амаль гатовы да выдання! Засталося ўнесці мінімальныя праўкі ў тэкст – і ўсё! Ведаеце, гэта мая мара, гэта маё самае гарачае жаданне: патрымаць у руках выдадзены і зацверджаны Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі беларускі спеўнік для ўсяго Касцёла ў Беларусі. Тым больш, што патрэба ў такім спеўніку ў парафіях надзвычай вялікая.

Пра беларускую мову і перакладчыцкую дзейнасць

– Мне давялося прыняць удзел у падрыхтоўцы да друку беларускага Імшала. Галоўнай задачай стала дапасаванне грыгарыянскага спеву да беларускай мовы. Праца была калектыўнай. Мне давялося здзейсніць 33 падарожжы на розныя сустрэчы. Але не гэтае было самым цяжкім. Уявіце сабе: аднойчы падчас спаткання мне давялося пачуць тэзіс: “Па-беларуску немагчыма заспяваць грыгарыянскі спеў”. Але гэта няпраўда! Беларуская мова выдатна кладзецца на грыгарыянскія мелодыі! Наступным разам мне давялося нават перад усімі прысутнымі спяваць грыгарыянскія мелодыі па-беларуску, каб даказаць усю абсурднасць такога сцвярджэння.

Калі мы ўжо закранулі тэму мовы, то дазвольце мне падкрэсліць, што я вельмі шаную беларускі народ, яго культуру і традыцыі. Такой талерантнасці я навучыўся ў Францыі. Працуючы сярод французаў, я заўважыў, што нашая моўная рознасць і рознасць паходжання не робяць ніякіх перашкодаў паміж намі. Мы выдатна разумеліся! Мне вельмі хочацца, каб Беларусь дасягнула самых высокіх вяршынь у сваім развіцці ў агульнаграмадскім сэнсе і ў сэнсе духоўным.

int wyszynsk3 (2)

Пра маладых святароў і сучасныя пагрозы

– Калі казаць пра пагрозы для святарства, то хачу падкрэсліць, што ўзрост не адыгрывае тут вялікай ролі. Такія самыя выклікі пераважна стаяць як перад святарамі старэйшага веку, так і перад новапрэзбітарамі. Мне падаецца, што ў кантэксце гэтага пытання варта ўзгадаць пра formatio continua – няспынную падрыхтоўку. Вельмі важна, каб святар не забываўся пра малітву. Малітва – гэта аснова ўсяго. Гэта падмурак. Лічу таксама, што і ў пытанні крызісу пакліканняў неабходна звярнуць увагу менавіта на малітву. Трэба шмат маліцца пра пакліканні і шмат маліцца за святароў!

Адначасова хачу сказаць, што мяне як выхавальніка вельмі цешаць душпастырскія поспехі маладых святароў. Аднойчы хтосьці з вернікаў мне сказаў пра маладога святара, які ў парафіі замяніў на пасадзе ксяндза з Польшчы: “Ойча, які ў нас выдатны святар! Як мы радуемся, што ён у нас працуе!” Ведаеце, такія словы для мяне – найвышэйшая ўзнагарода за маю выкладчыцкую і выхавальніцкую дзейнасць.

Пра час, лекцыі і семінарыстаў

– Так, на самай справе, час – гэта сапраўдная каштоўнасць. Чаму? Таму што, я лічу, Бог дае нам унікальны шанс пазнаць Самога Сябе. Але каб спазнаваць Бога, трэба над гэтым шмат напрацавацца. Шукаючы Праўду, нельга гэта зрабіць за адно імгненне. Калі мы сумленна падыходзім да такога пошуку, то патрабуем шмат часу. Таму ў семінарыі я, бывала, выкарыстоўваў такі незвычайны падыход, каб прыгадаць семінарыстам пра каштоўнасць часу. (Маюцца на ўвазе выпадкі, калі падчас абавязковага студыюму – часу, прысвечанага для самастойнай навукі, – калі некаторыя семінарысты не захоўвалі належнай цішыні і парадку, кс. Тадэвуш заходзіў у пакой клерыкаў з вядром і казаў ім: “Хто мае вольны час? Пазычце мне, калі ласка”, – заўвага аўтара).

Калі ж казаць пра нейкія прыкметы, па якіх можна зразумець, гатовы семінарыст стаць святаром ці не, то, думаю, тут дарэчы ўспомніць пра шчырасць. Вядома, што выхаванцы розныя. З рознымі здольнасцямі, характарамі і жыццёвым асяроддзем, з якога выйшлі. Аднак важна, каб кандыдат на святарства быў шчырым перад самім сабой і перад Богам. Нават калі існуюць падзенні, недасканаласці, памылкі і няўдачы, важна, каб кандыдат на святарства не баяўся знаходзіцца ў праўдзе. Таму што Бог ёсць Праўда.

Ад рэдакцыі.

З нагоды 60-годдзя святарскага служэння кс. Тадэвуша Вышынскага рэдакцыя “Каталіцкага Весніка” жадае яму шматлікіх Божых ласкаў! А таксама дзякуе за тую выдатную святарскую дзейнасць, якую ён прысвяціў Касцёлу ў Беларусі.

Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Зміцер Лупач, фота

Ксёндз Тадэвуш Вышынскі

– Нарадзіўся 26 красавіка 1930 г.

– Асноўную філасофскую і тэалагічную адукацыю атрымаў у Тэалагічным інстытуце ксяндзоў-місіянераў у Кракаве, спецыяльную – у Варшаве, Любліне і Парыжы.

– Святарскія пасвячэнні атрымаў 24 чэрвеня 1956 г. з рук біскупа Станіслава Распонда ў Кракаве.

– З 1992 г. працуе ў Гродзенскай дыяцэзіі.

– На працягу ўсіх гэтых гадоў выкладаў дагматычную тэалогію і спевы ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

– Удзельнічае ў сходах дыяцэзіі і мітраполіі, на якіх рыхтуюцца навуковыя і душпастырскія дапаможнікі, літургічныя кнігі.

для друку для друку