Ці можа быць католік чальцом БРСМ?

“Хвала Хрысту! Маю пытанне пра арганізацыю БРСМ. Апошнім часам некалькі святароў выказваліся, што католікі не павінны належаць да БРСМ. Сама арганізацыя на пытанне, у чым заключаецца яе правапераемнасць ад камсамолу, адаслала шукаць адказ у адкрытым доступе.

БРСМ святкуе дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Хацелася б пачуць адказ біскупаў (або хаця б аднаго з біскупаў) на пытанне, ці можа католік(свецкі або духоўны) уваходзіць у склад БРСМ і ці можа быць якім-небудзь “ганаровым чальцом БРСМ”, не ўступаючы ў яго афіцыйна?”

Зміцер

На пытанне адказвае айцец Аркадзь Куляха OCD:

– Дарагі Зміцер! Вялікі дзякуй за пытанне, якое, магчыма, цікавіць таксама іншых вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Дзеля паўнейшага адказу неабходна закрануць некаторыя аспекты хрысціянскай антрапалогіі, што, на першы погляд, можа падацца лішнім, аднак, у маім разуменні, дапаможа чытачам у вырашэнні не толькі пытання, пастаўлена-га Вамі, але таксама і падобных праблем у будучыні. Паколькі пытанне датычыць непасрэдна прыналежнасці да БРСМ, адказ будзе сканцэнтраваны менавіта на гэтым аспекце.

Удзел вернікаў у грамадскім жыцці

Каталіцкі Касцёл навучае, што грамадзяне павінны, наколькі гэта магчыма, прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці (пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1915). Спосабы і формы ўдзелу могуць быць розныя, у залежнасці ад краіны, яе культуры, а таксама гістарычных, геапалітычных ды іншых фактараў. Заўсёды, аднак, хрысціяне пакліканыя самім Богам да адказнасці за справы супольнасці, у якой жывуць. Такое пакліканне вынікае з самога факту стварэння чалавека як сацыяльнай асобы, надзеленай розумам, свабоднай воляй і годнасцю Божага дзіцяці. Сталы чалавек, незалежна ад веры, павінен браць на сябе адказнасць за ўсе сферы жыцця. Не толькі прыватнага ці сямейнага, але і за працоўную дзейнасць, грамадскую актыўнасць, а таксама за культурнае і палітычнае вымярэнне супольнасці свайго народа, дзяржавы і свету. Падобная актыўнасць вядзе да любові да Радзімы, што выражаецца ў патрыятызме грамадзян і жыхароў дадзенай краіны, а таксама ва ўзаемнай павазе, пашане і любові суграмадзян, якіх хрысціяне называюць ды лічаць сёстрамі і братамі.

Пажадана, каб грамадзяне мелі магчымасць і жаданне фарміраваць адпаведныя погляды адносна сваёй Айчыны ўжо з самага дзяцінства. Каталіцкі Касцёл сцвярджае, што “заслугоўвае пахвалы парадак дзейнасці тых народаў, дзе значная частка грамадзян удзельнічае ў грамадскім жыцці ва ўмовах сапраўднай свабоды” (Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes, 31). Ужо ў старажытнасці хрысціяне разумелі, што ў справах грамадскага жыцця яны не адрозніваюцца ад іншых людзей і павінны імкнуцца сумленна выконваць свае абавязкі і любіць усіх людзей (пар. Пасланне да Дыягнета, V). Такім чынам, хрысціянін павінен удзельнічаць даступнымі сабе спосабамі ў жыцці свайго народа, дзяржавы ды ў агульнасці ўсёй чалавечай сям’і, прытрымліваючыся маральных і рэлігійных прынцыпаў, якім навучае Касцёл, што абапіраецца на Божае Аб’яўленне і натуральны закон, каб павялічыць агульнае дабро. Каштоўнай крыніцай фарміравання поглядаў вернікаў можа быць даступны ў інтэрнэце кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла.

Сумленне – месца маральных выбараў

Кожны чалавек атрымаў ад Бога дар розуму, свабодную волю і сумленне – “самы таемны асяродак чалавека і яго святыня, дзе ён знаходзіцца сам-насам з Богам, голас Якога гучыць у глыбіні яго душы” (пар. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes, 16). Менавіта ў сумленні кожны з нас здзяйсняе маральны выбар, дзякуючы якому выражае сябе перад Богам, іншымі людзьмі і перад светам. Касцёл навучае, што “праз вернасць сумленню хрысціяне яднаюцца з іншымі людзьмі ў пошуку праўды і згоднага з праўдай вырашэння шматлікіх маральных праблем, якія ўзнікаюць у жыцці асобных людзей і ў грамадскім суіснаванні” (Тамсама). Сумленне не стварае маральных нормаў, але з’яўляецца іх ахоўнікам і сведкам, таму вернасць яго голасу вядзе чалавечую асобу да ажыццяўлення свайго паклікання і сужыцця з іншымі людзьмі ў гармоніі. Менавіта так ролю сумлення разумее Касцёл, які падкрэслівае, што ў глыбіні сумлення мы чуем заклік чыніць дабро і пазбягаць зла. Паслухмянасць свайму сумленню з’яўляецца абавязкам чалавечай асобы, а кожны супраціў аб’ектыўным нормам хрысціянін павінен лічыцца грахом (Тамсама).

Безумоўна, нельга забываць, што недастаткова казаць: ідзі за голасам свайго сумлення, але трэба яго пастаянна фарміраваць, шукаючы і прымаючы праўду. Асаблівая роля ў гэтым працэсе належыць сям’і, выхаваўча-навучальным установам, а таксама грамадскім аб’яднанням ды іншым супольнасцям, якія паводле прынцыпу дапаможнасці ўдзельнічаюць у выхаванні маладых людзей. Правільна сфарміраванае, праведнае і ўпэўненае сумленне дапамагае чалавеку самастойна прымаць рашэнні і здзяйсняць выбары не толькі ў простых і ясных справах, але і ў складаных сітуацыях, абапіраючыся на аўтарытэты і жыццёвы вопыт.

БРСМ – супольнасць асобаў

У адкрытым доступе можна пазнаёміцца са статутам грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, з яго гісторыяй, мэтамі, структурай і напрамкамі дзейнасці. Там чытаем, што БРСМ ажыццяўляе сваю дзейнасць у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях”, актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь і сваім статутам. Такім чынам, мы бачым, што аб’яднанне дзейнічае ў Рэспубліцы Беларусь на прававых асновах і адкрыта.

БРСМ ставіць мэтаю, між іншым, стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця моладзі, раскрыцця яе творчага патэнцыялу, садзейнічанне развіццю ў Рэспубліцы Беларусь грамадзянскага грамадства, заснаванага на патрыятычных і духоўных каштоўнасцях, ды іншае. Чальцом Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі можа быць любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, ва ўзросце ад 14 да 31 года, якія прызнаюць статут і праграмныя дакументы аб’яднання.

Каталіцкі Касцёл навучае, што “выхаванне моладзі, незалежна ад яе сацыяльнага паходжання, павінна сёння быць скіравана на тое, каб мужчыны і жанчыны былі не толькі адукаваныя, але і велікадушныя, бо гэта найбольш патрэбна ў наш час” (Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes, 31). Розныя групы і аб’яднанні могуць актыўна паспрыяць гэтай справе, калі яны абапіраюцца на панадчасовыя, аб’ектыўныя і стойкія каштоўнасці. Удзел грамадзян у такіх супольнасцях пажаданы таксама і з боку Касцёла, які сцвярджае: “дзеля таго, каб усе грамадзяне жадалі ўдзельнічаць у жыцці розных груп, з якіх складаецца сацыяльны арганізм, неабходна, каб яны маглі знайсці ў іх каштоўнасці, якія б прываблівалі іх і заахвочвалі да служэння іншым. Можна справядліва лічыць, што будучы лёс чалавецтва ў руках тых, хто можа даць наступным пакаленням перспектывы жыцця і надзеі” (Тамсама). БРСМ – гэта жывы арганізм, які складаюць маладыя людзі, у тым ліку вернікі Каталіцкага Касцёла. Канешне, няма дадзеных адносна колькасці сяброў арганізацыя, якія сумяшчаюць дзейнасць у БРСМ з камуніяй з Богам, аднак я сам ведаю такіх людзей. Сярод іх ёсць і некаторыя навучэнцы нашай духоўнай семінарыі, а таксама хтосьці з маладых святароў. Калі яны ў сваім сумленні вырашаюць, што хочуць належаць да БРСМ, то Касцёл паважае іх выбар. У свабоднай краіне, дзе законам гарантуецца свабода сумлення і рэлігіі, кожны мае права належаць да той грамадскай супольнасці, якую лічыць каштоўнай і якая дапамагае яму гарманічна развівацца. Некалькі гадоў таму, калі я служыў пробашчам, БРСМ і наша парафія паспяхова рэалізавалі некаторыя праекты дзеля агульнага дабра мясцовай супольнасці.

Хрысціяне перамяняюць свет

Зміцер хацеў бы пачуць меркаванне біскупаў наконт пастаўленага пытання. Касцёл выказваецца афіцыйна, таксама праз сваіх біскупаў у справах веры, маральнасці ці грамадскага жыцця, імкнучыся да пошуку і абвяшчэння праўды, а таксама перасцерагаючы чалавечую асобу перад тым, што небяспечнае і шкоднае. Беручы пад увагу статут БРСМ, а таксама аўтаномію Касцёла і дзяржавы, падаецца, што біскупам няма патрэбы выказвацца адносна прыналежнасці католікаў да пэўнай моладзевай арганізацыі, якая не толькі не парушае годнасці чалавечай асобы, свабоды рэлігіі і не забараняе вызнаваць веру, але ў сваёй дзейнасці падтрымлівае шматлікія сацыяльныя і духоўныя праекты, а таксама служыць развіццю сваіх чальцоў. Многія вернікі праз удзел у БРСМ імкнуцца быць вернымі Богу ў сваім жыцці, прыслухоўваючыся да навучання Папы Францішка: “Сапраўдная вера, якая ніколі не з’яўляецца камфортнай і індывідуалістычнай, заўсёды вызначаецца глыбокім жаданнем перамяніць свет, перадаць каштоўнасці, пакінуць пасля сябе штосьці добрае на зямлі. Мы любім гэтую цудоўную планету, на якой нас змясціў Бог, і любім людзей, якія яе насяляюць, з усімі іх драмамі і стомленасцю, з іх імкненнямі і надзеямі, з іх каштоўнасцямі і слабасцямі. Зямля – гэта наш агульны дом, і мы ўсе – браты” (Францішак, Апостальская адгартацыя Evangelii gaudium, 183).

Папа вызначае напрамкі дзейнасці касцельнай супольнасці ў свеце: “хрысціяне, а таксама пастыры пакліканы клапаціцца пра будаванне лепшага свету. І гэта галоўнае, бо сацыяльнае вучэнне Касцёла ў першую чаргу пазітыўнае і дае прапановы, накіроўвае дзеянне, якое здольнае перамяніць, і ў гэтым сэнсе не перастае быць знакам надзеі, якая вынікае з поўнай любові сэрца Езуса Хрыста” (Тамсама). Католікі не павінны баяцца ўдзельнічаць у аб’яднаннях свецкага характару, але, захоўваючы свабоду свайго сумлення, з адвагай далучацца да ініцыятываў, якія могуць паспрыяць развіццю агульнага дабра.

Святы Айцец піша, што “шкоднай і ідэалагізаванай з’яўляецца памылка тых, хто падазрона ставіцца да грамадскай актыўнасці іншых, лічыць яе чымсьці паказным, прыземленым, секулярызаваным, іманентным, камуністычным, папулістычным” (Францішак, Апостальская адгартацыя Gaudete et exultate, 101).

Свецкія вернікі, якія дзейнічаюць па сваёй уласнай ініцыятыве разам са сваімі суграмадзянамі, павінны прымаць удзел у фарміраванні палітычных механізмаў і арганізацыі грамадскага жыцця (пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 2442). Адносна святароў Касцёл пастанавіў, што яны не могуць удзельнічаць у палітычных партыях і павінны ўстрымлівацца ад стварэння або далучэння да аб’яднанняў, мэты ці дзейнасць якіх немагчыма сумясціць з сумленным выкананнем святарскіх абавязкаў (пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 278 — §3 і 287 — §2).

Спадзяюся, што мой адказ дапаможа чытачам самастойна здзяйсняць правільныя маральныя выбары і заахвоціць да больш поўнага ды актыўнага ўдзелу ў жыцці чалавечай супольнасці. У адносінах з іншымі людзьмі мы пакліканыя заўсёды прытрымлівацца наказу Езуса Хрыста: “Новую запаведзь даю  вам, каб вы любілі адно аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адно аднаго. Па гэтым усе пазнаюць, што вы – Мае вучні, калі будзеце мець любоў адно да аднаго” (Ян 13, 34-35).

для друку для друку