Біскуп Алег Буткевіч асвяціў касцёл Святога Антонія ў Віцебску

У свой час больш за дзесяць гадоў ён тут служыў у якасці пробашча парафіі.

Урачыстасць распачалася з канцэрта класічнай музыкі ў выкананні скрыпічнага трыа ў складзе Аляксандры Савіных, Юліі Сабалеўскай і Марыі Кашкур. Па рэакцыі слухачоў было бачна, што класічная музыка людзям падабаецца, і яны гатовыя яе слухаць.

Пасля канцэрта распачалася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Напачатку ён прывітаў усіх удзельнікаў гэтай ўрачыстасці: вернікаў парафіі, святароў, сясцёр законных, гасцей з іншых парафій, усіх тых, хто дапамагаў будаваць гэту святыню як фізічна, так і духоўна. Асаблівая падзяка была скіравана да пробашча парафіі ксяндза Вячаслава Барка, які шмат зрабіў і робіць для гэтай парафіі. Іерарх падзякаваў таксама айцу Станіславу Памыкала, вікарыю парафіі, які служыць тут адносна нядаўна, але шмат зрабіў для духоўнага ўмацавання супольнасці вернікаў.

У сваю чаргу пробашч парафіі ксёндз Вячаслаў Барок таксама прывітаў усіх вернікаў і звярнуўся да біскупа з просьбай асвяціць гэты храм. “З гэтага моманту касцёл становіцца домам Божым, — адзначыў святар, — і калі хто паспрабуе ўзняць на яго руку, то будзе мець справу з самім Богам”.

Пасля прывітальных словаў біскуп прачытаў малітву на асвячэнне вады. Гэтай вадой былі асвечаныя вернікі, сцены святыні, алтар і стацыі Крыжовага шляху.

Сваё слова да вернікаў ардынарый пачаў з цытаты Евангелля ад Яна: “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае”.

Сама таямніца Бога, адзінага ў Тройцы, — адзначыў біскуп, — ужо стварае для нас вялікую ежу для нашага разважання. І колькі б мы не задумваліся над гэтай таямніцай, мы наўрад ці да канца зможам спасцігнуць Божую сутнасць. Для людзей нашага грамадства галоўным зараз з’яўляецца пытанне: ці наогул Бог існуе. Нам, хто выйшаў з перыяду атэізму і пераследу Касцёла, на працягу сямідзесяці гадоў тлумачылі, што Бога няма, што гэты свет узнік невядома як, сам па сабе. І ўсё ж шукаючы праўду ў гэтым пытанні, мы прыходзім да высновы, што ў пачатку ўсяго гэтага павінен быць нехта вялікі, хтосьці геніяльны. І для нас як хрысціянаў гэтай сутнасцю ёсць Бог, які адзіны ў трох Асобах: Айца, Сына і Духа Святога.

Для нас часта незразумела, як такі вялікі, усемагутны Бог прыняў слабое чалавечае цела. Бо Бог так палюбіў гэты свет, што паслаў Свайго Сына, каб паказаць, якую вялікую любоў Ён мае да чалавека, бо няма большай любові, як тая, калі хтосьці аддае сваё жыццё за сяброў сваіх.

Бога ніхто ніколі не бачыў. Больш за тое, Біблія кажа, што Ён не патрабуе месца ў гэтым свеце, бо няма такога месца, якое б магло змясціць Бога. Але гэтага месца патрабуе чалавек.

Са старажытных часоў чалавек будаваў храмы, каб уславіць Бога. Такім храмам была і святыня ў Іерусаліме, якая не захавалася да нашых дзён. І таму сёння мы таксама будуем, ствараем тут, на зямлі, тое месца, дзе мы можам сустрэцца з нашым нябесным Айцом. І Бог гэта разумее, таму і асвячае і бласлаўляе гэта месца.

У савецкі час культавыя пабудовы былі нішчаныя, бо перашкаджалі існаванню ідэалогіі, у якой не было месца для Бога. Таму і напаткаў віцебскія святыні гэты трагічны лёс, калі яны былі знішчаныя. У нейкім сэнсе пашанцавала толькі касцёлу святой Барбары, святыня не была цалкам знішчаная, бо знаходзілася на той час на ўскраіне горада. Там, дзе святыні захаваліся, іх перараблялі на свецкі ўжытак, прычым рабілася гэта брутальна, каб зняважыць гэтыя святыні. Але, як казаў Езус, Бог не дазваляе доўга над сабой насміхацца. Таму мы сёння бачым адваротны працэс, калі будынкі свецкія перарабляюцца ў храмы. Прыкладам можа служыць і сённяшні наш храм. Гэта ўсё і можа быць знакам прысутнасці Бога сярод нас.

Біскуп звярнуў вагу на роспіс касцёла святога Антонія. Ён мае шэрыя сцены і столь і ясны алтар. Гэта знак той цемры, з якой выходзіць чалавек, з якой шукаючы праўду, знаходзіць Бога. Вельмі часта такая цемра бывае ў нашым жыцці, і мы шукаем з яе выйсця. І гэты храм нам падказвае, дзе яго шукаць – ва ўваскрослым Езусе Хрысце.

Трэба толькі дазволіць променю Божага святла ўвайсці ў нашыя сэрцы, а далей яно зробіць сваю справу. З гэтай нагоды іерарх узгадаў словы святога Папы Яна Паўла ІІ: “Хай сыдзе Дух Твой і адновіць аблічча зямлі! Гэтай зямлі”. І гэтыя словы сталі прарочымі.

“Я па рознаму ўяўляў гэты момант, — прызнаўся іерарх, — і да канца не верыў, што ён можа стацца. Я памятаю той жах, з якім я першы раз увайшоў у гэты будынак. Праязджаючы міма гэтага будынку, я дзякаваў пану Богу, што я не служу ў гэтай парафіі, нават адварочваўся ад яго. Але Бог мае пачуццё гумару, калі накіраваў мяне ў гэту парафію. І мае не толькі пачуццё гумару, але і час, каб змяніць чалавека і тое месца навокал яго”.

Таму сёння, асвячаючы гэтае месца, будзем прасіць Бога аб стварэнні ў першую чаргу жывога касцёла, і хай за гэта Бог будзе праслаўлены.

Пасля вызнання веры вернікі разам са святарамі памаліліся Літаніяй да усіх святых. Затым біскуп прачытаў малітву на асвячэнне алтара і ўсяго храма. Алтар і знакі на сценах былі намашчаныя святым алеем. Потым алтар быў засцелены белым абрусам і на ім з’явіліся запаленыя свечкі як сімвал святла Хрыста.

Пасля абраду асвячэння адбылася працэсія з дарамі, дзе біскупу паднеслі рэліквіі айца Піо, ваду і віно, а таксама хлеб.

На заканчэнні Імшы біскуп яшчэ раз падзякаваў усім тым, хто дапамагаў у будаўніцтве гэтага храма. Асобная падзяка была выказаная мастаку Уладзіміру Кандрусевічу, дзякуючы якому гэты храм атрымаў сваё ўнутранае і знешняе афармленне. Вернікі ў сваю чаргу падзякавалі біскупу за абрад асвячэння храма.

Пасля біскупскага бласлаўлення ўрачыстасці не скончыліся: вернікаў чакала яшчэ канцэртная праграма, падчас якой гледачоў парадаваў сваім выступам гурт “Рыбы”. З гэтай нагоды біскуп нават пажартаваў, што ўсёды рыбы маўчаць, а тут, каля касцёла ў Віцебску, нават спяваюць.

Таксама ў час канцэртнай праграмы быў асвечаны хлеб Святога Антонія, які пякуць вернікі парафіі, адбыўся конкурс на лепшы каравай, а таксама перад гледачамі выступілі дзеці парафіі.

Падводзячы вынікі гэтага дня, біскуп падзякаваў Богу за ўсе ласкі, у тым ліку і за надвор’е, і выказаў надзею, што з Божай дапамогай касцёл святога Антонія будзе адбудаваны таксама і ў цэнтры Віцебска, на яго гістарычным месцы.

Зміцер Лупач, тэкст
Зміцер Лупач, Ігар Красоўскі, фота

Відэарэпартаж будзе дададзены пазней

для друку для друку