25 лютага 2017 года ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе дыяканскае пасвячэнне з рук Яго Эксцэленцыі біскупа Алега Буткевіча атрымаў клерык Алег Хмылко. Семінарыст паходзіць з парафіі Святога Апостала Андрэя ў Лынтупах. Вучобу распачынаў у Вышэйшай духоўнай семінарыі св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, апошнія два гады вучыўся ў архідыяцэзіяльнай семінарыі ў Беластоку.
На ўрачыстай св. Імшы разам з біскупам Алегам у інтэнцыі кандыдата да дыяканату маліліся кс. Ян Саламон, які падчас вучобы дк. Алега быў рэктарам Пінскай семінарыі, духоўны айцец Аркадзь Куляха, святары і законныя сёстры з Віцебскай і іншых дыяцэзій, клерыкі з Пінску. А таксама вялікі шлях праехалі, каб падтрымаць духоўна і раздзяліць радасць са сваім сабратам, дыяканы з Беластоку.
Пасля Літургіі слова кс. Мікалай Ціхановіч, які з’яўляецца адказным за выхаванне і фармацыю будучых святароў Віцебскай дыяцэзіі, звярнуўся да біскупа з просьбай удзяліць пасвячэнне дыяканату і засведчыў, што кандыдат падрыхтаваны і гатовы прыняць пасвячэнне.
Гамілію прамовіў Віцебскі ардынарый. “Святар мае ўладу стаяць пры алтары, нават мае ўладу выганяць злых духаў. Гэта такі выразны знак для тых, хто сумняваецца, ці існуе духоўны свет, — падкрэсліў біскуп Алег і, звярнуўшыся да семінарыста Алега, заклікаў памятаць словы Хрыста: “Не з таго радуйцеся, што нават злыя духі будуць вам падпарадкоўвацца, але што вашыя імёны будуць запісаныя ў небе”. “Заданне кожнага з нас, а асабліва святара ёсць, каб імя з Кнігі жыцця, у якую запісваюць прыняўшы хрост, не было выкрасленым. Гэта вельмі прыгожае і ўзнёслае заданне. Жадаю табе перажываць радасць з таго, што праз цябе Езус будзе навяртаць людзей, прыводзіць да касцёла, праз тваю паслугу, людзі будуць чуць Евангелле і прымаць Яго ў сваё сэрца. Але памятай, што гэта будзе здзяйсняць у табе Езус Хрыстус. Сёння Ён выбірае цябе на свайго слугу, абірае цябе Сваёй прыладай. Будзь прыдатным!” – пажадаў іерарх.
Наступнай часткай Літургіі сталі абяцанні, якія кандыдат складае на рукі біскупа. Потым усе прысутныя маліліся Літаніяй да ўсіх Святых, падчас якой семінарыcт ляжаў крыжам перад алтаром. Затым адбылося ўскладанне рук і малітва. Дыякан, апрануўшы стулу і дальматыку, атрымаў Евангелле з рук біскупа і знак супакою.
На заканчэнне ўрачыстасці словы ўдзячнасці да прысутных святароў, вернікаў, гасцей, сяброў скіраваў новапасвечаны дыякан Алег. Асаблівыя словы падзякі за хрысціянскае выхаванне ад дыякана і біскупа былі выказаны бацькам – Уладзіміру і Міраславе Хмылко, а таксама прысутнаму брату Аляксандру.
Папярэдняга дыякана Віцебская дыяцэзія мела ў 2013 годзе. Як адзначыў біскуп Алег: “Сёння маем хваляванне і радасць, бо прэзбітэрый Віцебскай дыяцэзіі павялічыўся на дыякана. Радасць з таго, што на жніве Пана з’явіўся чалавек, які будзе добрым і ахвярным працаўніком і слугою Езуса Хрыста.”
Дыякан Алег на пытанне “Каталіцкага Весніка” распавёў, што ішоў да гэтага дня доўга, бо адчуваючы сваё пакліканне, не адразу пайшоў у семінарыю і паспрабаваў вучыцца ў свецкай установе. Атрымаў эканамічную адукацыю. Але думка стаць святаром заўсёды заставалася ў яго сэрцы.
Рэдакцыя “Каталіцкага Весніка” далучаецца да віншаванняў і жадае дыякану Алегу плённай працы на жніве Пана, каб імкнуўся да святасці і вёў за сабой іншых людзей, паказваючы прыклад адданага слугі Госпада.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа
