Ватыкан: насычаная праграма Юбілею творцаў і дзеячаў культуры

З 15 па 18 лютага 2025 года ў Ватыкане пройдзе Юбілей творцаў і дзеячаў культуры. З гэтай нагоды Апостальская Сталіца падрыхтавала насычаную святочную праграму.

Першым мерапрыемствам стане міжнародная сустрэча на тэму Sharing Hope – Horizons for Cultural Heritage (Дзяленне надзеяй – Гарызонт культурнай спадчыны), арганізаваная Дыкастэрыяй па справах культуры і адукацыі ў супрацоўніцтве з Ватыканскімі музеямі. Яна пройдзе 15 лютага ў Ватыкане.

У падзеі прымуць удзел кіраўнікі некаторых прэстыжных музейных устаноў свету, такіх як Нацыянальныя галерэі ў Лондане і Вашынгтоне, Мадрыдскі музей Прада, Егіпецкі музей у Турыне, Выставачны палац у Рыме. Эксперты разам абмяркуюць новыя спосабы перадачы каштоўнасці культурнай спадчыны хрысціянства ў кантэксце секулярызаванага свету і падпішуць адмысловы супольны маніфест.

Увечары гэтага самага дня недалёка ад Ватыкана адкрыецца новая мастацкая прастора Conciliazione 5, дзе на працягу ўсяго Юбілейнага 2025 года будуць праводзіцца выставы на тэму надзеі. Першым выставіцца кітайскі мастак Ян Пэй-Мін, які прадставіць партрэты вязняў рымскай турмы Рэбібія. Мастацкія творы будуць не толькі экспанавацца ў выставачнай зале, але таксама праектавацца на фасад будынку, у якім знаходзяцца некалькі ўстаноў Святога Пасаду.

У нядзелю 16 лютага адбудуцца дзе падзеі: святая Імша з удзелам мастакоў і дзеячаў культуры, якая пройдзе ў Базіліцы святога Пятра, а таксама Белая ноч у ватыканскім саборы – спецыяльнае вячэрняе адкрыццё храма, дзякуючы якому ўсе жадаючыя змогуць убачыць яго прыгажосць у святле вячэрняй ілюмінацыі.

17 лютага Папа Францішак здзейсніць візіт на рымскую кінастудыю Чынэчыта. Там ён сустрэнецца з дэлегацыяй творцаў і дзеячаў культуры і звернецца да іх з прамовай.

Плануюцца таксама іншыя мерапрыемствы, сярод якіх сустрэча на тэму будучыні культурнай спадчыны Artisans of Hope, на якую былі запрошаны прадстаўнікі каталіцкіх культурных асяродкаў і міжнародных арганізацый, якія спрыяюць распаўсюджванню культуры. Падчас падзеі асаблівая ўвага будзе нададзена сучасным формам мастацтва, такім як візуальная паэзія. Гэтай тэме будзе прысвечана адмысловая выстава Global Visual Poetry, якая адкрыецца ў сядзібе Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі.

Падчас Юбілею творцаў і дзеячаў культуры яго ўдзельнікі запрашаюцца здзейсніць супольную пілігрымку, каб прайсці праз Святыя Брамы, адчыненыя ў папскіх базіліках Рыма.

Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку