9 верасня ў Ватыкане адкрыецца выстава пад назвай “Як у небе, так і на зямлі. Сеул і 230 гадоў Каталіцкага Касцёла ў Карэі”. Прадстаўленыя ў экспазіцыі больш за 180 музейных прадметаў пазнаёмяць яе наведвальнікаў не толькі з гісторыяй каталіцтва, першых місій і пераследу вернікаў у Карэі, але таксама з сучаснасцю Каталіцкага Касцёла ў гэтай азіяцкай краіне і яго ўдзелам у сацыяльнай дзейнасці.
Арганізатарамі культурнай падзеі выступілі Каталіцкі Касцёл у Паўднёвай Карэі і Камітэт ушанавання памяці карэйскіх мучанікаў Сеульскай архідыяцэзіі ў супрацоўніцтве з Сеульскім гістарычным музеем і пад патранатам Сеульскай гарадской адміністрацыі, Пасольства Рэспублікі Карэя пры Апостальскай Сталіцы і Ватыканскіх музеяў.
Экспазіцыя будзе адкрыта для наведвальнікаў з 11 верасня па 17 лістапада ў памяшканнях Крыла Карла Вялікага каланады плошчы св. Пятра. Уваход бясплатны.
У дзень інаўгурацыі выставы ў ватыканскай базыліцы адбудзецца ўрачыстая св. Імша, якую будзе цэлебраваць кардынал Андру Ём Су Чжун, арцыбіскуп Сеула. На ёй будзе прысутнічаць дэлегацыя моладзі з пятнаццаці азіяцкіх краін, якія пасля наведвання Паўднёвай Карэі здзейсняць пілігрымку ў Рым і Асізі.
Паўднёвая Карэя стала першай азіяцкай краінай, якую наведаў папа Францішак падчас свайго пантыфікату. Гэта адбылося 14-18 жніўня 2014 г. Некалькі дзён таму ён прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю Карэйскай рады рэлігійных лідараў – структуры, якая аб’ядноўвае кіраўнікоў сямі галоўных веравызнанняў у Паўднёвай Карэі.
для друку