Самае старажытнае драўлянае ўкрыжаванне базілікі св. Пятра было адрэстаўравана і прадстаўлена ў Ватыкане. Гаворка ідзе пра двухметровы 72-кілаграмовы крыж з фігурай Езуса Хрыста, зроблены ў ХIV ст. італьянскім скульптарам Пьетра Каваліні.
Працэс рэстаўрацыі расцягнуўся больш чым на год. Ён адбываўся з выкарыстаннем сучасных лазерных тэхналогій і пры фінансавай падтрымцы амерыканскай дабрачыннай арганізацыі “Рыцары Калумба”. Спецыялісты здолелі адкрыць 90% арыгінальных фарбаў скульптуры.
Унікальнасць твору заключаецца ў выключнай анатамічнай дакладнасці чалавечага цела, нехарактэрнай для іншых драўляных укрыжаванняў, з якой аўтар зрабіў скульптуру Хрыста.
На працягу стагоддзяў ўкрыжаванне неаднаразова мяняла месца свайго “пражывання” ў базіліцы св. Пятра. Вядома, што з 1632 па 1749 гг. яно захоўвалася ў капліцы Укрыжавання, пакуль гэта месца не было занята знакамітай мікеланджэлаўскай “П’етай”. Доўгі час унікальны мастацкі твор быў забытым і схаваным у адной з капліц базілікі.
Рэстаўрацыя была прымеркавана да Года Міласэрнасці. З нагоды Юбілею вязняў, які пройдзе 6 лістапада, адноўленае ўкрыжаванне будзе ўстаноўлена з правага боку ад балдахіна Берніні, а 18 лістапада, у свята пасвячэння базілікі св. Пятра, яно будзе перанесена ў новае месца свайго далейшага прабывання – капліцу Найсвяцейшага Сакраманту.
