Ёсць папулярная алегорыя пра трох каменячосаў. Першы, пануры і стомлены, кажа: «Я працую ў кар’еры і абчэсваць камяні». Другі, выконваючы тую ж працу, але з крыху большай адвагай, кажа: «Я працую, каб зарабіць на жыццё». Трэці апрацоўвае камяні тымі ж інструментамі, што і яго калегі, але ззяе знутры і са светлай усмешкай адказвае: «Я будую храм».
Успомнім другога каменячоса, таго, хто робіць сваю справу, каб зарабіць на жыццё. На жаль, адной гэтай матывацыі недастаткова, каб ажыццявіць самыя глыбокія жаданні нашага сэрца. Калі мы знаходзімся ў такой сітуацыі, наша сэрца схільнае замыкацца, цвярдзець і адчуваць пачуцці, якія аддаляюць нас ад Бога і ўнутранага спакою: горыч, крыўду і нават гнеў на Бога.
Калі мы з даверам адкрываем нашыя сэрцы Богу, усведамляючы, што кожны вопыт з’яўляецца магчымасцю рухацца наперад на ўласным шляху святасці, Бог, у сваю чаргу, можа працягваць нас выхоўваць і фармаваць.
Што сапраўды важна для Бога?
Мы можам быць хрысціянамі, адкрытымі на любоў Хрыста, але часта працягваем выносіць меркаванні ў адпаведнасці з падманлівай знешняй абалонкай гэтага свету. Напрыклад, калі мы чуем, як зневажаюць работнікаў сферы абслугоўвання або тых, хто працуе фізічна, мы таксама пачынаем глядзець на іх з пагардай. Але Бог глядзіць на свет поглядам, далёкім ад чалавечых меркаванняў.
Для Яго важныя нашы матывы і наша любоў, а не прэстыж. Хрыстус падчас Апошняй Вячэры паказаў любоў, якую мы павінны мець адзін да аднаго. Абмываючы ногі сваім вучням-жэст, які выконвалі слугі і рабы, — Ён даў нам прыклад пакорнай любові, адначасова прадракаючы сваю смерць на крыжы.
У сваім Пасланні да Філіпянаў апостал Павел дае нам добры ўрок наследавання Хрыста: «Песціце тыя самыя думкі ў сабе, якія, былі ў Хрысце Езусе. Ён, існуючы ў Божай прыродзе, не лічыў здабычай сваю роўнасць з Богам, але прынізіў сябе, прыняўшы постаць слугі, стаўшы падобным чалавеку.
Таму давайце папросім Бога прасвятліць зрок нашых сэрцаў, каб мы маглі бачыць так, як бачыць Ён. Успрымайце сваю працу, якой бы непрыемнай яна ні была, як магчымасць служыць і любіць Бога і бліжняга. Каб мы распаўсюджвалі водар надзеі і святасці, а не горычы і адчаю. Так нас сапраўды прызнаюць хрысціянамі.
Паводле credo.pro
пераклад Марыны Ткач