Ва ўрачыстасць святога Язафата ў Мёрах ушанавалі яго рэліквіі

12 лістапада ў гонар св. Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка, галоўнага апекуна Віцебскай дыяцэзіі і парафіі ў Мёрах святочную Эўхарыстыю ўзначаліў ксёндз Віктар Сініцкі SCJ, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне.

Сярод прысутных святароў на ўрачыстасці былі кс. Уладзіслаў Шарковіч, пробашч парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Дрысвятах і кс.Іван Кароткін, пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла ў Лужках.

На пачатку Літургіі ўсіх прысутных прывітаў пробашч парафіі кс. Андрэй Кулік. Святар заахвоціў вернікаў да супольнай малітвы праз заступніцтва святога Язафата.

Гамілію прамовіў ксёндз Віктар Сініцкі SCJ, які коратка ўзгадаў біяграфію святога, прадкрэсліўшы, што сваё святарскае і біскупскае служэнне Язафат Кунцэвіч бачыў у дапамозе бедным, у павышэнне адукацыі святароў, а самае галоўнае — у неабходнасці дапамагчы вернікам дасягнуць Валадарства Божага. Ён лічыў, што гэта магчыма рэалізаваць толькі ў Каталіцкім Касцёле, таму выступаў за ўнію і адзінства хрысціянаў. Не ўсе згаджаліся з такой пазіцыяй біскупа і, нават, актыўна выступалі супраць. Падчас аднаго з інцыдэнтаў, Язафат Кунцэвіч быў гвалтоўна забіты. Біскуп ахвяраваў сваё жыццё за веру, за сваю аўчарню, да якой прамаўляў.

Завяршаючы прамову, ксёндз Віктар прапанаваў задумацца над тым, якая наша вера, з якімі інтэнцыямі мы прыйшлі на святую Імшу і якую ахвяру складзём сёння на алтар? Святар заахвоціў маліцца да Пана Бога праз заступніцтва святога Язафата, каб мы сапраўды паверылі, што Езус прыходзіць да нас у постаці Хлеба падчас святой Камуніі, каб паказаць нам дарогу збаўлення.

Напрыканцы святой Імшы, пасля праспяванага гімна Te Deum — «Цябе, Бога, праслаўляем» — ахвотныя мелі магчымаць ушанаваць рэліквіі святога Язафата Кунцэвіча.

На заканчэнне свята парафіяльны хор, які сваімі спевамі ўпрыгожваў Эўхарыстыю, выканаў песню на словы Браніслава Мароза «Святы Язафат».

Жанна Закрэўская, kascelmery.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі