Аднаго з найбольш папулярных каталіцкіх святых Антонія Падуанскага ў мінулую нядзелю ўшаноўвалі ў касцёле святога Антонія па вуліцы Гагарына. Адметнай асаблівасцю свята была магчымасць набыць хлеб Святога Антонія, выпечаны спецыяльна да ўрачыстасці — праз яго збіраліся ахвяраванні на аднаўленне разбуранага касцёла святога Антонія, які знаходзіўся на вуліцы Леніна насупраць гарадской ратушы.
Калісці гэты касцёл адыграў вельмі значную ролю ў станаўленні архітэктурнага аблічча цэнтра горада.
У 1742 годзе Тэкла-Ганна Агінская, жонка віцебскага ваяводы, падпісала кантракт на яго пабудову са знакамітым італьянскім архітэктарам Юзэфам Фантана. Пасля гэтага знакаміты праваднік позняга барока ў Вялікім княстве назаўжды перасяліўся ў Віцебск і стрварыў тут яшчэ нямала архітэктурных шэдэўраў.
Наколькі рэальным з’яўляецца на сённяшні дзень аднаўленне знакавага для Віцебска храма, нам расказаў пробашч касцёла святога Антонія айцец Вячаслаў Барок.
— Рашэнне аб аднаўленні касцёла ўжо ёсць, — пачаў айцец Вячаслаў. – Яго прынялі вернікі. А калі вернікі вырашылі, так яно і будзе. Вядома, у гэтай справе не абыйсціся без дазволу гарадскіх уладаў. Але я не думаю, што яны будуць супраць таго, каб упрыгожыць наш горад гэтым храмам.
— Часам гучаць думкі, быццам храмаў у горадзе ўжо хапае…
— За апошні час у Віцебску з’явіліся тры новыя касцёлы. Варта заўважыць, што храмы не пустуюць, вернікі туды прыходзяць. Тым больш лагічным з’яўляецца адказ на пытанне ці варта будаваць храм ў самым цэнты горада.
Гэта рабіць абавязкова трэба. Яшчэ і таму, што ён — фундаментальная рэч. Віцебск не ёсць Віцебскам без храма святога Антонія. Да таго ж касцёл лагічна завершыць архітэктурны ансамбль вуліцы Леніна.
Менавіта з гэтага касцёла пачаўся славуты Віцебск 18 стагоддзя, пабудаваны ў стылі барока. Хіба не выклікаюць шчырага захаплення ўжо адбудаваныя храмы таго часу? Дарэчы, Юзаф Фантана тут плённа папрацаваў. У 1742 годзе ён пачаў праектаванне касцёла Антонія, потым у 1743 годзе ўніяты замовілі яму праект Успенскага храма. Амаль у той жа час з’явіліся праекты касцёла святога Юзафа, які пазней адышоў братам праваслаўным, касцёла Пятра і Паўла.
Да таго ж мы вельмі цешымся, што і праваслаўныя адбудоўваюць храмы. Але радасць усіх хрысціян будзе поўнай, калі паўстане і значны каталіцкі храм. Гэта трэба і для раўнавагі нашага грамадства. Так, як заўсёды было на нашай зямлі.
— Ці знойдзецца магчымасць размясціць касцёл у кантэксце сучаснай забудовы вуліцы Леніна? Аднаўленне храма паграджае звужэннем праезжай часткі. Да таго ж, ягонае месца зараз часткова занята фантанам.
— Мне здаецца, што усе гэтыя праблемы можна вырашыць. Пры гэтым захаваўшы тое, што важна для горада. Фантан – справа важная. Ён стаў сімвалам Віцебска. Але для яго можна знайсці і іншае годнае месца. Дарэчы, аўтар фантана не супраць пераносу. А тое, што тычыцца звужэння вуліцы Леніна, то гэта рабіць наогул неабавязкова. Касцёл можна перанесці на пару метраў далей і захаваць шырыню вуліцы.
— Якую суму трэба сабраць віцебскім вернікам, каб пачалося аднаўленне храма?
— Для таго, каб зрабіць праект, патрэбна каля 150-200 тысяч даляраў. А для пабудовы касцёла ў сырым стане – каля двух мільёнаў даляраў. На першы погляд сума падаецца вялікай. Але паспрабуйце пералічыць яе на такую валюту, як гарэлка. Падлічана, што Беларусь прапівае за год больш за 2 мільярды даляраў. У параўнанні з гэтай лічбай 2 мільёны уяўляюцца невялікай сумай. І я больш чым упэўнены, што вернікі Віцебскай дыяцэзіі будуць у стане сабраць гэтыя грошы. Бо ёсць туга па гэтаму храму. І гэта важна.
Шчыра кажучы, пакуль сабралі не шмат. Але затое зараз мы шмат думаем у гэтым кірунку, размаўляем з архітэктарамі, пачынаем весці дыялог з уладай і вядома, молімся. Каб усё гэта не спынілася на размовах, а дало плён.
— Які ваш асабісты прагноз? Праз які час можа рэальна з’явіцца храм?
— На хлебе, які мы выпеклі спецыяльна да ўрачыстасці, напісана: “Касцёл быў збудаваны ў 18 стагоддзі, у 20 стагоддзі ён зруйнаваны. І на добраахвотныя ахвяраванні вернікаў і людзей добрай волі ён будзе адбудаваны ў 21 стагоддзі. Мы адбудуем святыню, а святы дапаможа нам знайсці згубленую веру. Еш хлеб – рабі дабро”.
Значыць, у 21 стагоддзі ён будзе адбудаваны. Не трэба супраціўляцца волі Божай. Бо Слова Божае кажа: хто знішчыць святыню Бога, таго знішчыць Бог. А ў сваю чаргу, хто адбудуе святыню Бога, таму Бог спашле блаславенства. Гэта лагічна.
А таму няхай кожны імкнецца гэтае блаславенства Божае атрымаць. І вернікі, і людзі добрай волі, і ўлада, — кожны, хто можа пасадзейнічаць гэтаму храму. Я думаю, у плённым супрацоўніцтве з людзьмі добрай волі і з уладай мы гэты храм адбудуем ужо ў хуткім часе.
— Зараз касцёл святога Антонія тут. І вы пробашч гэтай парафіі. Вам не будзе крыўдна, што святы будзе апекавацца іншым храмам?
— Святога ж у нас не забяруць. І ў яго хопіць і сіл, і здольнасці апекавацца ўсімі вернікамі. Тут ніякай праблемы няма. Тым больш, што будынак па вуліцы Гагарына ў большай ступені стане не храмам, а найперш культурна-рэлігійным цэнтрам. Вядома, капліца тут будзе, у ёй будуць маліцца людзі. Бо веруючаму чалавеку трэба маліцца ў любым будынку. Але акрамя яе запланавана зала, прыстасаваная для розных канцэртаў, фестываляў, праглядаў фільмаў і гэтак далей.
На развітанне айцец Вячаслаў правёў нас па яшчэ незавершаным новым касцёле святога Антонія. Праца па будоўлі тут ідзе актыўна. Зусім хутка будзе упарадкавана тэрыторыя перад храмам. А малітоўную залу ўжо ўпрыгожвае роспіс, выкананы мастаком Уладзімірам Кандрусевічам. Другім этапам будоўлі павінна стаць кіназала: тут пакуль яшчэ працы шмат.
Дарэчы, касцёл будуецца па ўсіх правілах безбар’ернага асяроддзя. Лесвіца перад уваходам ужо прадубліравана пандусам, а ў праекце прадугледжаны ліфт-пад’ёмнік. Ім змогуць карыстацца не толькі людзі з абмежаванымі магчымасцямі, але і маладыя мамы, якім цяпер не давядзецца пакідаць каляску каля ўваходу.
Наўрад ці хтосьці будзе спрачацца з тым, што новы храм прыкметна ўпрыгожыў урбаністычны пейзаж вуліцы Гагарына. Вельмі хочацца верыць, што і вернікам, і ўладам, і усім іншым неабыякавым да гістарычнага мінулага людзям хопіць моцы давесці да канца распачатую справу. І старажытны цёзка новага касцёла ў хуткім часе давершыць архітэктурны ансамбль цэнтральнай вуліцы Віцебска.
для друку