З 8 па 10 лістапада ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску праходзіла спатканне катэхетаў Віцебскай дыяцэзіі. На працягу гэтых дзён яны разважалі над тэмай аўтарытэту ў Касцёле.
Сустрэча пачалася вечарам у пятніцу з Эўхарыстыі, падчас каторай удзельнікі памаліліся за памерлых. Пасля чаго ў цёплай сямейнай атмасферы павячэралі і выслухалі ўводную канферэнцыю, якую прадставіў доктар кс. кан. Валерый Марціноўскі. Першы дзень сустрэчы скончыўся адарацыяй.
Другі дзень – самы насычаны па праграме – таксама распачаўся з Эўхарыстыі, якую ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. Падчас св. Імшы яго эксцэленцыя прывітаў катэхетаў і падзякаваў ім за прысутнасць у такі нялёгкі для ўсіх час.
Наступным пунктам праграмы было наведванне Віцебскага жаночага духоўнага вучылішча ў межах экуменічнага дыялогу, дзе ўдзельнікі азнаёміліся з работай праваслаўнай духоўнай навучальнай установы. Найбольш цікавым вопытам было наведванне студэнцкай майстэрні па вырабу ікон, падчас якога катэхеты ўбачылі розныя этапы гэтага складанага працэсу.
Пасля наведвання экскурсіі па духоўнаму вучылішчу ўдзельнікі сустрэчы адправіліся на месца смерці святога апекуна Віцебскай дыяцэзіі – Язафата Кунцэвіча. Там яны памаліліся аб еднасці хрысціян і выслухалі кароткую канферэнцыю “Годнасць і пакліканне чалавека ў часы выпрабавання”.
Яшчэ адна канферэнцыя, прысвечаная галоўнай тэме сустрэчы адбылася пасля абеда. Паволі яна перайшла ў наступны пункт праграмы – “скарбніца катэхета”, падчас каторай удзельнікі дзяліліся сваім вопытам, думкамі, перажываннем аўтарытэту катэхета і настаўніка ў сучасным свеце. Апошнім пунктам праграмы ў гэты дзень стаў паход у тэатр.
Заключальны дзень сустрэчы быў спалучаны з фіналам конкурсу малюнка, прысвечанаму Юбілею Віцебскай дыяцэзіі і ўзнагароджваннем яго ўдзельнікаў, таму ён значна адрозніваўся ад першых. У гэты дзень раніца пачалася з малітвы Літургіі Гадзінаў, якая чыталася супольна. Пасля чаго адбылася апошняя тэматычная сустрэча з падвядзеннем вынікаў. Катэхеты выказалі свае меркаванні наконт праведзеных разам дзён. Затым яны разам перажылі Эўхарыстыю, на якой кс. кан. Валерый Марціноўскі – пробашч парафіі Езуса Міласэрнага, падзякаваў парафіянам, якія дапамагалі ў падрыхтоўцы да сустрэчы і прынялі яе ўдзельнікаў у свае дамы.
Лаліта Арлоўская, тэкст;
Алеся Арлова, с. Марыя Шамовіч , фота.
для друку