У Ватыкане ўсталёўваюць новыя ахоўныя панэлі на «П’ету» Мікеланджэла

У Ватыкане ўсталёўваюць новы камплект з дзевяці куленепрабівальных шкляных панэляў, каб абараніць адзін з самых вядомых твораў мастацтва — мармуровую скульптуру Мікеланджэла «П’ета», якая знаходзіцца ў саборы Святога Пятра. Як паведамляе фабрыка святога Пятра, адказная за абслугоўванне базілікі, новыя панэлі накіраваны на павышэнне бяспекі і забеспячэнне «максімальнай празрыстасці», каб палепшыць бачнасць для тысяч наведвальнікаў, якія штодня праходзяць праз святыню.

«Гэта сістэма, спецыяльна распрацаваная камандай экспертаў, абсталявана інавацыйнай высокатэхналагічнай сістэмай мацавання, кожны кампанент якой быў дэталёва вывучаны, каб забяспечыць найлепшую абарону і пры гэтым, не пагоршыць бачнасць прыгожай скульптурай», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

З нагоды падрыхтоўкі да юбілейнага 2025 года ў маі пачаліся рэстаўрацыйныя работы бакавой капліцы, дзе размешчана скульптура, а таксама шкляной ахоўнай перагародкі. Работы плануецца завяршыць у верасні.

Паколькі ў гэты час скульптура была схавана ад вачэй шматлікіх турыстаў і пілігрымаў, у базіліцы была выстаўлена яе «афіцыйная» гіпсавая копія, створаная Франчэска Меркаталі ў 1943 годзе.

«П’ета», высечаная з маналітнага мармуровага блока, абаронена празрыстым бар’ерам з тых часоў, як 33-гадовы аўстрыйскі геолаг венгерскага паходжанне Ласло Тот напаў на яе з малатком у 1972 годзе. Скульптура была пашкоджана: разбіта левая рука Дзевы Марыі, а таксама зламаны ёй нос, левае вока і покрыва на галаве.

Паводле інфармацыі на сайце фабрыкі святога Пятра, Мікеланджэла было ўсяго 23 гады, калі ён стварыў скульптуру. Карпатлівая праца працягвалася ўсяго дзевяць месяцаў паміж 1498 і 1499 гг. Гэта адзіная скульптура, якую мастак падпісаў сваім імем.

credo.pro
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі