У Ватыкане адкрываецца VII Міжнародная выстава батлеек

Арцыбіскуп Рына Фізікела падчас інаўгурацыі выставы «100 батлеек у Ватыкане». Архіўнае фота

8 снежня 2024 года ў Ватыкане адкрываецца VII Міжнародная выстава «100 батлеек у Ватыкане». Сёлета яна прысвечана тэме «Надзея, якая не расчароўвае» – дэвізу Юбілейнага 2025 года.

Традыцыйная выстава размесціцца пад левай часткай Каланады Берніні на Плошчы Святога Пятра. Экспазіцыя будзе даступная для наведвальнікаў з 8 снежня 2024 года па 6 студзеня 2025 года.

«Сёлетняя выстава асабліва значная, бо яна адкрываецца за некалькі дзён да пачатку Юбілейнага года», — адзначыў арцыбіскуп Рына Фізікела, пра-прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі, які будзе ўрачыста адкрываць экспазіцыю.

На выставе будзе прадстаўлена 125 батлеек з розных краін Еўропы і свету. Сярод удзельнікаў – мастакі з Францыі, Сан-Марына, Харватыі, Польшчы, Германіі, Венгрыі, Чэхіі, Славакіі, Славеніі, Іспаніі, ЗША, Коста-Рыкі, Венесуэлы, Бразіліі, Малі, Японіі, Філіпін, Тайваня і Парагвая.

Асаблівую ўвагу прыцягвае Човен Юбілею (Barca del Giubileo), створаны мастакамі асацыяцыі Горад батлеек (Città dei Presepi) з Фларэнцыі. У ім выкарыстана сімволіка лагатыпа Юбілейнага года. Цікавасць таксама выклікае Нараджэнне Пана з катэдры Святой Марыі ў Осацы, створанае з выкарыстаннем традыцыйных японскіх матэрыялаў – рысавай паперы, шаўковых кімано і татамі.

Выстава будзе адкрыта штодня з 10.00 да 19.30, акрамя 24 і 31 снежня, калі яна будзе зачыняцца ў 17.00. Уваход вольны і бясплатны, без папярэдняй рэгістрацыі. Валанцёры Дыкастэрыі па евангелізацыі будуць сустракаць наведвальнікаў на працягу ўсяго часу працы выставы.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі