Францішак працягне традыцыю і правядзе велікапосныя рэкалекцыі ў Арычы. Аб гэтым стала вядома з праграмы мерапрыемстваў з удзелам Папы на студзень-люты, апублікаванай 8 студзеня 2018 г. у Ватыкане Службай папскіх літургічных цэлебрацый.
У свята Навяртання св. Паўла, якое адзначаецца ў Касцёле 25 студзеня, на заканчэнне Тыдня малітвы аб еднасці хрысціян, Пантыфік узначаліць урачыстыя Нешпары ў рымскай базыліцы св. Паўла за Мурамі. Па традыцыі, у гэтым набажэнстве возьмуць удзел прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій.
У нядзелю 28 студзеня Святы Айцец узначаліць св. Імшу ў рымскай базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ з нагоды свята Перанясення іконы Маці Божай “Salus Populi Romani”.
2 лютага вечарам, у свята Ахвяравання Пана і ХХІІ Сусветны дзень кансэкраванага жыцця, у базыліцы св. Пятра Францішак сустрэнецца на Эўхарыстыі з прадстаўнікамі манаскіх супольнасцяў.
14 лютага, у Папяльцовую сераду, Святы Айцец адправіцца на рымскі Авенцін. Ён пройдзе ў пакутнай працэсіі ад бэнэдыктынскага касцёла св. Анзэльма да дамініканскай базылікі св. Сабіны, дзе ўзначаліць св. Імшу з абрадам пасыпання галоў попелам.
У нядзелю, 18 лютага ў Арычы, недалёка ад Рыма, распачнуцца велікапосныя рэкалекцыі для Святога Айца і супрацоўнікаў Рымскай курыі. Яны працягнуцца да пятніцы, 23 лютага. На гэты час будуць адменены ўсе папскія аўдыенцыі.
для друку