У свята Хросту Пана ў Чашніках з удзелам біскупа Алега Буткевіча адзначылі 25-годдзе адраджэння касцёла. Фотафакт

На нядзельнай святой Імшы 11 студзеня ў Чашніцкай парафіі Перамянення Пана было надзвычай шматлюдна. І на гэта была асаблівая прычына, бо мясцовая парафіяльная супольнасць дзякавала Богу за 25 гадоў функцыянавання адроджанай парафіі.

У касцёле было прыгожа, бо акрамя стаенкі, шматлікіх гірляндаў і ялінак, касцёл быў упрыгожаны малюнкамі на калядную тэматыку, якія падрыхтавалі дзеці з усяго Чашніцкага раёна. Гэтыя творы былі намаляваныя ў рамах мастацкага фестывалю “Мая сустрэча Божага Нараджэння”, якую агранізавала мясцовая каталіцкая парафія.

Гістарычная даведка

Дзейнасць каталіцкай парафіі ў Чашніках пачынаецца больш за 350 гадоў таму. У Чашніках калісьці быў прыгожы дамініканскі касцёл, пастаўлены на ўзгорку, фундаваны ў 1674 г. Зыгмунтам Адамам Служкам, літоўскім харунжым. Гэты касцёл быў перабудаваны ў 1786 г. у стылі барока і з’яўляўся адным з найпрыгажэйшых дамініканскіх касцёлаў у Беларусі. Вядомы таксама па малюнку Напалеона Орды. Побач знаходзіўся кляштар дамініканцаў, асабліва слынны і вядомы сваёй багатай бібліятэкай. Пасля паўстанняў XIX стагоддзя былі скасаваны царскімі ўладамі два кляштары ў Чашніках: айцоў дамініканцаў і сясцёр мар’явітак, касцёл зачынілі у 1868г., а сам касцёл быў зруйнаваны ўжо ў 1961г. за савецкім часам.

Ад закрыцця парафіі прайшло 132 гады пакуль ізноў была праведзела святая Імша ў Чашніках. Дзякуючы старанням кс. Мечыслава Янчышына, пробашча з Лепеля і мясцовых вернікаў, гэта падзея адбылася 8 снежня 2000г. ва Урачыстасць Беззаганнага Зачацця НПМ ў хаце 93-гадовай бабулі Ядзі Дзяткоўскай, пазней перайшлі ў іншую, дзе і ладзілі набажэнствы аж да пабудовы капліцы, а пазней стараннямі пробашча кс. Анджэя Бульчака з 2012г. пачалася будова гэтай святыні.

Гэты маленькі юбілей разам з парафіянамі адзначыў віцебскі ардынарый, біскуп Алег Буткевіч, які ўзначаліў Эўхарыстыю і прамовіў да сабраных казанне.

Іерарх заахвоціў задумацца над тым, для чаго чалавеку патрэбна вера. “Найважнейшая роля веры і касцёла заключаецца ва ўдзяленні святых сакрамантаў, якія магчымыя дзякуючы збаўчай місіі Хрыста. Вера і Касцёл для нашых продкаў былі вельмі важнай справай. Адсюль будавалася наша традыцыя, у якой мы ўзрасталі. Сёння варта захоўваць памяць пра нашы карані, каб яна давала плён. Каб мы разумелі, што вера — гэта фундамент жыцця чалавека, без якога няма будучыні”, – адзначыў біскуп Алег.

Таксама біскуп падкрэсліў важнасць свята веры для кожнага верніка Чашніцкай парафіі: “У гэту нядзелю святкуем Хрост па новай каталіцкай традыцыі, а таксама 25-годдзе пабудовы новага касцёлу ў Чашніках. Важна, што гэта месца малітвы, культу, якое нагадвае людзям аб сваёй прыналежнасці да веры. Вера з’яўляецца фундаментам адносін паміж людзьмі і для грамадскага жыцця. Бо, менавіта, галоўныя каштоўнасці – любові, прабачэння і міласэрнасці – мы перанялі і атрымалі як Божы дар. Таму сення мы праслаўляем Бога, молімся і просім ласкі, благаслаўлення для сябе, для нашых сем’яў, каб яны таксама грунтаваліся на хрысціянскім жыцці. А яшчэ для ўсяго нашага грамадства і сучаснага свету, які патрабуе супакою, згоды і еднасці. Няхай Бог нас блаславіць.”

Сярод запрошаных гасцей быў хор «Аve Maria», з Глыбоцкай парафіі Святой Тройцы, які ўпрыгожыў літургію сваім спевам, а пасля яе зладзіў канцэрт калядных спеваў, сярод якіх былі аўтарскія кампазіцыі.

Да святкавання далучыліся таксама Каталіцкія скаўты з мінскай парафіі Святога Яна Евангеліста, якія ўзялі на сябе функцыі міністрантаў падчас святой Імшы.

Пасля Эўхарыстыі і канцэрту, парафіяне, разам са сваім пробашчам ксяндзом Мікалаем Ліпскім, запрасілі ўсіх прысутных на святочны абед.

Не зважаючы на зімовае, і далёка не гарачае надвор’е, падзея атрымалася надзвычай цёплай духоўна і ўтульнай.

Падсілкаваўшыся, віцебскі ардынарый разам з ксяндзом пробашчам, хорам з Глыбокага і скаўтамі прынялі ўдзел у адмысловым калядаванні, мэтай якога было наведаць людзей хворых і самотных у дзвюх медычных установах Чашніцкага раёну і павіншаваць іх са Святам Божага Нараджэння. Усе адрасаты акцыі атрымалі святочныя падарункі, падрыхтаваныя Карытас Віцебскай дыяцэзіі, хор дзяліўся цеплынёй сваіх сэрцаў праз калядныя спевы, іхныя галасы гучалі вельмі прыгожа, узмоцненыя акустыкай карыдораў, несучы святочны настрой у тыя месцы, дзе, часамі не хапае радасці і ўсмешак.

Папа Леў XIV на сустрэчы з моладдзю 10 студзеня 2026г. сказаў: “Жывіце як людзі, якія маюць Хрыста ў сэрцы.” Няхай жа Святло Божага Нараджэння ззяе ў нашых сэрцах як мага дольш, а ў нас усіх заўсёды будзе хапаць жадання, часу і сілаў на тое, каб дзяліцца гэтым з нашымі бліжнімі і асабліва з тым, хто найбольш гэтага патрабуе.

Андрэй Рамашка
Фота chashnikinews.by і гасцей

для друку для друку