У Нікарагуа арыштаваны яшчэ адзін біскуп

Біскуп Ісідора Мора

Біскуп Ісідора Мора быў арыштаваны пасля малітвы за біскупа Раланда Альварэса, асуджанага на 26 гадоў турэмнага зняволення ў лютым 2023 года.

20 снежня 2023 года паліцыя Нікарагуа арыштавала біскупа Сіуны Ісідора дэль Кармэн Мору Артэгу. Мансеньёр Мора быў спынены паліцыяй і ваенізаванай групай на шляху ў парафію Ла-Крус-дэ-Рыа-Грандэ, дзе збіраўся ўдзяліць сакрамэнт канфірмацыі. Разам з ім былі арыштаваныя два семінарысты. У цяперашні час іх месцазнаходжанне невядома.

Як паведамляюць незалежныя СМІ са спасылкай на касцёльныя крыніцы, 20 снежня біскуп Мора звярнуўся да вернікаў, якія сабраліся ў саборы святога Пятра, з гаміліяй, у якой адзначыў, што Канферэнцыя Біскупаў Нікарагуа працягвае маліцца за мансеньёра Альварэса. «Мы аб’яднаныя ў малітве за дарагую дыяцэзію Матагальпы, за мансеньёра Раланда і за кожнага з вас. Мы разам у малітве, камуніі, веры, любові і пяшчоце», — сказаў біскуп Мора.

У мінулыя дні выконваючая абавязкі Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Нада Аль-Нашыф заявіла, што Нікарагуа «ўсё больш і больш” аддаляецца ад вяршэнства закона, у прыватнасці, “ад фундаментальных свабод, пагаршаючы пакуты людзей, падсілкоўваючы міграцыю моладзі і падрываючы будучыню дэмакратычных інстытутаў». На яе думку, улады Нікарагуа працягваюць «пераслед тых, хто можа ўнесці альтэрнатыўны погляд у грамадскую сферу, такіх як палітычныя лідары і лідары карэнных народаў, члены Каталіцкага Касцёла, актывісты і журналісты”. У гэтым кантэксце працягваюцца «абмежаванні грамадзянскай прасторы, з неаднаразовымі выпадкамі адвольнага затрымання тых, хто ажыццяўляе свае фундаментальныя свабоды», — падкрэсліла прадстаўніца ААН.

Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку