Суд Нікарагуа прысудзіў каталіцкага біскупа Матагальпы Раланда Альварэса да 26 гадоў пазбаўлення волі на наступны дзень пасля таго, як той адмовіўся сесці на борт самалёта, які перавозіў 222 палітычных зняволеных у выгнанне ў ЗША.
Суд прызнаў 56-гадовага іерарха “здраднікам краіны” і пастанавіў, што ён не будзе вызвалены з турмы да 2049 года. Ён быў пазбаўлены нікарагуанскага грамадзянства і аштрафаваны на 1600 долараў.
Паліцыя арыштавала біскупа Альварэса ў жніўні 2022 года. Суды абвінавацілі яго ў “змове” і распаўсюдзе “фальшывых навін”. Іерарх адкрыта крытыкаваў тое, што лічыў абмежаваннем рэлігійнай свабоды з боку левага рэжыму Артэгі.
Адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і ўладамі Нікарагуа знаходзяцца ў крызісе з 2018 года, калі пратэстоўцы, якія патрабавалі адстаўкі прэзідэнта, схаваліся ў храмах. Тады Артэга абвінаваціў католікаў у саўдзеле ў спробе дзяржаўнага перавароту, нібыта ініцыяванага Вашынгтонам. Улады выслалі з краіны апостальскага нунцыя, арцыбіскупа Вальдэмара Зомертага, а ў ліпені – 18 сясцёр з Ордэна місіянерак любові.
На заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая 12 лютага 2023 года прайшла ў Ватыкане, Папа Францішак звярнуў увагу на драматычную грамадска-палітычную сітуацыю ў Нікарагуа.
“Навіны, якіх прыходзяць з Нікарагуа, вельмі засмуцілі мяне, і тут я не магу не ўспомніць з трывогай Біскупа Матагальпы Раланда Альварэса, якога я вельмі люблю, асуджанага на 26 гадоў зняволення, а таксама людзей, якія былі дэпартаваны ў Злучаныя Штаты. Я малюся за іх і за ўсіх тых, хто пакутуе ў гэтай дарагой краіне, і прашу аб вашай малітве”, — падкрэсліў Святы Айцец.
“Давайце папросім таксама Пана, каб праз заступніцтва Беззаганнай Панны Марыі адкрыў сэрцы палітычных лідараў і ўсіх грамадзян на шчыры пошук міру, які нараджаецца з праўды, справядлівасці, свабоды і любові і дасягаецца праз цярплівае практыкаванне дыялогу”, — дадаў Папа, заклікаючы вернікаў да багародзічнай малітвы.
Па матэрыялах беларускай рэдакцыі Vatican News
