Асудзілі біскупа, выгналі езуітаў: што адбываецца з Касцёлам у Нікарагуа

Біскуп Раланд Альварэс

Каталіцкі касцёл у лацінаамерыканскай краіне Нікарагуа перажывае цяжкія гады, звязаныя з пераследам, арыштамі і дэпартацыямі. І хоць каталікі тут сутыкаюцца з рэпрэсіямі не ўпершыню, у апошнія гады тыя надзвычай узмацніліся з прычыны дзеянняў сямейнага дуэту, які кіруе краінай, – прэзідэнта Даніэля Артэгі і яго жонкі Расарыа Мурыллё, што займае пасаду віцэ-прэзідэнта.

77-гадовы Даніэль Артэга з юнацтва змагаўся з дыктатурай іншай нікарагуанскай сям’і – Самосаў, што кіравала краінай з 1936 года. Упершыню яго затрымалі ў 15 гадоў, некалькі гадоў ён правёў у зняволенні, а ў 1979-ым у рэшце ўзначаліў вайсковую хунту, што пачала будаваць у Нікарагуа сацыялізм. Ва ўладзе ён заставаўся да 1990 года, калі праз недахоп падтрымкі з боку СССР краіна сутыкнулася з крызісам і ён прайграў выбары.

Паўторна Артэга вярнуўся на пасаду прэзідэнта ў 2007 годзе. Неўзабаве змяніў Канстытуцыю, што дазволіла яму пераабірацца зноў і зноў. Але да справядлівасці выбараў пры ім былі сур’ёзныя пытанні.

У 2018 годзе ў краіне пачаліся масавыя пратэсты, і Касцёл падтрымаў грамадзянаў у патрабаванні справядлівасці і годнага жыцця. У адказ Артэга пачаў павольную, паступовую, але сістэматычную ліквідацыю любога праяўлення незалежнасці католікаў, хоць сам, прынамсі публічна, называе сябе католікам.

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2021 года біскупы зноў крытыкавалі сітуацыю ў краіне за невыкананне правоў чалавека. Касцёл таксама прапанаваў выступіць пасярэднікам паміж апазіцыяй і ўладамі для вырашэння палітычнага крызісу, але Артэга адхіліў гэта. Палітык дамогся свайго пераабрання, перад тым арыштаваўшы або выціснуўшы з краіны пяць апазіцыйных кандыдатаў, і пачаў новыя рэпрэсіі.

Артэга абвінаваціў католікаў у саўдзеле ў спробе дзяржаўнага перавароту, нібыта ініцыяванага Вашынгтонам. А ў маі 2022 года нікарагуанскі парламент заклікаў да судовага пераследу рэлігійных лідараў, якія падтрымалі антыўрадавыя маршы 2018 года, і запатрабаваў канфіскацыі касцельнай маёмасці.

Як паведамляе Avvenire, за апошнія пяць гадоў на каталіцкую супольнасць адбылося больш за пяцьсот нападаў, і гэта толькі зарэгістраваныя выпадкі. З краіны былі выгнаныя або вымушаныя яе пакінуць каля 80 святароў, у тым ліку дапаможны біскуп сталіцы краіны Манагуа Сільвіё Баэс. Двум ксяндзам нават забаранілі вярнуцца ў краіну з Сусветных дзён моладзі ў партугальскім Лісабоне ў жніўні 2023 года. Выгнанне і арышты святароў прывялі да сітуацыі, калі біскупы вымушаныя хутка рэарганізоўваць парафіяльныя структуры, каб не пакінуць іх без душпастырскай апекі.

Нападам падвяргаліся і святыні. Самы рэзанансны з якіх – падпал улетку 2020 года вялікага ўкрыжавання, шанаванага ў катэдры Манагуа. У архідыяцэзіі заявілі пра старанна спланаванае злачынства, учыненае дасведчаным падпальшчыкам.

“Я думаю пра народ Нікарагуа, які пакутуе ад нападу на катэдру ў Манагуа, у выніку чаго быў вельмі пашкоджаны, амаль знішчаны вобраз Хрыста, каторы тут ушаноўваюць і каторы суправаджае і падтрымлівае жыццё вернага народа на працягу стагоддзяў”, – сказаў тады Папа Францішак.

Прысуд біскупу

Адным з самых моцных крытыкаў уладаў быў біскуп Матагальпы Раланда Альварэс. У маі 2022 года ён абвясціў галадоўку ў знак пратэсту супраць ціску паліцыі, якая ўвесь час сачыла за ім. «У нейкі момант я спытаўся ў паліцыі, чаму яны тут, і яны сказалі мне, што гэта дзеля маёй уласнай бяспекі. Але мы ведаем, што ў гэтай краіне адсутнасць бяспекі ідзе менавіта ад паліцыі, менавіта яны прымушаюць мяне адчуваць сябе небяспечна», – сказаў ён.

4 жніўня 2022 года ўрадавыя агенты не дазволілі Альварэсу выйсці з дому, каб адслужыць Імшу ў катэдры Святога Пятра. Фактычна ён апынуўся пад хатнім арыштам. 13 снежня яму выставілі абвінавачанне ў змове «з мэтай падрыву нацыянальнай цэласнасці і распаўсюджвання ілжывых навін з дапамогай інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій на шкоду дзяржаве і нікарагуанскай супольнасці».

9 лютага 2023 года Альварэс разам з яшчэ 222 палітвязнямі, у тым ліку чатырма святарамі, дыяканам і двума семінарыстамі, мусіў быць дэпартаваны з Нікарагуа ў ЗША. Але біскуп адмовіўся і на наступны дзень быў абвешчаны здраднікам, пазбаўлены грамадзянства і асуджаны да 26 гадоў турэмнага зняволення.

“Я малюся за іх і за ўсіх тых, хто пакутуе ў гэтай дарагой краіне, і прашу аб вашай малітве”, – адрэагаваў Папа Францішак 12 лютага на прысуд і дэпартацыю.

У сваю чаргу нікарагуанскі кардынал Леапольда Брэнэс заклікаў суайчыннікаў да міласэрнасці, прабачэння і малітвы за біскупа Альварэса, “каб Пан даў яму сілу і праніклівасць ва ўсім, што ён можа зрабіць”. “Калі законы скажаюць, калі сёння мы маем сітуацыю, зусім адрозную ад Божага ладу мыслення, Пан заклікае нас: “Прабач, памірыся з братам”, – сказаў ён падчас нядзельнай Імшы.

Біскуп Альварэс утрымліваецца ў турме Ла Мадэла. У пачатку ліпеня рабіліся спробы для яго вызвалення, але перамовы праваліліся.

Разрыў стасункаў з Ватыканам

Прыпыніла Нікарагуа і дыпламатычныя стасункі з Ватыканам, хоць той неаднаразова заклікаў да “дыялогу як незаменнага інструменту дэмакратыі і гаранта больш гуманнай і братэрскай цывілізацыі”, “да агульнага дабра і міру”.

Яшчэ ў ліпені 2018 года на Апостальскага нунцыя ў краіне Вальдэмара Зомертага, кардынала Брэнэса і біскупа Баэса напалі ўзброеныя прыхільнікі ўладаў. 18 лістапада 2021 года ўрад Нікарагуа скасаваў пасаду “дэкана дыпламатычнага корпуса”, якую з 2000 года займаў прадстаўнік Святога Пасаду. А ў сакавіку 2022-га ўлады краіны адклікалі зацвярджэнне арцыбіскупа Зомертага ў якасці Апостальскага нунцыя і запатрабавалі ад яго неадкладна пакінуць краіну. Святы Пасад назваў гэты захад “незразумелым” і “неабгрунтаваным”, нагадаўшы, што нунцый удзельнічаў у нацыянальным дыялогу паміж уладай і апазіцыяй.

17 сакавіка 2023 года Апостальская нунцыятура ў Нікарагуа была ўвогуле зачыненая, а часовы павераны ў справах Святога Пасаду на патрабаванне нікарагуанскіх уладаў пакінуў краіну і пераехаў у Коста-Рыку. За некалькі дзён да гэтага Папа Францішак рэзка раскрытыкаваў Артэгу: “У турму пасадзілі біскупа, вельмі сур’ёзнага і здольнага чалавека. Ён захацеў даць сведчанне і адмовіўся ад высылкі. Гэта нешта архаічнае, гэта як вяртанне камуністычнай дыктатуры 1917 года ці дыктатуры Гітлера 1935 года”.

Мансеньёр Дыюф падчас развітання з дыпламатамі краіны ЕС

Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН арцыбіскуп Фартунатас Нвачукву падчас пасяджэнняў 6-8 сакавіка ў Жэневе выказаў глыбокую занепакоенасць у сувязі з ростам гвалту і скарачэннем магчымасцяў для дыялогу і перамоваў паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю і заклікаў “пераадолець варожасць і шукаць магчымасці для канструктыўнага дыялогу паміж бакамі, закладваючы аснову для вяртання да мірнага суіснавання, заснаванага на павазе годнасці і правоў усіх людзей”.

Выгнанне ордэнаў і закрыццё каталіцкіх медыяў

Але мірнага суіснавання не атрымліваецца. Сёлета ўлады Нікарагуа забаранілі правядзенне ў краіне ўсіх працэсій у Вялікую пятніцу. Сярод жа тых, хто сабраўся ля катэдры Манагуа на набажэнства Крыжовага шляху, 17 чалавек былі арыштаваныя. Аднаго святара перад Вялікаднем проста выслалі з краіны. Забараняліся і іншыя каталіцкія святкаванні. Хаця ўлады і зрабілі выключэнне для свята святога Дамініка ў Манагуа, бо на гэты фэст прыходзіць шмат людзей піць алкаголь і забаўляцца. Паводле даследчыкаў, чыноўнікі імкнуцца не паведамляць пра забароны пісьмова, а робяць гэта праз «візіты ветлівасці».

Артэга закрыў у Нікарагуа тры каталіцкія тэлеканалы, дзевяць каталіцкіх радыёстанцый ды пераследуе манаскія супольнасці. У ліпені 2021 года з Нікарагуа выслалі 18 «Місіянерак Любові», заснаваных Маці Тэрэзай з Калькуты. Пасля іх надышла чарга «Сясцёр Крыжа Найсвяцейшага Сэрца Езуса» і сясцёр-трапістак. Таксама былі канфіскаваныя кляштары і выгнаныя законніцы, што паходзілі з замежжа.

«З 2022 па 2023 гады 65 законніц былі выгнаныя, а яшчэ шасці чальцам розных рэлігійных кангрэгацый быў забаронены ўезд – агулам гэта 71 чалавек», – паведаміла 29 ліпеня 2023 года Марта Маліна, аўтарка справаздачы «Нікарагуа: Касцёл, які пераследуецца?»

Паводле яе, пацярпелі дзесяць рэлігійных супольнасцяў. Апроч згаданых вышэй, гэта дамініканскія «Сёстры Звеставання», «Бедныя сёстры Езуса Хрыста» і яшчэ пяць супольнасцяў, якія не называюцца з меркаванняў бяспекі.

18 мая 2023 года нікарагуанскія СМІ паведамілі пра закрыццё Каталіцкага ўніверсітэта Беззаганнага Зачацця ў Манагуа, які быў адкрыты ў 2011 годзе і навучаў семінарыстаў з розных дыяцэзій Цэнтральнай Амерыкі. Міністэрства ўнутраных спраў заявіла пра яго добраахвотны роспуск. 19 жніўня зачынілі яшчэ адну каталіцкую ВНУ – Цэнтральнаамерыканскі ўніверсітэт у Манагуа, які ўлады краіны абвінавацілі ў тэрарызме і маёмасць якога загадалі канфіскаваць. Універсітэтам з 1960 года кіравалі езуіты. За ўніверсітэт заступіўся айцец Артура Соса, генеральны настаяцель Таварыства Езуса. У сваім пасланні ён назваў абвінавачванні супраць універсітэта цалкам фальшывым і беспадстаўным паклёпам і падкрэсліў, што кіраўніцтву было адмоўлена ў праве на абарону. Генерал ордэна запатрабаваў спыніць агрэсію супраць універсітэта і яго супрацоўнікаў, адкрыўшы «шляхі для дыялогу», заснаваныя «на праўдзе, свабодзе і праве моладзі і ўсяго народа Нікарагуа на якасную адукацыю». Пасля гэтага ўлады краіны скасавалі прававы статус езуітаў у Нікарагуа і загадалі канфіскаваць усю іх маёмасць.

У сваёй заяве Цэнтральнаамерыканская правінцыя Таварыства Езуса адзначыла, што захады ўладаў накіраваныя на “поўнае ўсталяванне таталітарнага рэжыму”. Адказнымі за гэта былі названыя прэзідэнт і віцэ-прэзідэнт.

Пераслед Касцёла з боку ўлады Нікарагуа прымае таксама іншыя формы. У канцы мая пачалося замарожванне сродкаў на банкаўскіх рахунках усіх касцельных устаноў, у тым ліку дыяцэзій, парафій і адукацыйных структур. Апраўдвалася гэта абвінавачваннямі Касцёла ў адмыванні грошай і ў ажыццяўленні “злачыннага перамяшчэння сродкаў», якія нібы “трапілі ў краіну нелегальна”.

Паводле іспанамоўнага каталіцкага агенцтва ACI Prensa ад 22 жніўня, каталіцкія парафіі ў Нікарагуа знаходзяцца пад назіраннем 24 гадзіны. Як тлумачыць Маліна, католікі могуць удзельнічаць у імшы і здзяйсняць сакраманты, «але за імі заўсёды сочаць», а казанні святароў заўсёды запісваюцца. І тых, хто згадвае біскупа Альварэса, “неадкладна наведвае паліцыя”.

Агулам, піша папскі фонд “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”, пераслед Касцёла ў Нікарагуа “мае палітычную, а не рэлігійную матывацыю”. А “перспектывы правоў чалавека, у тым ліку свабоды веравызнання, выклікаюць глыбокую трывогу і негатыўныя”.

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку