У Навагрудку прайшлі святкаванні 400-гадовага юбілея касцёла

28-29 верасня ў Навагрудку адбыліся ўрачыстасці з нагоды святкавання 400-годдзя касцёла Арханёла Міхала. На працягу кульмінацыйных двух дзён святкавання, была разнастайная духоўная, адукацыйная і культурная праграма.

Урачыстасць распачалася ў суботу з Навагрудскіх гістарычных чытанняў прысвечаных гісторыі касцёла Арханёла Міхала ў Навагрудку і дзейнасці айцоў дамініканцаў. Свае даклады прачыталі навуковы супрацоўнік музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку, спадар Мікалай Гайба і  кандыдат гістарычных навук, выкладчык катэхетычнага каледжа імені Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах, спадарыня Раіса Зянюк. Дадзенае адукацыйнае мерапрыемства сабрала вялікую колькасць зацікаўленых гісторыяй слухачоў.

Пасля гістарычных чытанняў адбылася ўрачыстая Эўхарыстыя, якую ўзначаліў біскуп Уладзімір Гуляй, новапрызначаны ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі. У казанні пастыр наблізіў постаць арханёла Міхала і неабходнасць пастаяннай духоўнай барацьбы з кожным грахом і злом. Падчас св. Імшы, была урачыста асвечана фігура Маці Божай, якую ў дар прынеслі члены малітоўнага руху “Маці ў малітве” і якія на працягу некалькіх дзён, з усёй Беларусі, мелі з’езд у Навагрудку і перажывалі рэкалекцыі.

А 17-й гадзіне першага дня святкавання адбылося ўзнагароджванне намінантаў гістарычнай онлайн віктарыны і конкурса малюнка, з Навагрудка і Навагрудскага раёна ў якіх  прынялі ўдзел больш каля 70-ці дзяцей і падлеткаў. Пераможцам першага, другога і трэцяга былі ўручаны памятныя падаркі, а ўсім удзельнікам памятныя сувеніры.

Вечарам таго ж дня адбыўся ўрачысты канцэрт дзіцячага хора, а таксама некалькіх інструментальных калектываў з Навагрудскай раённай школы мастацтваў.

29 верасня ў патранальную ўрачыстасць Арханёла Міхала, 50 вернікаў з розных мясцін Беларусі, на святой Імшы ўрачыста прынялі шкаплер Святога Арханёла Міхала, знак асаблівага заступніцтва князя нябесных войскаў. Сваім спевам ранішнюю св. Імшу ўпрыгожыў вакальна-інструментальны гурт “Рыбы”. Апоўдні, адбылася ўрачытая Эўхарыстыя, якую ўзначаліў а. Анатоль Ярошка OFMCap, дырэктар карытас Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі. У св. Імшы прыняла вялікая колькасць гасцей з усёй краіны, а сваім спевам Найсвяцейшую Ахвяру Езуса Хрыста ўпрыгожыў хор “Verum Cantus” з Мінска, які адзначае сёлета круглую дату – сваё 20-годдзе. Пасля св. Імшы адбылася ўрачыстая працэсія і цырымонія ўзнагароджвання памятнымі знакамі і сувенірамі сяброў парафіі і вернакаў, якія прымаюць актыўны ўдзел ў жыцці парафіі.

Апошні святочны дзень завершыўся пазнавальнай экскурсіяй са знаёмствам экспазіцыі па арганабудаванні і праслухоўванне гістарычнага аргана ў касцёла Арханёла Міхала.

Мерапрыемствы прымеркаваныя юбілею 400-годдзя касцёла, будуць праходзіць на працягу ўсяго 2024 года.

Дамінік Запаснік, тэкст;

Марына Валасар і Карына Вальшонак, фота.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі