22 сакавіка з нагоды нядаўнай урачыстасці святога Юзафа жанчыны парафіі святога Антонія ў Мар’інай Горцы зладзілі для мужчын адмысловае мерапрыемства. Пасля святой Імшы для іх адбыўся невялікі інтэрактыў пад назвай «Святы Юзаф: мужнасць у цішыні».
Падчас акцыі ўдзельнікі вялі гаворку і адказвалі на пытанні віктарыны пра працавітага, шчырага і маўклівага Юзафа.
За кожны правільны адказ каманда забівала ў дошку цвічок, такім чынам фіксуючы свае дасягненні ў спаборніцтве.
Кожны паспрабаваў пабыць у «Юзафавай цішыні» і прыслухацца да сябе, каб задаць хвалюючае пытанне майстру з Назарэта.
Сустрэча адбывалася амаль у сапраўднай майстэрні. Пах дрэва, цяслярскія інструменты, гук малатка па цвіках дадавалі атмасфернасці.
Прадстаўнікі мужчынскай часткі парафіі разважалі, як цішыня дапамагае нам сёння пачуць волю Бога, а фізічная праца фарміруе асобу і характар.
Напрыканцы імпрэзы прысутныя памаліліся праз заступніцтва святога Юзафа і атрымалі невялічкія падарункі звязаныя з фізічнай працай: малаток, рукавіцы, мыла. Завяршылася сустрэча цёплай размовай за гарбатай з пачастункамі.
Інструментальны фон дня складалі гукі лютні і аргана.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!

