У маі Ватыканскія музеі запрашаюць на адмысловыя экскурсіі па папскіх садах, якія спалучаюць мастацтва, прыроду і глыбокую пашану да Найсвяцейшай Панны Марыі.
Традыцыйны месяц, прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі, сёлета напаўняецца новым духоўным і культурным зместам праз ініцыятыву «Май з Марыяй у Ватыканскіх садах».
Гэтая прапанова, якая стала часткай цыкла «Мастацтва і вера», дазваляе вернікам і турыстам адправіцца ў сапраўднае паломніцтва па зялёным цэнтры папскай дзяржавы. Тэрыторыя сада займае амаль палову плошчы Ватыкана, з’яўляючыся ідэальным месцам для сузірання і адпачынку ад гарадской мітусні.
На маршруце паломнікаў чакае больш за сорак мастацкіх вобразаў Багародзіцы.
Як паведамляюць Ватыканскія музеі, на працягу мая па серадах і суботах кожны жадаючы можа адкрыць для сябе, як на працягу стагоддзяў Пантыфікі ўшаноўвалі Марыю.
Сярод батанічных і артыстычных скарбаў вылучаецца рэканструкцыя грота аб’яўленняў у Лурдзе, пабудаванага ў часы кіравання Льва XIII і Пія X. Гэтае месца з’яўляецца цэнтральным пунктам марыйнага культу ў садах. Непадалёк знаходзіцца скульптура Маці Божай Фацімскай, усталяваная ў 1983 годзе па волі святога Яна Паўла II як вотум удзячнасці за выратаванне жыцця пасля замаху.
Сцежкі сада адлюстроўваюць шматграннасць касцельнай традыцыі. Каля верталётнай пляцоўкі месціцца фігура Маці Божай Чэнстахоўскай, падораная манахамі-паўлінамі ў 1994 годзе. Таксама сярод зеляніны можна сустрэць мазаіку Маці Божай Добрай Рады, якую асабліва шануе Ордэн аўгусцтынцаў – менавіта з гэтай манаскай супольнасці выводзіцца Папа Леў XIV.
Гэты марыйны шлях з’яўляецца цалкам інклюзіўным і даступным для кожнага.
Музеі падкрэсліваюць, што вандроўка распрацавана для самай шырокай аўдыторыі, уключаючы сем’і з дзецьмі старэйшымі за шэсць гадоў.
Асаблівая ўвага нададзена даступнасці: маршрут на італьянскай і англійскай мовах цалкам адаптаваны для людзей з сэнсарнымі, рухальнымі або інтэлектуальнымі абмежаваннямі.
Каб стаць удзельнікам гэтага майскага падарожжа, дастаткова папярэдне запісацца праз электронную пошту: accessibilita.musei@scv.va.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
